Беларуская спадчына праз прызму шкла
Любы сапраўдны знаўца мастацтва і жывапісу не зможа прайсці абыякава побач з каштоўнай карцінай. Ацэніць і стваральніка, і асаблівасці мазкоў, тонаў, фарбы… Што ён скажа пра... карціну са шкла? Тут няма ні фарбаў, ні рэльефу, але па прыгажосці шкляныя палотны не саступяць любому іншаму твору мастацтва.
Вясну ў сядзібе М.К. Агінскага сустрэлі адкрыццём новай выставы карцін са шкла Аляксандра Зубрыцкага. На адкрыцці прысутнічалі Барыс Цітовіч (сваяк і добры сябра аўтара) са сваей жонкай. На выставе прадстаўлены работы, якія з'яўляюцца вынікам больш чым 20-цігадовай творчай працы ўрача i мастака.
На жаль, сам аўтар ў 2016 годзе адышоў з гэтага свету. Дзякуючы незвычайнай тэхніцы, якая не мае аналагаў у сусветнай практыцы, карціны Аляксандра Зубрыцкага адсвечваюць у промнях святла незвычайным, быццам незямным бляскам.
Аляксандр Зубрыцкі нарадзіўся ў 1932 годзе ў сям'і выхадцаў з Магілёўшчыны. Беларус, па спецыяльнасці ўрач-афтальмолаг, кандыдат медыцынскіх навук. Скончыў Мінскі Дзяржаўны медыцынскі інстытут ў 1956 годзе.
Пасля атрымання дыплома быў накіраваны на працу ў бальніцу горада Вілейка, размешчанага на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі. Аўтар пазнаёміўся з калектывам урачоў і сярэдняга медыцынскага персаналу, якія атрымалі адукацыю ў Польшчы. Прафесіяналізм і культура палякаў, якія працавалі там, аказалі на маладога ўрача моцны ўплыў. За час трохгадовай сумеснай працы вывучыў польскую мову, бліжэй пазнаёміўся з цікавай і вельмі цяжкай гісторыяй Польшчы. Адначасова шмат цікавіўся месцамі на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага, якія прадстаўляюць асаблівую гістарычную цікавасць.
На працягу апошніх 20-ці гадоў Аляксандр Зубрыцкі на сваіх карцінах-мазаіках, выкананых з каляровага шкла, увекавечыў фрагменты тых месцаў.
Пазнаёміцца з выставай “Віленскі каларыт” і здзейсніць віртуальнае падарожжа ў розныя куткі Заходняй Беларусі, ўбачыць велічныя каталіцкія храмы, ацаніць іх прыгажосць і разнастайнасць можна ў зімовай аранжарэі М.К. Агінскага.
Алеся Шунько