Конкурс талентаў “Песня для Еўрабачання” ў Залессі

25.12.2017 19:18Views:
“Як прыемна правесці першую палову суботняга дня з вамі…” Такімі цёплымі словамі сустракала ўдзельнікаў конкурсу “Песня для Еўрабачання”, які адбыўся 16 снежня ў Залескай школе, Ганна Уладзіміраўна Джумкова, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. 

Конкурс талентаў праводзіцца ва ўстанове адукацыі ў другі раз.Чакалі яго дзеці, бацькі, настаўнікі, чакалі з хваляваннем і прадчуваннем нечага незвычайнага. Створаны творчыя візіткі, падрыхтаваны касцюмы і дэкарацыі, адпрацаваны кожны рух на шматлікіх рэпетыцыях. На нейкі момант невялікае памяшканне школьнай сталоўкі ператварылася ва ўтульны зялёны пакой, дзе кожная каманда балельшчыкаў сур’ёзна збіралася даказаць усім прысутным, што прадстаўнік  менавіта іх краіны  самы лепшы.

Гнілазуб Андрэй, Ліс Настасся, Гнілазуб Аляксандра, Копач Ганна-Марыя, Кенько Мілана, Кохан Павел,  дуэты: Зімагляд Ульяна і Мацаль Таццяна, Шып Алеся і Радзіеўская Таццяна. Восем выступоўцаў, восем талентаў, восем краін свету…Усе яны аматары музыкі, кожны з іх імкнецца стварыць свой імідж у музычнай прасторы, паланіць сэрцы гледачоў.

Абаяльныя вядучыя на рускай і англійскай мовах абвяшчаюць пачатак. Дзве  гадзіны еднасці славянскіх моў, яднання краін Еўропы, музычнай асалоды! Усё, як у сапраўдным Еўрабачанні. Шоу адбылося!

Пакуль кампетэнтнае журы ў складзе Джумковай Г.У., мастацкага кіраўніка “Смаргонскага раённага цэнтра культуры” Кавальскага І. У., работніка Залескага Дома культуры Ліс А.У., педагога музычнай школы Булавай А.У. і дырэктара ўстановы адукацыі Грудзіна К.В. рабіла свой нялёгкі выбар, у гледачоў была магчымасць зрабіць свой, апусціўшы ў скрыню для галасавання сцікер з нумарам спадабаўшагася выступоўцы.   

Мілагучнасць украінскай мовы, нацыянальныя касцюмы, сапраўдны артыстызм выканання  не пакінулі раўнадушнымі нікога, і прыз сімпатый гледачоў атрымала вучаніца 11 класа Копач Ганна-Марыя  з песняй на ўкраінскай мове “8-ый колір”. Яна ж атрымала Дыплом ІІ ступені па выніках галасавання журы. Дыплом ІІІ ступені атрымала  вучаніца 6 класа Гнілазуб Аляксандра з песняй “А я стамілася”. Ва ўменні рухацца на сцэне, перадаваць свой настрой і эмоцыі слухачам ёй не было роўных.  

Безумоўнай пераможцай конкурсу “Песня для Еўрабачання” стала вучаніца 4 класа Кенько Мілана з песняй “Мая гармонь”. Моцны вакал, крэатыўнасць, спецэфекты падчас выканання нумара і падтрымка аднакласнікаў. Дыплом І ступені Мілана  атрымлівае ў другі раз. Ужо некалькі гадоў дзяўчынка прафесійна займаецца вакалам, з’яўляецца салісткай узорнай вакальнай групы эстраднай песні "Радасць" цэнтра творчасці  дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам Веранікі Францаўны Бурынскай.

У нашай установе адукацыі праходзіць шмат цікавых мерапрыемстваў суботняга дня, а конкурс талентаў “Песня для Еўрабачання” стаў  не толькі традыцыйным, але і самым чакаемым  і запатрабаваным мерапрыемствам  адыходзячага года.

 Наталля Сідарава , настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Залескіх ясляў-сада—сярэдняй школы

Каментаваць