Этнаграфічная экспазіцыя распачалася ў раённым Доме рамёстваў у Залессі
“Адкуль нашы карані?” – этнаграфічная выстава пад такой назвай створана ў раённым Доме рамёстваў, што ў аг. Залессі. На прэзентацыю экспазіцыі сабраліся работнікі сферы культуры, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі.
Аб тым, якім чынам экспанаты трапілі на гэту эксклюзіўную выставу расказала загадчык Дома рамёстваў Таццяна Зяновіч. Яна апавядала пра мясцовых майстроў і прыхільнікаў даўніны, што захоўвалі многія рарытэтныя рэчы, зробленыя рукамі іх таленавітых продкаў.
На экспазіцыі прадстаўлены ручнікі, посцілкі, вышыванкі, настольнікі, лубкі для збожжа, керамічныя вырабы, кошыкі і іншыя рэчы. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ганна Джумкова, звяртаючыся да прысутных на роднай мове, выказала слушную думку, што ў самаробных старажытных рэчах захоўваецца энергетыка багатай культуры нашага народа і захоўваць яе, перадаваць у спадчыну наступных пакаленням – святы абавязак кожнага грамадзяніна.
Майстар-клас па пляценню кошыка правёў Аляксандр Мусскі. Упрыгожылі прэзентацыю народныя аўтэнтычныя спевы ад артыстаў раённага Цэнтра культуры і адпачынку.
Ала КЛЕМЯНОК, "Светлы шлях"
Фота аўтара