Памерла 106-гадовая прапраўнучка М.К. Агінскага Ізабэла Зялінская

23.11.2017 23:14Views:
Калі не дапускаць у сваё жыццё прыток свежай інфармацыі, то яно набывае скажоны выгляд у вачах чалавека. Гэта датычыць не толькі пабытовай сферы, але і гісторыі. Ужо больш за 20 гадоў увага беларускай супольнасці аматараў Міхала Клеафаса Агінскага прыкавана толькі да матэрыялаў, прадастаўленых у 1990-я гады нашчадкамі Агінскага з Англіі – музыкантаў Іва і Анджэя Залускіх... 

У Беларусі выдаваліся і перавыдаваліся іх кнігі, а ў гэты самы час ужо ў 1986 і 1993 гадах у суседняй Польшчы выйшлі ў свет не менш каштоўныя ўспаміны польскіх нашчадкаў Агінскага, заснаваныя на сямейных архівах, перапісцы дачкі Эмы Агінскай з бацькам і сястрой Амеліяй.  Кнігі ўтрымліваюць апісанні замужняга жыцця дзвюх гэтых сясцёр і ўсіх іх шматлікіх нашчадкаў, багата ілюстраваны фатаграфіямі з сямейных архіваў. Аўтары гэтых кніг дасюль жывуць у Польшчы: аўтар кнігі “Расказалі старыя лісты” Іеранім Высоцкі, 1929 года нараджэння, былы перакладчык тэхнічнай літаратуры, жыве ў Кракаве, а яго далёкі сваяк Анджэй Квілецкі, 1928 года нараджэння, аўтар дакументальнай кнігі “Залускія ў Івонічы” і прафесар сацыялогіі, жыве ў Познані. Думаю, што хутка дойдзе чарга і да выдання гэтых кніг у Беларусі. Я ўжо магу прапанаваць смаргонцам некаторыя найбольш цікавыя звесткі з гэтых кніг ва ўласным перакладзе.

 

А два гады назад мы ўсе маглі быць сведкамі візіту ў Залессе, на ўрачыстасць адкрыцця музея Міхала Клеафаса Агінскага, музычнай сям’і нашчадкаў Міхала Клеафаса – Зыгмунта, Лідзіі і Анны Зялінскіх з Познані. Зялінскія паходзяць з лініі прамых нашчадкаў найстарэйшай дачкі М.К. Агінскага – Амеліі (1803-1858). Сям’я гэтая настолькі неардынарная, што пра кожнага з яе членаў можна расказваць доўга і змястоўна, як, зрэшты, пра многіх вядомых нам нашчадкаў Міхала Клеафаса Агінскага.

Зялінскія ведалі і ведаюць пра сваё славутае радство з Міхалам Клеафасам, але не робяць з гэтага аніякага прэцэдэнту для прыцягнення да сябе публічнай увагі. Я сама чула, як самая маладая з Зялінскіх - саракагадовая скрыпачка Анна - тлумачыла журналістам: "Я не павінна выкарыстоўваць імя Агінскага як прыступку ў сваёй кар'еры, а імкнуся САМА заслужыць прызнанне публікі і займець уласны і адметны імідж у музычным мастацтве". Відаць, яна развівае тут маральныя каштоўнасці сваёй сям'і, бо яе маці, кампазітар Лідзія Зялінская, ужо даўно ідзе ў музыцы непратораным шляхам, з'яўляючыся заснавальніцай плыні польскай электраакустычнай музыкі. Яна кіруе адпаведнай студыяй у Познаньскай Акадэміі Музыкі, да нядаўняга часу была намеснікам старшыні Саюза польскіх кампазітараў. Яе музычныя творы выконваліся на музычных фестывалях у некалькіх дзясятках краін Еўропы, Азіі і абедзьвюх Амерык, у тым ліку традыцыйна выконваюцца на агульнапольскім фестывалі "Польская музычная восень".

На мінулым тыдні Лідзія Зялінская ў якасці музычнага педагога і аўтара шматлікіх электраакустычных твораў зноў прыяжджала ў Беларусь, каб правесці майстар-клас перад студэнтамі і выкладчыкамі Мінскага музычнага каледжа імя М. Глінкі, паўдзельнічаць у сумесных канцэртах. На адным з яе канцэртаў пабывала і я разам з мінскімі і маладзечанскімі знаўцамі гісторыі і музыкі Міхала Клеафаса Агінскага. Мы пагутарылі і сфатаграфаваліся на памяць. Лідзія паспела сказаць, што яна задаволеная візітам і што яе не перастае здзіўляць вялікая папулярнасць імя і творчасці Міхала Клеафаса Агінскага ў Беларусі. Мне здаецца, што гэта не апошні візіт прадстаўнікоў сям'і Зялінскіх у Беларусь, мяркуючы па выніках іх творчых кантактаў.

Дачка Зялінскіх Анна ў гэты час вярталася дамоў з музычных гастроляў у Англіі. Анну запрашаюць як салістку многія аркестры свету. За два гады нашай перапіскі ў мяне склалася ўражанне, што Анна рэдка бывае дома і ўвогуле ў Польшчы. Яна адказвае на мае пісьмы то з Аўстраліі, то з Бразіліі, то з Італіі. Нават фларэнтыйскі сабор Санта Крочэ, дзе пахаваны Міхал Клеафас, Анна сфатаграфавала па-асобаму, па-свойму, падмеціўшы настрой навакольных людей.

Анна - сапраўдны саліст-віртуоз, мяркуючы па яе міжнароднай запратрабаванасці. У 2000-2007 гг. яна іграла ў Аркестры Баварскага радыё, якім тады кіраваў СЛАВУТЫ Мсціслаў Растраповіч, які ў той час прабываў у вымушанай эміграцыі ў Германіі. Анна двойчы была лаўрэаткай творчай стыпендыі міністра культуры Польшчы, а з 2006 г. з'яўляецца членам Польскага Таварыства электраакустычнай музыкі, г.зн. цесна супрацоўнічае з маці, часта выконвае яе творы.

Галава сям’і - Зыгмунт Зялінскі - адзін з пяці дзяцей Ізабэлы і Багдана Зялінскіх, нарадзіўся ў 1948 г. Сваю музычную адукацыю ён пачынаў з навучання ігры на фартэпіяна. Навучала яго, натуральна, маці, якая была ў свой час выдатнай канцэртуючай піяністкай і выступала па радыё з выкананнем класічных твораў. За час сваёй музычнай кар'еры Зыгмунт працаваў віяланчэлістам і канцэртмайстрам аркестра Познаньскай філармоніі, а таксама быў ўдзельнікам вядомага ў Польшчы камернага аркестра пад кіраўніцтвам А. Дучмаль. Супрацоўнічаў і з іншымі аркестрамі, у тым ліку з аркестрам "Амадэус" Польскага Радыё, разам з ім удзельнічаў у шматлікіх музычных турнэ па ўсіх кантынентах. З аркестрам "Амадэус" Зыгмунт Зялінскі быў звязаны да апошняга часу.

Найстарэйшы член сям'і - гэта маці Зыгмунта, Ізабэла Зялінская. 2 снежня ёй павінна было споўніцца 107 гадоў. Яшчэ 2 гады назад яна з цікавасцю прагледзела наша відэавіншаванне ў сувязі са 105–й гадавінай свайго нараджэння і была прыемна ўражана навіной адкрыцця ў Залессі музея-сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага. Да апошняга часу яна досыць добра сябе адчувала, але сёлетні год быў для праўнучкі Амеліі Агінскай незычлівым. У панядзелак 20 лістапада 106-гадовай Ізабэлы Зялінскай не стала. Мінулай ноччу ад Анны Зялінскай прыйшоў вось такі электронны ліст: "Каханая Пані Таццяна! На жаль, сёння мы хочам падзяліцца з Вамі сумнай весткай - учора, 20 лістапада, ва ўзросце 106 гадоў, памерла мая Бабуля Ізабэла Зялінская. Калі высветліцца дата пахавання, я абавязкова Вам напішу. Хутчэй за ўсё, пахаванне адбудзецца ў канцы будучага тыдня ў Касцяне...". Як блізка знаходзяцца ў нашым жыцці радасць і слёзы, музыка і смерць! Я спяшаюся хаця б сёння нагнаць страчаны час і расказаць смаргонскаму чытачу пра гэтую годную прапраўнучку Міхала Клеафаса Агінскага:

Нарадзіўшыся ў 1910 годзе ў маёнтку бацькі – Клімкуўцы, дзе яе бацька, памешчык Станіслаў Асташэўскі (1862-1915) захоўваў музычныя традыцыі свайго роду (у дамашнім інструментальным трыо ён іграў на віяланчэлі, яго сын Адам на скрыпцы, а другі сын, Казімір, на фартэпіяна), Ізабела з ранняга дзяцінства праявіла выдатныя музычныя здольнасці. Бацькі стараліся развіваць іх, наймаючы найлепшых настаўнікаў музыкі, а падчас вучобы дачкі ў львоўскім ліцэі сясцёр-уршулянак плацілі за яе дадатковыя музычныя заняткі. Ізабела вывучала музыку і падчас вучобы ў рэлігійным інстытуце ў Бельгіі, які яна скончыла з залатым медалём і дыпломам за ігру на фартэп’яна перад камісіяй каралеўскіх кансерваторый Антверпена і Бруселя. Вярнуўшыся на радзіму, Ізабела стала вывучаць музыкалогію ў Вроцлаўскім універсітэце, адначасова выступала з ігрой на фартэп’яна на варшаўскім, кракаўскім і вроцлаўскім радыё, на розных сцэнах у Польшчы і за мяжой. Каб не абцяжарваць замежнага слухача вымаўленнем свайго досыць доўгага славянскага прозвішча, яна ўзяла сцэнічны псеўданім – “Іза Астоя” – паводле назвы бацькоўскага шляхецкага герба. Другая сусветная вайна перапыніла яе вучобу ў універсітэце.

У час вайны Ізабела займалася тайным навучаннем моладзі ігры на фартэпіяна. У 1942 годзе яна выйшла замуж за Багдана Зялінскага (1899-1988) і пасялілася з ім у гарадку Касцян каля Познані. Пасля вайны дабілася права выкладаць музыку ў сярэдніх і вышэйшых музычных школах. Зноў выступала з канцэртамі, іграла на фартэп’яна ў суправаджэнні сімфанічных аркестраў.  У 1950 годзе стала адной з заснавальніц Вялікапольскай музычнай студыі ў Познані (установы для павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў музыкі) і ўдзельнічала ў стварэнні яе праграм навучання. Адначасова актыўна навучала ігры на фартэпіяна моладзь з ваколіц Касцяна. За час сваёй працоўнай дзейнасці яна выпусціла звыш 200 вучняў, многія з якіх сталі прафесійнымі музыкантамі. У 1983 годзе Ізабела Зялінская выйшла на пенсію, але працягвала жыць музыкай. Разам з мужам Багданам яна пераклала з нямецкай мовы на польскую падручнік прафесара музыкі Браніслава Пазняка “Азбука піяніста” і распрапагандавала яе сярод педагогаў і вучняў. Сочыць за поспехамі сваіх вучняў і навінамі музыкі.

У шлюбе Ізабелы і Багдана Зялінскіх нарадзілася 5 дзяцей:

Браніслава (1944-1993), піяністка і акардэаністка, выкладчыца Касцянскага музычнага ліцэя;  Мечыслаў, 1945 г.нар., архітэктар і таленавіты музыкант-аматар; Зыгмунд, 1947 г.нар., музыкант-аматар, у шлюбе з кампазітарам Лідзіяй Рыдлевіч;  Бажэна, 1948 г.нар., супрацоўніца турыстычнага бізнесу; Тадэвуш, 1951 г.нар., выкладчык музыкі ў Касцянскім музычным ліцэі і Познаньскай музычнай акадэміі. Атрымліваецца, што з пяці дзяцей Ізабэлы Зялінскай чацвёра – прафесійныя музыканты. Пра іх дзейнасць таксама можна шмат пісаць. З ліку ўнукаў Ізабелы яе прафесію працягвае і ўнучка Агнешка Зялінская – варшаўская піяністка, гітарыстка, кампазітар, аранжыроўшчыца і харавы дырыжор, з якой таксама нашым музыказнаўцам таксама варта было завязаць творчыя кантакты. 

У 1991 г. Ізабэла Зялінская стала лаўрэатам Творчай узнагароды горада Касцяна, а пазней атрымала больш буйныя дзяржаўныя ўзнагароды: Сярэбраны медаль Глорыя Арціс і Залаты Крыж за заслугі ў культуры Польшчы. Яна ганаровая жыхарка горада Касцяна ў Вялікапольскім ваяводстве.

Я прывяла толькі самыя асноўныя звесткі з жыцця Ізабэлы Зялінскай і яе музычнай сям’і. Няхай гэты артыкул будзе ёй некралогам і адначасова словамі захаплення той жыццёвай сілай, якая крыецца ў нашчадках нашага славутага Міхала Клеафаса.

Таццяна Кляшчонак

Каментаваць