Яшчэ адна цікавая знаходка з архіва князя Міхала
Страляць - дык ужо па ўсіх зайцах! Вось гэты дзіцячы вершык Амеліі Агінскай (1803-1858), старэйшай дачкі Міхала Клеафаса з другога шлюбу, таксама знайшоўся ў электронным архіве князя. Пра яе дасюль даводзілася чытаць толькі нічым не пацверджаныя выказванні накшталт "Яна было шматбакова адоранай ..."
Ну вось, цяпер мы маем магчымасць пераканацца, якога характару была паэтычная адоранасць Амеліі. У архіве знаходзяцца яшчэ два вершы Амеліі на французскай мове, але я не валодаю французскай мовай. Мая любімая - польская, можа таму сёння лёгка і хутка ўдалося зрабіць пераклад вось гэтага вершыка. Называю яго памяншальна, бо гэта дзіцячая ода маме і гарачай сястрынскай любові.
Амелія тут праяўляе творчую фантазію і дае сваёй уяўнай (ці сапраўднай?) сястры імя "Марыся", хаця на самой справе імёны малодшых сясцёр Амеліі былі Эма і Іда. Імя "Марыя" насіла маці Амеліі, але ў гэтай падмене імён не праглядаецца якая-небудзь сімволіка, а толькі фантазія маладой аўтаркі. Мяне падкупіла дзіцячае жаданне зліцца ў любові і з маці, і з сястрой, а дзеля гэтага рабіць нешта добрае, разумець і прабачаць. Я пазнала пэўныя свае дзіцячыя рысы, але сёння магу сказаць, што невядомыя прычыны не дазваляюць заўважаць падобнае за сабой і іншымі. "Придут времена и в людях охладеет любовь"?
Далучаю кавалачак біяграфіі Амеліі, узяты з успамінаў невядомага аўтара. Яна была маці 11 дзяцей і колькасць яе нашчадкаў у свеце налічвае сёння больш 100 чалавек. Я думаю, што тым нашчадкам, з якімі я знаёмая асабіста, я дашлю вершы іх прабабкі. А што б вы адчулі, калі знайшліся вершы ВАШАЙ прабабкі двухсотгадовай даўнасці?
Амелія Агінская
(верш, знойдзены ў архіве князя М.К. Агінскага)
Пераклад Таццяны Кляшчонак
Вось сонца ўсходзіць, пайду да мамы,
Каб часам Марыся не перагнала.
Аднолькава моцна мы маме адданы,
Так мама ўчора сама казала.
І што ж я бачу? Марыся ўжо ўстала
І ўжо трымае кошычак вішняў,
Пэўна, для мамы яна іх сабрала,
Мама яе перш да сэрца прыцісне.
Калі мяне стрэне няшчасце гэта,
Бойся, Марыся, я плакаць гатова,
І хоць да плётак не маю імпэту,
Здолею выдумаць злосныя словы.
Скажу, што не маеш літасці кроплі,
Што майго жалю хочаш напіцца,
Усе свае крыўды вылью паволі
І аж да ночы буду сварыцца.
Ах! Як парывіста ты, маё сэрца,
Судзіш Марысю, няздольную здрадзіць,
Так памыляецца і так злуецца,
Хто сам з сабой не ўмее парадзіць.
Яна ўжо блізка і ружы я бачу,
Сястра з руж вянок у руцэ трымае.
Выйду насустрач, няхай прабачыць,
Такой ніхто ў свеце сястры не мае!
Бо той вяночак сваімі рукамі
Звіла, каб мы разам занеслі маме!
Таццяна Кляшчонак