Знаходка, якая дапаможа адрадзіць раслінны свет сядзібы Агінскага ў Залессі

16.07.2017 23:41Views:
Не магу не падзяліцца сваёй знаходкай, якая мае асаблівую актуальнасць у цяперашні час, калі ў Залессі стартуе праект па рэканструкцыі сядзібнага парка. Магчыма, знойдзеныя звесткі дапамогуць рэканструктарам уключыць расліны са спісу Агінскага ў праект і паспрыяюць больш дакладнаму адраджэнню гістарычнага вобліка сядзібы. Знойдзены яны ў электронным архіве Міхала Клеафаса Агінскага. 

Гэты архіў, перададзены ў Беларусь з Масквы, утрымлівае шматлікія невядомыя нам дакументы і рукапісы на польскай і французскай мовах. Сярод іх аказаліся і сваеасаблівыя каталогі расліннасці сядзібы, складзеныя, хутчэй за ўсё, садоўнікамі маёнтка.

Пачынае гэтыя спісы вокладка дакумента, загаловак якой, па-мастацку зроблены на польскай мове гатычным шрыфтам, упэўнена  сцвярджае, што на наступных  старонках мы ўбачым пералік раслін у парку, цяпліцы, аранжарэі і гадавальніку князя Агінскага ў Залессі ў 1821 і 1822 гг. Дакумент уяўляе сабой пералік лацінскіх назваў раслін у алфавітным парадку з паметкамі, якія ўказваюць,  ці з’яўляюцца гэтыя расліны цеплалюбівымі, шматгадовымі або аднагадовымі, дрэўнымі ці не і ў якім месцы растуць. Спіс раслін за 1821 г. у параўнанні са спісам за 1822 г. з’яўляецца, відаць,  асноўным, бо ён больш абшырны, утрымлівае больш за тысячу назваў, а спіс за 1822 г. афіцыйна называецца дадаткам (суплементам) да першага спісу.

Ён утрымлівае толькі некалькі дзясяткаў назваў, відавочна, гэта нованабытыя расліны. Хочацца спадзявацца, што падобныя спісы складаліся ў Залессі кожны год і некалі таксама будуць знойдзены, бо паводле неўдакладненых звестак колькасць рэдкіх раслін у сядзібе М.К. Агінскага набліжалася да 14 тысяч назваў. Вядомыя ж дасюль звесткі аб расліннасці сядзібы датычылі больш за ўсё аранжарэі і тых цеплалюбівых фруктовых і ягадных раслін, якія там некалі даспявалі і падаваліся да стала: персікі, апельсіны, мандарыны, ананасы. У знойдзеных жа спісах знаходзяцца і кветкавыя, і пакаёвыя, і лекавыя, і экзатычныя расліны.

Спадзяюся, што аналіз спецыялістаў-батанікаў дасць магчымасць уявіць, як выглядаў раслінны свет сядзібы Агінскага ў найвышэйшы момант яе росквіту (нагадаю, што 1822 г. быў годам выезду М.К. Агінскага на пастаяннае жыццё ў Італію) і дасць адказ на пытанне, што ж давала падставу Агінскаму пісаць:  “Мая аранжарэя цудоўная і магла б скласці гонар імператарскай…”.

                                                                                     Таццяна Кляшчонак

 

 

 

 

 

 

Каментаваць