Мы прыехалі да цябе, Леанард…

01.07.2017 21:33Views:
Расказваць пра нядаўнюю паездку на магілу Леанарда Ходзькі, “залескага сакратара” Міхала Клеафаса Агінскага, у французскі горад Пуацье я пачну не з дарожных апісанняў і не з пераліку працоўных заслуг гэтага выдатнага захавальніка гісторыі Рэчы Паспалітай. Я хачу прыцягнуць вашу ўвагу да той з’явы, якая адбываецца на працягу апошніх гадоў, пасля стварэння музея Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі  (2015 г.). 

Гэтай з’явай ёсць працэс адраджэння справядлівай пашаны і добрай памяці не толькі пра Агінскага, але і пра людзей з яго блізкага і далёкага атачэння, працэс усё больш глыбокага пагружэння ў гісторыю сваёй зямлі. Таму што, вяртаючы з забыцця нейкую гістарычную асобу, мы абавязкова больш шырока знаёмімся і з яго эпохай, атачэннем, набываем веды, якія, як правіла, пацвярджаюць і нашу ўласную ацэнку сябе як часткі культурнага еўрапейскага народа з уласнай шматграннай гісторыяй і напаўняюць аптымізмам. Гэта як быццам з далёкага мінулага памерлыя землякі працягваюць кожнаму з нас руку дапамогі і прымушаюць расправіць сагнёныя будзённасцю плечы. 

 

Леанард Ходзька - першы, хто пасля Агінскага прыцягвае да сябе думкі ў Залессі. Бо чаго варты адзін толькі яго хрэстаматыйны малюнак “Залессе ў Літве. 1822”! Менавіта гэты малюнак дае ўяўленне аб выглядзе сядзібы ў момант яе найвялікшага росквіту і служыць  дапаможнікам пры сучасным яе аднаўленні. Ды чалавек з блізкага атачэння М.К. Агінскага проста не мог быць ардынарным выканаўцам чыіх бы ні было загадаў.  Па ўсіх прыкметах, гэта быў чалавек адукаваны, таленавіты мастак, амаль член сям’і  Агінскіх. І справа не толькі ў тым, што Леанард Ходзька на працягу 4 гадоў быў сакратаром Агінскага ў Залессі, прыводзіў у парадак яго дзённікавыя запіскі, з якіх пазней паўсталі 4-томныя мемуары і якія Л. Ходзька пасля выдаў у Парыжы на грошы князя, а ў тым, што ў наступныя  гады свайго жыцця Леанард Ходзька надзвычай годна праявіў сябе на чужыне.

 

 

Большая частка яго грамадскай і палітычнай дзейнасці прайшла далёка за межамі  радзімы – у Францыі - і таму дасюль заставалася неасветленай у Беларусі. Мы звярталі ўвагу толькі на рэчы, відавочныя для нас, а менавіта на паходжанне Леанарда з мясцовага  шляхецкага роду Ходзькаў, яго вучобу ў Віленскім універсітэце, знаёмства з Адамам Міцкевічам і Тамашом Занам і працу асабістым сакратаром Міхала Клеафаса Агінскага ў 1819-1822 гг. А тым часам вось што пісалі пра Леанарда Ходзьку польскія энцыклапедычныя даведнікі яшчэ ў ХІХ ст.: “Гісторык і найбуйнейшы выдавец польскіх прапагандысцкіх твораў у эміграцыі, актыўны французскі палітычны дзеяч, адзьютант генерала Ж. Лафайета ў рэвалюцыі 1830 г., масон”. У даведніках аддавалася даніна  таксама і яго высокім чалавечым якасцям – нязломнаму патрыятызму, дабрыні і сумленнасці (Polski słownik biograficzny, т.23, с.388). “Адораны немалым талентам збіральніка, ён з упартасцю, нават фанатычна збіраў усё, што толькі польскія эмігранты ў Францыі друкавалі і пісалі: кнігі, брашуры, лістоўкі, рукапісы, карты і гравюры.

Такім спосабам ён захаваў для гісторыі цэлыя архівы эмігранцкіх аб’яднанняў і перапіску выбітных эмігрантаў”. Ён нястомна выдаваў дзесяткі гістарычных, геаграфічных і статыстычных прац аб Рэчы Паспалітай на французскай і польскай мовах. Адны толькі “Польскія штогоднікі” Ходзькі (копіі дакументаў да гісторыі Рэчы Паспалітай у 1657-1863 гг.) налічваюць 125 тамоў! А чаго варты яго штогадовы альманах “Палонія” (сапраўдная назва “La Pologne historigue, litteraire, monumentale et pittoresgue”), у якім Ходзька публікаваў ацалелыя звесткі па гісторыі, літаратуры, выяўленчаму мастацтву неіснуючай ужо Рэчы Паспалітай! Ён сабраў тут адзіную ў сваім родзе калекцыю гістарычных матэрыялаў, нават паэма яго пляменніка Аляксандра Ходзькі “Залессе” таксама апынулася ў альманаху за 1836 г. і такім чынам была выратавана ад забыцця.

Ходзька напісаў і ўласныя гістарычныя творы. Гэта: “Гісторыя польскіх легіёнаў у Італіі” (1829), “Біяграфія Тадэвуша Касцюшкі” (1837), “Папулярная гісторыя Польшчы” (1863) і некаторыя іншыя. Апрача гэтага, ён публікаваў артыкулы ў энцыклапедыях, біяграфічных выданнях і французскіх і англійскіх часопісах (напрыклад, у часопісе “Grand dictionnairre universel” ён апублікаваў звыш 300 біяграфій славутых палякаў, быў першым выдаўцом трохтомнага зборніка паэзіі А. Міцкевіча ў Францыі, а гэта значыць, захаваў для нас апісанне жыцця і дзейнасці і нашых землякоў, бо трэба памятаць тое, што ў часы Л. Ходзькі палякамі і Польшчай прынята было называць жыхароў і ўсю тэрыторыю велізарнай Рэчы Паспалітай, якая ахоплівала да 1795 г. тэрыторыі сучасных Польшчы, Беларусі, Літвы і часткі Украіны).

Пасля смерці Леанарда Ходзькі яго зборы ўтварылі ў Раперсвільскім музеі (Швейцарыя) інфармацыйны цэнтр, куды працягвалі паступаць архіўныя дакументы і кнігазборы, раскіданыя па-за межамі былой Рэчы Паспалітай.  Памёр Леанард Ходзька ў 1871 г., пасля пачатку франка-прускай вайны, і пахаваны на могілках Hospital de Champs у горадзе Пуацье, куды выехаў, каб знаходзіцца далей ад баявых дзеянняў.

І вось тут самы час зноў вярнуцца да пастаўленага пытання аб адраджэнні добрай памяці і справядлівай пашаны да кожнага, хто іх заслугоўвае. Можна, канечне, любіць гісторыю, але пры гэтым успомніць пра добрага чалавека і хутка забыцца. А вось зрабіць мэтанакіраваны высілак для таго, каб імя гэтага чалавека атрымала адпаведнае асвятленне і ацэнку ў свеце, ужо з’яўляецца грамадзянскім учынкам.

І тут хочацца выказаць  ўдзячнасць і прызнаць значным супольны высілак членаў Фонда “Спадчына М.К. Агінскага”, які дзейнічае ў суседнім Маладзечне. Яны ўжо да 2015 г. разам са святаром і мясцовымі парафіянамі ўпарадкавалі, адрамантавалі і аднавілі месцы, звязаныя з памяццю пра Леанарда Ходзьку: старадаўняе касцелішча ў вёсцы Аборак (сёння – аграгарадок Палачаны), дзе некалі стаяў касцёл, у якім быў ахрышчаны Л. Ходзька, усыпальніцу Дэдэркаў (родзічаў з боку маці Леанарда), каменную агароджу вакол касцелішча. На мяркуемым месцы бацькоўскага дому Леанарда сёння ўстаноўлены  памятны камень з мемарыяльнай табліцай, наўкола насаджаны малады сквер і дэкаратыўныя расліны. Гэтае месца ператварылася ў сапраўдны мемарыял і куток  адпачынку, а гэта сведчыць пра тое, што энтузіясты гісторыі змаглі згуртавацца вакол супольнай і такой патрэбнай справы і звярнуць на яе ўвагу грамадзкасці. А сёлета яны задумалі наведаць магілу Леанарда Ходзькі ў Пуацье.

Падарожжа пачалося ноччу з 19 на 20 мая і цягнулася роўна тыдзень. За гэты час мы, 35 ахвотнікаў з Маладзечна, Смаргоні, Ашмян, Гродна, Заслаўя і Мінску, адважна пераадолелі ажно 5 тысяч кіламетраў. Ехалі краяведы, паэты, мастакі, проста цікаўныя, цярпліва зносячы ўсе нязручнасці і выпрабаванні гэтага нетыповага падарожжа. Да паездкі спрычыніліся  таксама два каталіцкія святары, браты Сяргей і Юрый Бараўнёвы. Ксёндз-канонік Сяргей Бараўнёў - пробашч той самай парафіі, да якой належыць Аборак, і гэта пад яго кіраўніцтвам у апошнія гады праводзілася ўпарадкаванне памятных мясцін Аборка. Ксёндз-пробашч Юрый Бараўнёў працуе ў Крулеўшчызне, але таксама з цікавасцю ставіцца да айчыннай гісторыі.  Дзякуючы іх духоўнай апецы паездка на магілу Л. Ходзькі зрабілася падобнай не на пошукавую экспедыцыю, а на сапраўднае паломніцтва. Святая імша ў пачатку падарожжа,  памінальны абрад на магіле Леанарда Ходзькі ў Пуацье, духоўнае блаславенства для ўсіх нас – менавіта гэта зрабілася важным для кожнага, бо напоўніла клопатам пра годнае ўшанаванне памяці заслужанага чалавека, аб’яднала мінулае з сучаснасцю, ахінула цеплынёй адзінства.

Вось гэтая з’ява ўзніклага духоўнага адзінства прымушае мяне зноў вяртацца да яе думкамі. Мы там, за мяжой, былі НАЦЫЯЙ. Мы, не дамаўляючыся, размаўлялі пераважна на ўласнай мове, спявалі беларускія песні, мы мелі шляхетную нацыянальную духоўную мэту і змаглі яе дасягнуць. Неўпрыкмет зніклі напружанасць, аглядка і падазронасць. За такія моманты, па-мойму,  варта скласці Творцы самую гарачую падзяку. А якую крыніцу натхнення адкрыла падарожжа для нашых паэтаў! Я абавязкова павінна прывесці тут верш Казіміра Біля, удзельніка паездкі.

Казімір Біль.

Вяртанне

Напэўна, пад шчаслівай зоркай
У шосты вечар лістапада
Ён нарадзіўся ў Аборку.
Назвалі хлопца Леанардам.
Шляхцюк вучыўся ў Барунах
Разам з братамі Адынцамі,
Таленавіты і разумны,
Прыгожы, смелы і старанны.
А землякам скажу дарэчы
(для многіх то неспадзявана),
Што гімназістам у Маладзечне
Пасябраваў з Тамашам Занам.
Пасля – ўніверсітэт у Вільні,
Вучыцца праву меў за мэту,
Але сяброўства з Лелявелем –
І стаўся хлопец філарэтам.
Сябры! Мне, можа, хтось падкажа,
Даўно даведацца я рады,
Як Ogińskiego sekretarzem
Стаў абарчанін Леанардак?
І ў Залессі пры палацы
З рання да вечара рупліва
Сваю выконваў ён працу –
Карпеў старанна над архівам.
Гады 30-я – паўсталі!
Яны за волю пайшлі біцца.
На жаль, царызму праігралі…
Іх не чакала заграніца.
Варшава, Лондан і Рыўера,
Жыцця заможнага задворкі…
У сне трывожным ён не верыў,
Што не ўбачыць зноў Аборка…
Ён у Парыжа пад апекай
Нарэшце здолеў прыпыніцца,
Сарбонская бібліятэка
Дагэтуль Ходзькам ганарыцца.
Мастак. Выдаўца. Перакладчык.
Ніхто не здзейсніў працы большай!
Гісторык, архівіст, дарадчык
На славу разабранай Польшчы.
З табою ксёндз на роднай мове
Пагаварыў учора, браце.
Праз паўтара стагоддзя знову
Ты быццам пабываў у хаце.
Мы, крыж сагрэўшы сваім сэрцам,
Тваёй вяртаемся дарогай,
Каб зноў пашчасціла сустрэцца,
Маліцца будзем Пану Богу!

Дастаткова ўжо аднаго толькі  гэтага верша, каб залічыць паездку ў Пуацье як удалую, бо Леанард Ходзька застаўся, дзякуючы яму, годна ўшанаваны ў цэлай Беларусі. А было  ж створана і больш вершаў, і яны хутка будуць сабраны ў памятны зборнічак. Не сумняваюся, што новыя творчыя задумы ўзніклі і ў мастакоў, і ў нас, краяведаў! Ксёндз Сяргей Бараўнёў, напрыклад, абдумвае спосабы годнага ўшанавання памяці Тамаша Зана, ураджэнца Маладзечаншчыны, сучасніка Леанарда Ходзькі і сябра Адама Міцкевіча, кіраўніка гуртка філарэтаў у Вільні.

Дасюль неверагодным здаецца гэты мэтанакіраваны кідок праз усю Еўропу і тое мноства ўражанняў, блізкасць і даступнасць таго, што здавалася далёкім і нездзяйсняльным. Дык жа яшчэ раз дзякуй тым, хто спрычыніўся да арганізацыі і правядзення паездкі – маладзечанскаму Фонду “Спадчына М.К. Агінскага”, святарам і нам усім і, вядома ж, Міхалу Клеафасу Агінскаму, які меў такога выдатнага сакратара!

Таццяна Кляшчонак

 

 

 

  

  

 

Каментаваць