“Пад сховамі лесу”
“Таленавітых людзей павінны ведаць”, — падумала настаўнік Алена Віктараўна Канапацкая, наведаўшы ў чарговы раз сям’ю свайго вучня і ўбачыўшы цуд нараджэння карціны. Яна зрабіла ўсё магчымае для таго, каб 18 сакавіка ў музеі Залескага яслі-сада—сярэдняй школы адбылася выстава-прэзентацыя карцін Алены Георгіеўны Паланевіч “Пад сховамі лесу”.
Напачатку сустрэчы Алена Георгіеўна пазнаёміла прысутных са сваёй творчай біяграфіяй. Спецыяльнай адукацыі мастака яна не мае, так здарылася, што з самага дзяцінства любіла маляваць і захаплялася прыродай. Сваім першым настаўнікам і натхняльнікам лічыць маці. Па шчырым прызнанні, пасля алфавіту яе першай кніжкай была кніга пра тое, як зрабіць чучалы жывёл. На практыцы нічога не атрымлівалася… Але ўпартасці ў яе хапала , да гэтай справы вярталася не адзін раз. Нарэшце пашчасціла. Брат-ляснік прынёс забітую выпадковым выстралам качку, занесеную ў Чырвоную Кнігу Беларусі. Вось з гэтага часу і пачалося сапраўднае захлепленне таксідэрміяй (навукай вырабу чучалаў).
Спроба за спробай, поспех за поспехам. Напаткаў і шчаслівы выпадак: у Мінск з Піцера прыехала знакамітая тады на ўсю краіну выстава “Царскае паляванне”, на якой былі не толькі прадстаўлены чучалы розных жывёл, але і дазвалялася паўдзельнічаць са сваімі работамі майстрам-аматарам. Калі Алена Георгіеўна паказала кампетэнтнаму журы свае работы, то здзіўленню іх не было межаў. У хуткім часе яна ўладкавалася на працу лабарантам-таксідэрмістам на кафедру лесаводства БДТУ. Любімая праца, любімая справа…І зноў выпадак.
Негарэльскае лясніцтва зрабіла незвычайны падарунак на чарговы юбілей кафедры лесаводства —прадставіла трафей для вырабу чучала высакароднага аленя… Калі трафей у суправаджэнні таксідэрміста неслі па вуліцах Мінска, абурэнню мінчукоў не было межаў. “За што яго забілі?”— чулася з усіх бакоў на кожным кроку. “За прыгажосць…”—не вытрымаўшы маральнага націску, адказала Алена Георгіеўна і… развіталася са сваім захапленнем. З таго моманту яна малюе толькі жывую прыроду.
Увазе прысутных было прадстаўлена сем карцін, вельмі разнастайных па жанры. Кожная карціна—гэта асобная гісторыя, насычаная сваімі вобразамі. Першыя з іх— “Інкубус” і “Нараджэнне Венеры” створаны пад уплывам амерыканкскага мастака Барыса Валеджы. Алена Георгіеўна ўспамінала, як разглядала шэдэўры майстра і ў памяці ажывалі сюжэты прыгодніцкіх кніг, хацелася самой стварыць нешта фэнтэзійнае. Таму першую карціну “Інкубус” (распусны дэман) Алена Георгіеўна захоўвае як талісман, астатнія-падораны розным людзям з нагоды розных падзей.
Уразіла ўсіх сваёй таямнічай прыгажосцю і першароднай свежасцю фарбаў карціна невялічкай царквы, размешчанай на беразе рэчкі. Аказалася, што гэта малюнак царквы 12 стагоддзя, якая знаходзіцца ва Уладзімірскай вобласці на Нерлі. Адразу ўспомніліся словы Уладзіміра Караткевіча з верша “Дзіва на Нерлі”:
Белая песня ў лугах залацістых,
Кліч адзвінеўшых стагоддзяў зямлі,
Кволая-кволая, чыстая-чыстая,
Быццам дзяўчына, царква на Нерлі…
Дом Алены Георгіеўны, дзе яна жыве з мужам і сынам, знаходзіцца каля самага лесу. Напэўна, таму большасць карцін прысвечана гэтай тэме, што і абумовіла выбар назвы выставы.
Немагчыма адарваць позірк…Ты стаіш, як зачараваны, і ўсё мацней і мацней паглыбляешся ў свет жывой прыроды. Здаецца, секунда—і мядзведзь кінецца ў твой бок, не даючы ніякага шансу на выратаванне…
Вось так часта здараецца ў жыцці: чалавек працуе з табой у адным калектыве, а ты амаль нічога не ведаеш пра яго захапленні.
Дзякуй, Алена Георгіеўна, за тыя хвіліны душэўнай асалоды, якія вы падарылі ўсім прысутным!
Наталля Сідарава, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Залескага яслі-сада—сярэдняй школы