Cустрэчы, якіх чакаюць: Андрэй Хадановіч
Калі сустракаешся са знакамітымі беларускімі пісьменнікамі—гэта свята, а калі гэта цэлая сям’я, ды яшчэ і Міжнародны дзень пісьменніка—гэта сапраўднае свята! Менавіта такім днём для вучняў Залескай школы стала 3 сакавіка! На творчую сустрэчу з навучэнцамі прыехаў паэт, перакладчык, бард—Андрэй Хадановіч, перакладчыца Марына Шода і іх дачка Алена.
Пачаткоўцаў паэт пазнаёміў са сваёй кнігай “Нататкі таткі”. Вучні адразу перахапілі творчую манеру гутаркі пісьменніка, уключыўшыся ў гульню “Пытанне-адказ-верш”:
-Ці любіце чысціць зубы?
-Тааак. Неее.
- У мяне зубная шчотка.
Ёю зубы чысціць чотка…
Чаго ў вершы не хапае?
-Бяззубай пасты…Бяззубай цёткі…Мужчыны…
-Чысці зубы разам з бацькам—
Вырасцеш зубастым дзядзькам!
-За што вас пабойваюцца бацькі?
-За пытанні…
-А дзе агуркі не калючыя?
-У краме, калі яны салёныя..
-Чаму агуркі калючыя?
Чаму люстэрка бліскучае?
Чаму парфума пахучая?
……………………………
Таму што ты даставучая!
Прачытала вершы для дзяцей і гераіня кнігі “Нататкі таткі”, муза паэта і першая слухачка Алена Хадановіч.
Пачаткоўцы з задавальненнем праспявалі разам з бардам песню “Я галодны воўк…”, гучна выцягваючы “у-у-у-у-у”.
Творчая сустрэча са старэйшымі вучнямі адознівалася па сваім змесце.
З першых хвілін усе апынуліся ў непаўторным свеце сучаснай беларускай паэзіі. Цэнтоны, лімерыкі, верлібры, вершы ў жанры калыханкі, рок-вершы паланялі свядомасць, дапамагаючы спасцігнуць сэнс назвы кнігі “Дэжа вю”.
Найбольш спадабаліся лімерыкі, прысвечаныя жыхарам розных гарадоў Беларусі:
Спеваку і музыку з Залесся
падабаліся “Ластаўкі ў стрэсе”.
толькі браў рэ дыез,
як у ластавак—стрэс,
і спявак—пры сваім інтарэсе.
Сапраўдным рамантыкам адчуў сябе кожны, калі разам з бардам спяваў “Гатэль “Беларусь”, песню лаўрэата Нобелеўскай прэміі Боба Дылана ў версіі аўтара “Словы на вецер”, гісторыю кахання “Лілі-Марлен”.
Пасля музычнай паўзы Марына Шода прадставіла ўвазе вучняў свае пераклады на беларускую мову знакамітых польскіх аўтараў у суаўтарстве з іншымі перакладчыкамі. Слухаючы Марыну, кожны адкрываў для сябе невядомыя імёны Беларусі. Усе даведаліся, што польскі аўтар рамана “Надбярэзінцы”( безумоўны бэстсэлер на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы 2017 года) Фларыян Чарнышэвіч—ураджэнец Беларусі, лідар групы “Аэрасміт” Сціў Тайлер—дваюрадны ўнук Фларыяна, а гераіня, якая выконвала ролю эльфійскай прынцэсы ва “Уладары пярсцёнкаў”Лів Тайлер—яго праўнучка. Кнігу польскага пісьменніка Януша Корчака “Кайтусь Чарадзей”, якую пераклала на беларускую мову Марына Шода, аздобіла малюнкамі сваячка Кандрата Крапівы—Настасся Атраховіч. Зацікавіў публіку і пераклад на беларускую мову рамана польскага аўтара Мастовіча-Далэнгі “Знахар”.
На развітанне ўсе жадаючыя маглі зрабіць фота і атрымаць на памяць аўтографы. Дарослыя і дзеці дзякавалі аўтарам апладысментамі, зачараваныя непаўторнай атмасферай творчай сустрэчы.
Наталля Сідарава, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Залескага яслі-сада-сярэдняй школы