Трыялеты Паўночных Афінаў ад Алы Клемянок

04.03.2017 23:57Views:
Вясна - пара натхнення і вершаў! Пачытаем трыялеты Алы Клемянок, нашаму Залессю прысвечаныя... 

 

ВЯСНОВЫ ПАРК

Парк англійскі ў вясновым блакіце
першых кветак, туманаў, паветра.
Кожнай почкай вяртае ў рэтра
парк англійскі ў вясновым блакіце.
Першы чмель задрамаў на ракіце,
што як зыбка люляецца ветрам.
Парк англійскі ў вясновым блакіце
першых кветак, туману, паветра.

У ЛІПАВАЙ ПРЫСАДЗЕ

Як грэнадзёры каля Букінгема
у крэатыўных з футра грызлі шапках,
на варце у прысадах ліпы-шаты,
як грэнадзёры каля Букінгема.
Не Лондан тут і не Парыж, не Вена,
ды вельмі годная ў прысадзе варта,
як грэнадзёры каля Букінгема
у крэатыўных з футра грызлі шапках. 

ПАЛАНЭЗ

Праз адчыненыя вокны
далятае паланэз.
Ловіць гукі белы бэз
праз адчыненыя вокны.
Гутарка сялянак змоўкне
і знямеюць сад і лес…
Праз адчыненыя вокны
далятае паланэз.

У СТАРОЙ ЗАЛЕ

У каміннай высокай зале
старажытны раяль спачывае,
ён расстроены, ён не грае
у каміннай высокай зале.
А бывалі раней тут балі,
грала музыка тут жывая…
У каміннай высокай зале
старажытны раяль спачывае.

Каментаваць