На праект «Валожын без бар’ераў» выдзелены мільён еўра
У Валожынскім раёне рэалізуецца праект “Валожын без бар’ераў: Узмацненне магчымасцяў для прапанавання сацыяльных і рэкрэацыйных паслуг людзям з інваліднасцю ў Валожынскім раёне”.
Пра яго асаблівасці “Рэгіянальнай газеце” расказала менеджар праекта Ганна Ражанцова.
У Валожынскім раёне жыве каля 2100 людзей з абмежаванымі магчымасцямі – гэта каля 6% ад усяго насельніцтва раёна. Але на сённяшні дзень паслугі, якія можа атрымаць звычайны мясцовы жыхар або турыст, для іх недаступныя.
Праект “Валожын без бар’ераў” стартаваў у кастрычніку 2015 года. Адна з яго мэтаў – спрыяць сацыяльнай інтэграцыі людзей з інваліднасцю.
У Валожыне ад 2004 года дзейнічае Цэнтр дзённага знаходжання інвалідаў, а ад 2011 да 2015 года ў раёне праводзілася праграма па пытаннях даступнасці, падчас якой усяго пяць будынкаў абсталявалі пандусамі.
І вось у канцы 2015 года Валожынскі райвыканкам, Беларускае таварыства інвалідаў, беларускае грамадскае таварыства “Адпачынак у вёсцы” сумесна з фондам “Інтэракцыя” ініцыявалі новы маштабны праект.
Яго бюджэт складае больш за адзін мільён еўра, 90% з якіх дае Еўрапейскі Саюз.
Праект разлічаны на тры гады.
Мы плануем, што ў выніку праекта каля 20 будынкаў у раёне будуць пераабсталяваныя з улікам патрэбаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
У 2018 годзе адкрыецца турыстычны інфармацыйны і рэкрэацыйны цэнтр для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Цэнтр будзе ўключаць у сябе хостэл на 20 месцаў, канферэнц-залу са спецыяльным абсталяваннем для людзей са слабым зрокам і са слабым слыхам, інфармацыйны пункт.
Яшчэ важна, што ў цэнтры можна будзе не толькі адпачыць. Тут адкрыюцца і новыя працоўныя месцы для жыхароў раёна.
На рэканструкцыі будынкаў змены не спыняцца. У Налібоцкай пушчы будзе пракладзеная экалагічная сцежка.
А сёлета валанцёры і каардынатары праекта правялі паўнавартасны маніторынг будынкаў Валожынскага раёна.
Усяго праверылі 150 аб’ектаў – у першую чаргу гэта будынкі, якія могуць выкарыстоўваць патэнцыйныя турысты з інваліднасцю.
У гэты спіс увайшлі аб’екты транспартнай інфраструктуры, органаў мясцовай улады, культурна-гістарычныя аб’екты, аб’екты сацыяльнай сферы (бібліятэкі, пошты, школы, бальніцы, магазіны), а таксама 18 аграсядзібаў раёна.
Маніторынг праводзілі восем экспертаў – юрысты, сацыяльныя работнікі, спецыялісты ў галіне архітэктуры, аграэкатурызму, прадстаўнікі Беларускага таварыства інвалідаў. Ім дапамагалі гаспадары аграсядзібаў, прадстаўнікі ўлады і грамадскіх арганізацый, журналісты, валанцёры.
Як паказаў маніторынг, большасць з будынкаў маюць добры патэнцыял для таго, каб адаптаваць іх для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і пры гэтым пазбегнуць буйных фінансавых выдаткаў. Напрыклад, у некаторых крамах або бібліятэках дастаткова ўсталяваць ці рэканструяваць пандус, пашырыць дзвярны праём.
А ў ліпені гэтага года ўсе партнёры праекта “Валожын без бар’ераў” пабылі ў адукацыйнай паездцы ў Галандыі.
Удзельнікі ўбачылі новыя падыходы ў стварэнні безбар’ернага асяроддзя ў турыстычных зонах і ў паўсядзённым гарадскім асяроддзі. Галандыя была абраная невыпадкова: у гэтай краіне параўнальна нядаўна зарадзіўся бізнес па аказанні турыстычных паслуг людзям з абмежаванымі магчымасцямі, і развіваецца ён вельмі дынамічна.
Сярод удзельнікаў паездкі былі і людзі з абмежаванымі магчымасцямі – старшыня Беларускага таварыства інвалідаў Уладзімір Патапенка і яго намеснік Сяргей Драздоўскі. Яны маглі ў поўнай меры ацаніць усю інфраструктуру. Напрыклад, наведаць аграсядзібы, пяcчаны пляж у Гаазе, скарыстацца арэндай адаптаваных ровараў і крэслаў з электрапрыводам. І нават пратэставаць на даступнасць адзін з гатэляў знакамітай сеткі Hilton ў Амстэрдаме.
Адну з карысных высноў, зробленых у паездцы, агучыў Уладзімір Патапенка, старшыня Беларускага таварыства інвалідаў:
Інфраструктуру неабходна ствараць пры ўдзеле людзей, для якіх прызначаная, інакш яна проста не працуе.
У бліжэйшых планах праекта – будаўніцтва экасцежкі і турыстычна-інфармацыйнага цэнтра.
А ў 2018 годзе Беларускае таварыства інвалідаў сумесна з усімі партнёрамі запланавала правесці вялікі фестываль сацыяльнай інтэграцыі і летні лагер па яго падрыхтоўцы, – дзеліцца планамі Ганна Ражанцова.
Наталля Тур, "Рэгіянальная газета"