Купала прыйшоў на пахаванне Купалы: Уладзімір Някляеў распавядае пра сваю кнігу
Наш зямляк, ураджэнец Смаргоншчыны Уладзімір Някляеў, заканчвае аповесць пра Янку Купалу. Народны паэт там "не зусім жывы". Аповесць пачынаецца з таго, што Купала прачынаецца ў гатэлі "Масква" і ідзе ў Саюз пісьменнікаў на сваё пахаванне, кажа аўтар.
Уладзіміру Някляеву заўсёды было мала Купалы, створанага паводле савецкіх лякалаў. Існуюць дзве кніжкі ўспамінаў, але ў іх нібы артыкулы з газет. Якім ён быў насамрэч – незразумела. "Жывога чалавека няма".
Як працаваць з такім матэрыялам? Калі браць пад увагу толькі надрукаванае пра Янку Купалу, сапраўднага творчага жадання напісаць свой твор не ўзнікае. Таму што на паверхні цікавай, каб аўтару ўзяцца за пяро, а чытачу потым разгарнуць кнігу, выглядае толькі таямніца смерці, кажа Някляеў і дадае: а больш ніякіх па сутнасці таямніц.
Што сёння рабіць з Янкам Купалам, для якой прозы ён прыдатны і ў якім выглядзе? Уладзімір Някляеў падняў яго з традыцыйнага ўзроўню БССР і перанес у вышэйшыя сферы, зрабіў суразмоўцамі найлепшых паэтаў,Сталіна, Берыю.
Што датычыць смерці народнага паэта, яго гібелі, то існуюць тры версіі. Але любая з іх, калі яе пакінуць адну, рэзка звужае гэтую таямніцу, мяркуе Някляеў: "Так палёт Купалы доўжыцца, а так – можа спыніцца. Я лічу – хай яно застаецца так, як ёсць. Але права любога мастака выдумляць".
А ўвогуле любая таямніца, яна большая за разгадку, перакананы Уладзімір Някляеў. Тым больш, што нельга называць прозвішчы тых, хто мог быць вінаватым у смерці Купалы, не маючы дакументальнага пацверджання. Хаця савецкія дакументы, бывае, рэч неадназначная. А справа аб ягонай гібелі дагэтуль засакрэчаная. Проста так пад грыфам не трымаюць ад 1942 года.
Адзін чалавек піша фантазійны твор аб знакамітым паэце, іншы аўтар выдаў кніжку пра яго ў серыі "100 выдатных дзеячоў". Гісторык Анатоль Тарас, які напісаў яе, перакананы, што Купалу забілі супрацоўнікі НКВД, такое мелі заданне. Ён спасылаецца на пэўныя сведчанні. Дарэчы, узгадвае і Барыса Сачанку і Уладзіміра Някляева, кожны з якіх рабіў сваё пісьменніцкае даследаванне смерці Янкі Купалы.
Афіцыйны дакумент даводзіць, што нявысветлена дабраахвотная ці гвалтоўная смерць Купалы. Значыць, выпадковасць.
Выпіваў разам з іншымі пісьменнікамі, прыйшоў да іх "нападпітку" быўшы ўжо. Выйшаў у канцы і ўсё. І ніхто нічога не бачыў.
Аргумент тых, каго задавальняе версія аб няшчасным выпадку: Берыі, а таксама Сталіну, якому пайшла копія, брахаць бы не сталі…
Але пісаў яшчэ сам Купала ў "Тутэйшых": можна думаць адно, гаварыць другое, а рабіць трэцяе. А чацвёртае, дадамо ад сябе, – пісаць.
Уладзімір Някляеў раней у студыі "Свабоды", распавядаючы аб сваім даследаванні, прывёў цытату з таго дакумента: "28 июня в 22 часа 30 минут в гостинице "Москва" упал в лестничную клетку и разбился насмерть поэт Белоруссии Луцкевич Иван Доминикович". І пракамэнтаваў пытаннямі: "Што "спецсообщается" пра Янку Купалу – зразумела. Толькі чаму ён Луцкевіч, а не Луцэвіч? Памыліліся? У данясенні на імя Берыі з копіяй Сталіну?.." Якой можа быць тады, думаецца нам, цана такіх папер?
Беларускаму народу, зразумела, не да Купалы. Як не да мовы, не да нацыянальных каштоўнасцей, не да зместу свайго імя. А калі зойдзе гутарка выпадкова, ва ўсіх пытаннях задавальняе менавіта памяркоўны адказ, толькі ён не выклікае раздражнення ці варожасці.
Афіцыйны адказ, зразумела. Такога ж кшталту, як данясенне Берыі з копіяй Сталіну. Глядзіце праўдзе ў вочы: мова свая народу да лямпачкі, закрыць беларускія школы, куды дзеці пайшлі пры Шушкевічы, ніхто не змушаў, ніякага гвалту не было. І самагубствам гэта называць – глупства. Нічога такога не было. Усё атрымалася само сабой. Вы што, дакументам не верыце? Чорным па белым напісана. "Написанному – верить".
Быў Купала і няма. Што такое паэт, калі краіна будуе пажарным тэмпам ГУЛАГ? Калі стаханаўцы з НКВД спяшаюцца забяспечыць яго народанасяленнем?
Здаецца сёння, любіў народ паэта толькі ў газетах. І што такое паэт, калі "Идет война народная, священная война". Што там "Правда" напісала? Зваліўся з лесвіцы? Не пашанцавала. А каму на вайне шанцуе? 1942 год, браткі.
Што там шапталіся ў ягоную адсутнасць, якія даносы пісалі, чаму з ім так зрабілі? Няма адказаў. Вось і давялося Купалу на сваё пахаванне схадзіць: можа што ўдасца пачуць, больш падобнае да праўды, магло падумацца яму, калі зашпільваў пінжак.
Паводле РС