Хто мог назваць Машэрава Пецем, чаму верталёт Прытыцкага аварыйна сеў у Маладзечне і дзе ў Горадзе сонца камяні з Крэўскага замка

22.11.2016 13:56Views:
images-cms-image-000044564Знаёмім чытача з выбранымі фрагментамі ўспамінаў гісторыка Міхаіла Філістовіча, які доўгі час працаваў на Вілейшчыне і Маладзечаншчыне.

 Хто запраста мог назваць Машэрава Пецем?
Чаму верталёт для Прытыцкага зрабіў аварыйную пасадку ў Маладзечне?
Якія плошчы брукавалі камянямі старажытнага Крэва?

Адказы ў першай частцы ўспамінаў.

Быў час, быў дзень, была эпоха…

Чытач старэйшага пакалення словы гэтыя адразу пазнае. Яны “Са сказа пра Лысую гару”. Гадоў сорак было таямніцай, хто таленавіта і адважна па тых часінах напісаў гэты твор? Хадзіў ён па руках, патрапіў і мне ў 1981 годзе. Старанна перапісаў з пажоўклых машынапісных аркушаў.

У зручны выпадак спытаў у Максіма Танка, хто напісаў? Пачуў ад “аксакала”: “Не ведаю, але ўпэўнены, што напісаў паэму адзін чалавек, бо другі сааўтар даўно ўжо б пахваліўся”. Казалі, што была яна і на стале ў Пятра Міронавіча Машэрава. Тут ваганняў у мяне няма: спецслужбы сваю справу ведалі.

masherau

Пётр Машэраў

Менш упэўнены ў тым, бо побач “не стаяў са свечкай,” што казалі пра Анатоля Вялюгіна: на сустрэчы Машэрава з творчай інтэлігенцыяй паэт падышоў да кіраўніка рэспублікі і прабачлівым голасам, каб падстрахвацца на ўсялякі выпадак, спрабаваў запэўніць яго, што не ён напісаў гэты твор; у адказ жа атрымаў: “О-о-о! Каб ты мог такое напісаць!”

Аўтар назваў сябе толькі ў 90-я гады. Мяне не здзівіла, што гэта быў Ніл Гілевіч. Ён такое мог!

Партызаны Вілейшчыны

Для мяне ў дзяцінстве найвялікшым начальнікам для той пары, акрамя Сталіна, быў першы сакратар Маладзечанскага абкама камуністычнай партыі Іван Фролавіч Клімаў. А першую гісторыю пра яго асобу пачуў ад свайго бацькі.

Ёсць і зараз у Маладзечне за стадыёнам даволі вялікі драўляны дом з мезанінам. Там пасля вайны жылі сакратары абкама, а потым усе першыя сакратары Маладзечанскага гаркама КПБ. Непадалёку і зараз месціцца сядзіба маіх бацькоў. Дык вось, у 1949 годзе Клімаў даў загад знайсці цесляра, які б зрабіў лесвіцу на другі паверх. Выбар паў на майго бацьку. Узяў ён неабходныя прылады і пайшоў да яго на кватэру. Пакумекаў, што лепшага ратунку няма, чым зрабіць вінтом.

Вяртаецца пасля працы дамоў кіраўнік вобласці і горада, агледзіў такое “цуда” і грозна: “Якую “храновіну” (сказана было мацней, бо за словам не для друку Клімаў у кішэню не лез) ты тут мне закруціў?!”

У бацькі і душа ў пятах: часы былі такія, што можна і загрымець. Але неяк здолеў пераканаць, што маршавая лесвіца тут ніяк не магла змясціцца. Сакратар памякчэў, спытаў, ці ёсць дзеці і даручыў жонцы наліць майстру шклянку гарэлкі, а дзецям даць кілю цукру.

klimau

Іван Клімаў

У сталыя гады я мог часта бачыць Івана Фролавіча ў сценах Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ падчас, калі карпеў у яго архівах пры напісанні дысертацыі. А ён быў там навуковым супрацоўнікам і працаваў над сваімі мемуарамі “Партызаны Вілейшчыны”.

Гэта быў ужо час яго “захаду”. А да гэтага былі высокія рэспубліканскія дзяржаўныя пасады, у займанні якіх немалую ролю адыграў Петр Міронавіч Машэраў. Толькі Клімаў дазваляў сабе называць першую асобу рэспублікі “Пеця”, а калі перад якой нарадай выведываў, што “Пеці” не будзе, дэманстратыўна казаў, што яму тут няма чаго рабіць! Адкуль такое шакавальнае панібрацтва?

Вытокі яго бяруць пачатак з часоў сумеснай барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на Вілейшчыне. Там Клімаў быў першым сакратаром падпольнага абкама КП(б)Б, а Машэраў пры ім “камсамольцам” – першым сакратаром падпольнага абкама ЛКСМБ.

Клімаў лічыў, што Машэраў павінен быць удзячны і асабіста яму за атрыманае ў 1944 годзе звання Героя Савецкага Саюза. І сапраўды, не падпішы Клімаў неабходныя для гэтага паперы аб яго баявых заслугах, і “Пеця” мог застацца без Залатой Зоркі?

Потым яны такім “тандэмам” пераедуць у Маладзечна, дзе ўзначаляць адпаведныя абкамы.

Калі ў 1968 годзе Клімаў выпрацаваў свой “рэсурс” як намеснік старшыні Савета Міністраў БССР, Машэраў, як ужо значна большы кіраўнік, стварыў пад яго пасаду намесніка старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Але калі і на ёй ужо стала Клімаву “не па ўзросту”, яго вырашылі паціху “збыць” на навуковую працу ў Інстытут гісторыі партыі.

Казалі, што Машэраў, каб пазбегнуць гэтай далікатнай сітуацыі, з’ехаў на тыя дні ў Маскву. У Інстытуце толькі перад кабінетам Клімава заслалі падлогу дываном, і толькі яго чакала на вуліцы каля выхаду замацаваная за ім “Волга”.

Два дні, што ўзрушылі Маладзечна

Здарыліся яны дзесьці ў 1954 ці 1955 годзе пры Сяргею Восіпавічу Прытыцкім, пераемнікам Клімава на пасадзе першага сакратара Маладзечанскага абкама КПБ.

Прыгожы, статны мужык. Часцяком бачыў, як ён пехатой хадзіў на працу, за ім, як цень, ззаду прыглядаў ахоўнік.

Дык вось, аднойчы вясной цішыню над Маладзечнам гулка парушыў стрэкатам верталёт, які нізка ляцеў. Ды яшчэ і прызямліўся на стадыёне. Такога не бывала!

Першымі кінуліся паглядзець на гэтую “птушку”, кінуўшы ўрокі, мы, вучні бліжэйшай да месца падзеі СШ № 2. Затым сталі прыбываць і дарослыя з непадалёку мэблевай фабрыкі і іншыя “зявакі”.

prytycki

Сяргей Прытыцкі

Даведаліся, што верталёт быў высланы для Прытыцкага, каб ён асабіста агледзеў наступствы вялікай паводкі ў Дрысенскім раёне вобласці. Там выйшла з берагоў Заходняя Дзвіна і прынесла нямала гора людзям. Але, на бяду, лятальны апарат сапсаваўся і затрымаўся на два дні, пакуль прыбудзе з Мінску і зробіць сваю справу рамонтная брыгада.

Два дні ў горадзе ніхто толкам не вучыўся і не працаваў. Усе мецілі да стадыёна паглядзець, чым скончыцца гэта незвычайная гісторыя. Давялося нават выставіць ачапленне, каб не адкруцілі ад верталёта што-небудзь.

Сяргей Восіпавіч пакінуў пасля сябе памяць стварэннем у Маладзечне новага гарадскога цэнтра – плошчы Леніна (зараз–Цэнтральнай). Дамінантай яе стаў велічны, у класічным стылі будынак абкама партыі, перад ім помнік Уладзіміру Ільічу работы Заіра Азгура. Па баках: будынкі абласнога савета прафсаюзаў і аблспажыўсаюза.

kreuski-zamak

Крэўскі замак

Давялося ўдзельнічаць у суботніку па нарыхтоўцы камення для брукавання плошчы. А дабывалі яго са сцен былога Крэўскага замка. Хто тады думаў аб захаванні спадчыны?

Так што жыхары горада, яго госці, удзельнікі фестываляў, што ходзяць па асфальту плошчы, і не ўяўляюць, што пад ім, ой як многа зведаўшыя, гістарычныя камяні!

Але нядоўга давялося папрацаваць Прытыцкаму ў новым абкамаўскім гмаху. У 1962 годзе Маладзечанскую вобласць скасавалі. Сяргея Восіпавіча перавялі ў Мінскі абкам, а ў Маладзечне засталося без працы чатыры тысячы былых абласных чыноўнікаў. Ведаю такіх, што не вельмі прыязна адклікаліся аб Прытыцкім за тое, што да апошняга трымаў у сакрэце ліквідацыю вобласці: сам з’ехаў, а іх кінуў. Бог ім суддзя.

Асабіста ўдзячны яго жонцы, доктару гістарычных навук Тацяне Іванаўне Прытыцкай. Яна падтрымала ў 1975 годзе маё залічэнне ў аспірантуру Белдзяржуніверсітэта. Я ішоў туды “самазванцам”. Паспяхова здаў экзамены, на “выдатна” напісаў рэферат, а месцаў вакантных не было. Усе былі замацаваны за так званымі “мэтавікамі” і тымі, хто па накіраванню. Гэта было на кафедры, якой кіраваў сам рэктар Уладзімір Міхайлавіч Сікорскі. Яна сказала, што забярэ гэтага хлопца да сябе на кафедру.

maladzechna

Архіўны здымак Цэнтральнай плошчы Маладзечна

МІХАІЛ ФІЛІСТОВІЧ, "РГ"

Пра аўтара

Міхаіл Філістовіч, кандытат гістарычных навук. Нарадзіўся ў 1940 годзе у в. Рэдзькавічы на Вілейшчыне. Кандыдат гістарычных навук. У 1963-1982 гг. працаваў у адукацыі і парторганах Вілейшчыны, Маладзечнашчыны, Мінскай вобласці.

З 1988 г. – Мінскай вышэйшай партыйнай школе, у 1989-1991 гг. – інструктар, загадчык сектара ЦК КПБ.

У 1991-1995 гг. – кіраўнік Дзяржаўнай гісторыка-культурнай экспедыцыі па выратаванню помнікаў гісторыі і культуры ў раёнах, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З 1995 г. – у вышэйшых кантрольных органах Беларусі. Жыве ў Мінску.

Каментаваць