Самацветы з Крэва
Радовішчы каштоўных самацветаў найчасцей знаходзяцца ў цяснінах, пад аховай маляўнічых горных хрыбтоў. У тых мясцінах, дзе адмысловы ландшафт і кліматычныя ўмовы ствараюць чароўныя карціны. Легенды і паданні апавядаюць, нібы прыгажосць гэтых куткоў спрыяе нараджэнню россыпаў ізумрудаў і дыяментаў.
Іншы раз, назіраючы цудоўныя захады сонца на ўзгорках старажытнага Крэва, настаўніца музыкі, скрыпачка Валянціна Цэбро пераконваецца, што такое хараство не можа не нарадзіць россыпы талентаў пад дахамі сядзіб, якія прымацаваліся на пакатых схілах вакол муроў колішняга Крэўскага замка.
Пяты год Валянціна Уладзіміраўна вучыць авалодваць ігрой на скрыпцы крэўскіх дзетак. У мясцовай сярэдняй школе працуюць так званыя выязныя класы Сольскай школы мастацтваў. Пяты год амаль штодзённа яна прыязджае са Смаргоні і на падыходзе да навучальнай установы трапляе ў абдымкі сваіх выхаванцаў, якія бягуць насустрач да яе нібы да добрай феі, што дорыць казку, надзею, свята. З праяўленнем такой шчырай любові і добразычлівасці не часта ёй даводзілася сутыкацца раней, хаця многа гадоў адпрацавала ў гарадской музычнай школе, мела высокі аўтарытэт прафесіянала і рэпутацыю таленавітага арганізатара і канферансье шматлікіх імпрэз. Усе ранейшыя набыткі і вопыт выкладчыцы, трапіўшы на новую ўрадлівую для творчасці глебу, заквітнелі з яшчэ большым імпэтам.
Разам з Валянцінай Цэбро навучаюць музыцы, нотнай пісьменнасці крэўскіх хлопчыкаў і дзяўчынак смаргонскія выкладчыкі Галіна Крукава, Святлана Ляхава, Дар’я Зяленка і дырэктар музычнай установы акардэаністка Алена Леановіч. Паміж сабой яны называюць гэту мясцовасць Карпатамі, а знаёмым напаўжартам апавядаюць пра тое, як штодзённа выпраўляюцца на гарналыжны курорт за новай порцыяй здароўя, натхнення, станоўчых эмоцый. Сцяжынкай здароўя стала для іх дарога ў горку, на якой знаходзіцца школьны будынак, а натхненне разгараецца ад прагных дзіцячых вачэй. Далучэнне да чароўнага свету мастацтва, да Яе Вялікасці Музыкі стала для многіх адораных дзетак нібы глыток свежага паветра, нібы каталізатар для іх творчага патэнцыялу.
Цяпер працуем мы ўсе ў Крэве,
Яго назвалі мы Крапаты,
Прыгожа тут, але зімою
Не абысціся без лапаты.
Гэтыя гумарыстычныя радкі напісала Валянціна Цэбро пасля адной складанай паездкі падчас снежнай завірухі. Найчасцей на работу і з работы смаргонскія музыканты дабіраюцца прыватным транспартам. Іншы раз – аўтобусам. Падчас такіх паездак, па іх шчырым прызнанні, атрымліваюць столькі каштоўнай інфармацыі ад местачкоўцаў, што потым могуць паспяхова выкарыстоўваць яе ў сцэнарах. Ці не таму аншлаг быў на сёлетнім выпускным канцэрце. Заўважце – платным канцэрце! А кіраўнік мясцовай гаспадаркі Дзмітрый Ціценка завітаў з вялікім букетам шыкоўных летніх кветак.
Дырэктар Крэўскай сярэдняй школы Таццяна Капыш, якой у свой час давялося вазіць уласных дзяцей на музычныя заняткі ў Смаргонь, усяляк спрыяе і падтрымлівае настаўнікаў выязных класаў і па меры магчымасці стварае камфортныя ўмовы і для іх, і для навучэнцаў. А яны, у сваю чаргу, гатовы дарыць святочную атмасферу музычнымі выступленнямі на разнастайных мерапрыемствах. Да юбілею Крэўскай школы, напрыклад, падрыхтавалі выдатны канцэрт. Яркія і запамінальныя нумары ўпрыгожваюць школьныя вечары сустрэч выпускнікоў, вясковыя фэсты.
Афіцыйна навучанне праводзіцца на баяне і скрыпцы. Але выкладчыцы не адмаўляюць жадаючым навучыцца ігры на іншых інструментах. Для Сашы Рабецкага дадатковым інструментам стала гітара.
Вучаніца Алены Леановіч паспяхова авалодвае акардэонам. Юныя музыканты пасля ўрокаў у агульнаадукацыйнай школе гатовы дапазна займацца на музычных інструментах, спяваць, рэпеціраваць. Не кожнаму бацькі могуць купіць дарагое піяніна ці іншы інструмент, а імкненне да ведаў і авалодання навукамі такія моцныя, што ўгаворваць нікога не трэба.
Нават даволі складаныя музычна-тэарэтычныя дысцыпліны, якія выкладае Галіна Крукава, не страшаць, а зацікаўліваюць, бо вопытны педагог Галіна Мікалаеўна ўмее гэта зрабіць надзвычай вытанчана, артыстычна, ненавязліва. У яе хапае энтузіязму займацца яшчэ і з вакальнай групай. Параіўшыся, назвалі гэты калектыў “З песняй па жыцці”. Неаднаразова паспяхова выступалі на розных мерапрыемствах. Гарачыя апладысменты слухачоў – найлепшая матывацыя для юных спевакоў.
Выхаванцы Валянціны Цэбро ўдала ўдзельнічалі ў абласным конкурсе навучэнцаў дзіцячых музычных школ. У намінацыі “Фартэпіяна і струнныя смычковыя інструменты” Дыпломамам ІІ ступені ўзнагароджана вучаніца 4 класа Валерыя Дурко. Грамату за паспяховае выступленне ў гэтай жа намінацыі атрымала і Вікторыя Капыш. Многім вучням музыка адкрыла цікавыя перспектывы для дарослага жыцця, некаторыя ўжо вызначыліся з выбарам сваёй будучай прафесіі. А Надзея Сыракваш, якую навучала ігры на інструменце Дар’я Зелянко, сёлета паступіла ў Маладзечанскі каледж мастацтваў на спецыяльнасць “Харавое дырыжыраванне”. Выкладчыкі ўпэўнены, што гэты прыклад будзе мець працяг.
Атрымаўшы трывалую пачатковую музычную адукацыю, самыя таленавітыя дзеткі маюць усе шанцы развіваць далей свае здольнасці на больш высокім узроўні, набыць цікавую прафесію, быць запатрабаванымі ў розных галінах музычнай творчасці. А для тых, хто абярэ іншы жыццёвы напрамак, час аддадзены заняткам музыкай, дарма не прападзе. Бо мастацтва ўдасканальвае чалавечы розум, сілкуе эмацыянальна і духоўна. Набыты вопыт і ўменні дапамогуць больш глыбокаму разуменню жыцця і творчаму ўвасабленню разнастайных задум і мар. Так, дыяменты набываюць шматграннае ззянне ў руках майстра. Самацветаў жа і самародкаў у крэўскіх ваколіцах незлічона.
Ала СТРАШЫНСКАЯ, "СШ"
Фота аўтара