110 гадоў з дня нараджэння Алеся Салагуба

18.10.2016 17:06Views:
salagub-ales1Беларускі паэт, публіцыст, мемуарыст Алесь Салагуб нарадзіўся 18 кастрычніка 1906 году ў вёсцы Зарудзічы Вялейскага павету (цяпер – Смаргонскі раён). Паходзіў з сялянскай сям’і. У 1915 годзе ў час першай сусветнай вайны апынуўся з бацькамі ў бежанстве, але недалёка – у Ратамцы пад Мінскам. У 1918-ым сям’я вярнулася ў родную вёску...

У 1922-ім Алесь Салагуб паступіў у Віленскую беларускую гімназію і скончыў яе ў 1927 годзе. Там ён зблізіўся з дзеячамі беларускага вызвольнага руху, у тым ліку з Арсенем Канчэўскім. З узнікненнем Беларускай сялянска-работніцкай Грамады актыўна далучыўся да яе дзейнасці: арганізоўваў у сваім павеце гурткі Грамады, распаўсюджваў рэвалюцыйгую літаратуру. За гэта некалькі разоў знявольваўся польскай уладай у турму – у 1924-ым, 1927-ым гадах, быў вязнем Лукішак і Стафанаўскага астрогу ў Вільні.

Перыяд навучання ў гімназіі, актыўная грамадска-палітычная дзейнасць і зняволенне за краты сталіся вызначальнымі для станаўлення Салагуба як асобы і паэта. Выйшаўшы з турмы вясной 1928 году, ён стаў шукаць магчымасці перабрацца ў Савецкую Беларусь, не ўсведамляючы, што яго там можа чакаць. У тым жа годзе ён нелегальна перайшоў польска-савецкую мяжу і паступіў вучыцца ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У 1929-ым да яго перабралася жонка, таксама нелегальна перайшоўшы мяжу.

Пасля заканчэння ў 1931 годзе ўніверсітэту Салагуб стаў аспірантам Інстытуту літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР, марыў пра сур’ёзную навуковую і літаратурную працу. Аднак гэтыя планы былі жорстка парушаны, і ён на трэцім годзе аспірантуры стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій. 9 студзеня 1934 году як “вораг народу” быў прыгавораны да расстрэлу. Найбольш верагодна, што расстраляны Алесь Салагуб быў у Мінску. Рэпрэсаваная тады была і жонка Салагуба – Марыя, якую з сынам выслалі ў Смаленск, затым – на Поўнач.

Першай выяўленай публікацыяй Салагуба лічыцца допіс “Культурныя паны” у газеце “Незалежная думка” у 1920 годзе пад псеўданімам Адраджэнец. Штуршок для развіцця паэтычнага таленту дала Віленская беларуская гімназія. У тым асяродку выспяваюць яго раннія вершы, якія з’явіліся ў 1923 годзе ў часопісе “Рунь”, друкаваным на гектографе. За кратамі ў 1924-ым Салагуб напісаў цыкл вершаў і п’есу “Касулі ў цемры”.

У гэты перыяд яго захапляла талстоўская ідэя несупраціву і ідэал усеагульнай любові да чалавека. Аднак пасля ў поглядах паэта здарыўся пералом і ён пераходзіць да пралетарскай ідэі “класавага змагання”. Таму і вершы яго ў той перыяд мелі агітацыйна-камуністычны характар. Паэт актыўна друкаваўся ў заходнебеларускіх перыядычных выданнях грамадоўскай арыентацыі – “Студэнцкая думка”, “Беларуская ніва”, “Народная справа”, сатырычным часопісе “Маланка”.

Пісаў пераважна пад псеўданімам Лявон Чачотка. Цягам паўторнага зняволення ў Лукішках напісаў тры сшыткі вершаў, некалькі апавяданняў і драму “Вяселле”. Вершы, пераважна астрожнай тэматыкі, увайшлі ў яго адзіны паэтычны зборнік “Лукішкі”, выданы ў Мінску ў 1929 годзе. Сваёй творчасцю Салагуб уводзіў чытача ў заходнебеларускую рэчаіснасць. У зняволенні паэт напісаў таксама свой лепшы твор – “Лукішскі дзённік”, у якім падрабязна апісаў рэаліі турэмнага побыту. Гэты твор Уладзімір Калеснік назваў “мастацкай хронікай турэмнага жыцця”.

Пасмяротна рэабілітаваны Алесь Салагуб у 1956 годзе.

"Гарадзенская вясна"

 

Каментаваць