Смаргоншчына літаратурная: край, які натхняе на вершы і атрыманне прэмій за паэзію

06.09.2016 19:44Views:
Смаргоншчына літаратурнаяНекалі, у сярэдніх класах школы, на ўроку “музыка і спевы” мы дружна выводзілі:
Родны мой горад, любоў мая,
Казка кахання чароўная,
Ты, калі ласка, чакай мяне
З кожнай дарогі, са шляху растайнага. 

Спявалі з асаблівым натхненнем і задавальненнем не толькі таму, што песня файная. Большасць з нас ведала: аўтарам слоў з’яўляецца наш зямляк, ураджэнец Смаргоншчыны, паэт, журналіст, член Саюза пісьменнікаў, а сёння яшчэ і палітык Уладзімір Някляеў.

Такім чынам, Смаргонь. Чарговая цікавая кропка на літаратурнай карце нашага рэгіёна.

У Смаргонскім гістарычна-краязнаўчым музеі вам раскажуць пра літаратурнае жыццё краю.

  • Пачнуць, магчыма, са звестак пра бібліятэку магнатаў Зяновічаў, вядомую з 16 стагоддзя.
  • Напэўна, згадаюць імя Андрэя Волана. Гэта філосаф і публіцыст, які ў 16 стагодзі купіў маёнтак Солы на Смаргоншчыне. Сённня там жыве паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Мар’ян Дукса. Сёлета ён атрымаў рэспубліканскую літаратурную прэмію з апаэтычны зборнік "Птушка вечнасці  душа".Помнік мядзвежай акадэміі ў Смаргоні
    • У вёсцы Жодзішкі ў калегіуме езуітаў у 18 стагоддзі быў школьны тэатр, тэксты для спектакляў якога пісалі мясцовыя настаўнікі паэтыкі і рыторыкі.
    • Згадаем Міхаіла Клеафаса Агінскага (1765 −1833). Ён праславіўся не толькі як дыпламат і кампазітар. Але і як аўтар мемуараў.
    • У 1749 годзе маёнтак Кушляны набыў Антон Багушэвіч, прапрадзед Францішка Багушэвіча (1840 – 1900). Тут прайшло дзяцінства паэта. У Кушлянах ён атрымаў пачатковую адукацыю ў хатніх настаўнікаў. Адсюль паехаў вучыцца ў Віленскую гімназію, а затым у Пецярбуржскі ўніверсітэт.
    • Вершы Кушлянам прысвяцілі паэты Данута Бічэль-Загнетава, Мар’ян Дукса, Алесь Пісьмянкоў. Сёння ў вёсцы працуе музей Багушэвіча, якім загадвае паэт Алесь Жамойцін.
    • У 19 стагоддзі багатае літаратурнае жыццё было ў маёнтку Дабраўляны. У 1818 годзе яго набыў архітэктар Адам Гюнтэр (1782–1854). Пры ім Дубраўляны сталі асяродкам культуры. Частымі яго гасцямі былі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот, Ігнат Ходзька, Станіслаў Манюшка,Уладзіслаў Сыракомля. Паэт Сыракомля пасадзіў тут на памяць клён.
    • У маёнтку нарадзілася і жыла польская пісьменніца Габрыэля Пузына (1815–1869).
    • Фальварак Крыстынопаль, які сёння не існуе, належаў бацьку Адама Гурыновіча – паэта-дэмакрата 19 стагоддзя. Тут Адам збіраў фальклор.
    • У Войстаме ў родавым склепе на мясцовых могілках пахаваны Ігнат Ходзька, польскі празаік, паэт, мемуарыст, яго дачка Станіслава, унук Лявон.
    • Смаргонь – радзіма габрэйскіх пісьменнікаў Ахарона Кабака і Аўрама Суцкявера. Апошні памёр ў 2010 годзе ў Ізраілі.
    • У горадзе нарадзіліся карэспандэнт газеты “Наша Ніва” Ян Сініцкі і паэт, празаік, драматург Майсей Кульбак. Гэтыя дзеячы  тварылі ў пачатку 20 стагоддзя.
    • У Смаргоні ў гарбарнай майстэрні працаваў пісьменнік Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч).

    Помнік Францішку Багушэвічу ў Смаргоні

    • Вёска Арляняты дала нашай літаратуры адразу чатыры таленавітыя асобы з прозвішчам Станкевіч. Адам (1892 – 1949) – літаратуразнавец, публіцыст, выдавец. Станіслаў (1866 – 1964) – выдавец, паэт. Яшчэ адзін Станіслаў (1907 – 1980) – крытык, грамадскі дзеяч, публіцыст, паэт. І Янка (1891 – 1976) – мовазнавец, перакладчык.
    • А з вёскі Шутавічы паходзяць два літаратары з адным прозвішчам. Віктар Шутовіч (1890 – 1960) – публіцыст і драматург, і Янка Шутовіч (1904 – 1973) – літаратуразнавец і выдавец.
    • У Крэве ў час Першай сусветнай вайны ваявалі рускія пісьменнікі Міхаіл Зошчанка і Валянцін Катаеў.
    • Зарудзічы – радзіма Алеся Салагуба (1906 – 1934) і Паўла Савоські (нар. у 1941).
    • У вёсцы Вётхава ў 1934 годзе нарадзіўся Арсень Ліс – фалькларыст і літаратуразнавец, доктар філалагічных навук.
    • З Лылойцяў паходзіць паэт і журналіст Артур Цяжкі (1943 – 1984).
    • Лаўрэатка прэміі Цёткі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ала Клемянок сёння паспяхова сумяшчае паэтычны, музычны і журналісцкі таленты. Яна працуе ў смаргонскай раённай газеце.
    • У 2009 годзе ў Смаргоні адбылося рэспубліканскае свята –  Дзень беларускага пісьменства.

    Уладзімір Някляеў

    Уладзімір Някляеў

    Уладзімір Някляеў нарадзіўся ў 1946 годзе ў Смаргоні. Паэт, празаік і грамадска-палітычны дзеяч, лаўрэат шэрагу прафесійных і дзяржаўных узнагарод за літаратурную дзейнасць. Намінант на Нобелеўскую прэмію (2011).

    Дзіцячыя гады правёў у вёсцы Крэва. У 1962- 1966 гг. вучыўся ў Мінскім тэхнікуме сувязі. Працаваў сувязістам на Поўначы, у Сібіры, на Далёкім Усходзе, радыёмеханікам у мінскім тэлевізійным атэлье. Займаўся на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве (1971). Завочна скончыў філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута (1973).

    Працаваў у выданнях “Знамя юности”, “Тэатральны Мінск”, “Літаратура і мастацтва”.

    З 1978 – старшы рэдактар галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання, з 1987 –  галоўны рэдактар часопіса  ”Крыніца”.

    Сябар Саюза пісьменнікаў СССР,  беларускага ПЭН-цэнтра.

    З 1998 па 2001 – старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў.

    Выступае з вершамі ў перыядычным друку з 1970 года. У 1976 годзе выдаў першы зборнік паэзіі    “Адкрыццё”. Аўтар паэтычных кніг “Вынаходцы вятроў”, “Знак аховы”, “Мясцовы час”, “Наскрозь”, “Дрэва болю”, “Галубіная пошта” і многіх іншых.

    Аўтар тэкстаў шматлікіх папулярных песень.

    Літ-парада ад Уладзіміра Някляева

    Калі пісаць, дык толькі так пісаць,

    Як бліскавіцу доўжыць бліскавіцай,

    Як з вены ў вену кроў пераліваць…

    Пісаць, як спавядацца і маліцца.

    Рэгіянальная газета

    ***

    На мох зялёны   жоўтае лісцё.

    Бялюткі снег   на рыжую салому.

    І ў гэты ясны час, адчуўшы стому,

    Спакойна я кажу сабе самому:

    Мне ёсць чым апраўдаць маё жыццё.

    Не тым, што жыў, любіў... Зусім не тым.

    І без мяне жылі, любілі ў свеце.

    Не тым, што ў свеце застануцца дзеці,

    Не тым, што калі дзьмуў сцюдзёны вецер

    На ім стаяў і выстаяў на ім.

    А чым тады? А тым, што, колькі мог,

    Не паміраў, не гледзячы на стому,

    А сніў і сніў жыццё!.. І, можа быць, збярог

    Калі не ўсё, чаго не сніць нікому,

    Дык хоць бы тое, што казаў мне Бог

    Пра снег, пра мох, пра лісце, пра салому.

    вершы

    ***

     Ветраны ранак апошняга дня лістапада.

    Першыя подыхі неасмялелай зімы.

    Далеч наперадзе...

    Сцены і лесвіцы ззаду.

    Не азірайся, каханая: гэта не мы!

     

    Гэта не нас даганяе па лесвіцах здрада,

    Гэта не мы сярод сцен, як з нямою нямы,

    Гэта не з намі нянавісць засела ў засаду, –

    Ты не палохайся, любая: гэта не мы...

     

    Гэта ў пару, калі мёдам набраліся соты,

    Згаслі маланкі, бязладна грамы адгулі,

    Раптам над ранкам,

    над ветрам,

    над снегам з лістотай

    Прывіды нашы, спалохаўшы нас, праплылі.

    паэзія

    ***

    Я марыў даць радасць матулі

    І бацькава шчасце знайсці,

    А потым

                 па вёсцы

                              у белай кашулі

    Апошнім парадам прайсці.

    Ды позна!.. Парваліся лёскі

    Між імі і мной! –

              І ў жыцці

                   Адно засталося

                                 па вёсцы

    У белай кашулі прайсці.

    дзяніс бурко

    Дзяніс Бурко

    Дзяніс Бурко нарадзіўся ў 1988 годзе ў Мінску. Мае карані з-пад вёскі Крэва, што на Смаргоншчыне.

    Вучыўся ў ліцэі імя Якуба Коласа. Працуе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Сустваральнік відэапраекта “Litara-A” па папулярызацыі беларускай літаратуры.

    крэва

    Крэва

    Крэва – ты гераічнае.

    Крэва –ты рамантычнае.

    Крэва – ты векапомнае.

    Ты – жывая крыніца.

    Ты – божае месца.

    Ты – казка.

    Ты – песня.

    Ты – бардаўскі кліч.

    Ты – душа Беларусі.

    Цябе я люблю!

    І здрадзіць табе мяне не спакусяць.

    Рэгіянальная газета_Смаргоншчына літаратурная

    Любоў

    На гэтым грэшным свеце

    І ў небе, над зямлёй,

    Адно усіх яднае,

    І то адно – Любоў!

    Любоў не знае злосці,

    Не ведае граху

    І церпіць ўжо без меры

    За ўсіх і за адну...

    Быць верным той Любові

    І той Любоўю жыць –

    Вось мэта існавання:

    Жыццём Любоў дарыць!

    Падзяка

                 Прысвячаю сястрычцы Насці.

    Удзячны я за разуменне,

    За прамяні гарачых слоў.

    За памяць і за летуценні,

    Якія дорыш сэрцу зноў.

    Твае лісты, бы з волі весткі,

    Навіны звыклага жыцця.

    Тут для мяне, як на прадвесні,

    Прыемны шчэбет салаўя.

    Пайду куды ці застануся

    У свеце клопатаў, надзей –

    Ты для мяне апорай будзеш,

    Маёй падтрымкай у нудзе.

     

    АКСАНА ЯРАШОНАК, "Рэгіянальная газета"

Каментаваць