Мода часоў Міхала Клеафаса Агінскага

29.08.2016 17:30Views:
мода_аватарЗдаецца, “Мода” – не самая першачарговая, а нават дробязная пабытовая тэма, няхай сабе і часоў Міхала Клеафаса Агінскага. Пра што тут пісаць? Пра тое, як змяняўся крой, якія былі карункі і фальбонкі? Ці пра фасоны гальштукаў і капелюшоў? Ажно не, аказваецца, што сэнс любых модных перамен заключаецца зусім не ў змене крою.  З пошукам адказу на гэтае пытанне ў мяне атрымалася цэлая гісторыя.

Вось-вось, менавіта гісторыя. Аказалася, мода заўсёды неразлучная з гісторыяй. Яна ідзе нага ў нагу з гістарычнымі падзеямі чалавецтва, а часта і з палітыкай таксама.

Ну вось чаму, напрыклад,  дзядуля Міхала Клеафаса Тадэвуш Агінскі (1712-1783) на адным сваім партрэце  выступае ў французскім касцюме, упрыгожаным карункавым жабо, а на другім – у жупане і кунтушы, якія складалі традыцыйны ўбор шляхты Рэчы Паспалітай?

Слайд9

Можна сказаць: “Што захацеў, тое і апрануў!”. Зусім не. Французкі касцюм апранаўся на свецкія мерапрыемствы: балі, прыдворныя прыёмы, а шляхецкі – на палітычныя спатканні: пасяджэнні сейма, суда, іншых устаноў, а таксама на кожны дзень. Апранаць шляхецкі касцюм  (дэлію - тонкую кашулю з рукавамі, кунтуш - доўгі кафтан, часта без рукавоў ці з адкіднымі рукавамі,  і жупан - верхнюю суконную вопратку) лічылася ў Рэчы Паспалітай ХVІІІ ст. справай патрыятычнай і ганаровай.  Вядома ж, гэтае прадпісанне адносілася толькі да мужчын. Жанчыны ВКЛ і Польшчы прадпісанняў не мелі і заўсёды апраналіся толькі па заходнееўрапейскай модзе.

Да таго ж радня М.К. Агінскага займала высокія дзяржаўныя пасады.  Дзядуля Тадэвуш, напрыклад,  пачынаў палітычную кар’еру як маршалак Галоўнага літоўскага Трыбуналу, а закончыў як маршалак Сенату і ваявода Трокскі (маршалак – старшыня, які вядзе пасяджэнні, а ваявода – гэта найвышэйшы чыноўнік у ваяводстве, ці па-нашаму “вобласці”). Таму ён добра арыентаваўся ў асаблівасцях і адрозненнях шляхецкага касцюма розных рэгіёнаў Рэчы Паспалітай, па якіх можна было пазнаць, адкуль паходзіць шляхціц. Шляхта Віленскага ваяводства (да яго належала і Залессе) павінна была апранацца ў контушы і жупаны зялёнага колеру. Такое прадпісанне вынес сейм Рэчы Паспалітай 1776 г., назваўшы шляхецкі касцюм “грамадзянскім мундзірам”, і касцюм гэты ў кожным ваяводстве быў іншага колеру.

Бацька Міхала Клеафаса Анджэй Агінскі (1740-1787) таксама быў ваяводам Трокскім, а да таго ж яшчэ і асабістым сакратаром караля С.А. Панятоўскага, таму яго вопратка падобная да вопраткі бацькі. Вопратка Міхала Клеафаса ўжо выключна свецкая, прычым тых фасонаў, якія з’явіліся ў Еўропе пасля прыходу да ўлады Напалеона Банапарта. З убору Міхала Клеафаса знік шляхецкі касцюм, бо і сама яго Радзіма Рэч Паспалітая, пачынаючы з 1795 г.,  знікла з карты свету разам з яе ранейшым саслоўным падзелам.

Вяртаючыся ў  першую палову XVIII ст., можна даведацца, што  заканадаўцамі арыстакратычнай моды ў гэты час былі Францыя і Англія. Яны атрымлівалі са сваіх шматлікіх калоній рэдкія тканіны: кітайскі шоўк, індыйскую парчу і баваўняныя тканіны. Гэтыя тканіны,вядома, былі вельмі дарагія і даступныя толькі багацеям.  Саслоўе феадалаў на чале з каралём у ХVІІІ ст. аказалася паразітам на целе бяспраўнага і збяднелага  народа, яно купалася ў бяздумнай раскошы, а дэвізам жыцця зрабіла ПРАЗМЕРНАСЦЬ У ЗАДАВАЛЬНЕННЯХ.

Слайд12

Таму і сам крой вопраткі, і тканіны для яе, і формы прычосак былі празмерна багатымі, яны дэманстравалі раскошу і пыху. Залішне шырокія спадніцы, зашмат упрыгожанняў, напудраваныя парыкі, залішне высокія і нязручныя абцасы мужчынскага і жаночага абутку… Узоры той моды сёння ўспрымаюцца як непатрэбная  экстравагантнасць і пародыя на прыгажосць, але сучаснікам яны здаваліся прыгожымі і хутка распаўсюджваліся ў суседніх краінах.

Слайд13

Прашу звярнуць увагу, што сама з’ява МОДЫ проста не існавала сярод працоўнага люду, які з веку ў век апранаўся па-старому, у традыцыйныя народныя касцюмы.

90-я гады ХVIII ст. сталі пераломнымі ў гісторыі Еўропы. Яны прынеслі кардынальныя змены ў жыцці і ва ўсіх галінах еўрапейскай моды. Растлумачыць гэтыя змены магчыма толькі пры добрым веданні гісторыі і разуменні настрояў у тагачасным грамадстве.

Францыя ў той час аказалася краінай, у якой асабліва абвастрыліся класавыя супярэчнасці паміж багацеямі і беднатой, а таксама паміж старой формай праўлення (абсалютная манархія) і памкненнямі маладой буржуазіі да ўдзелу ў кіраванні і да свабоднага гандлю. Гэтыя супярэчнасці завяршыліся перамогай Вялікай французскай буржуазнай рэвалюцыі, якая знішчыла каралеўскую форму праўлення, адмяніла прыгонныя парадкі і ураўняла ўсе саслоўі ў правах.

Слайд1

Феадалізм з яго натуральнай гаспадаркай і прыгонным правам ужо зжыў сябе, ён перашкаджаў нармальнаму развіццю эканомікі. А маладыя капіталісты павінны былі актыўна дзейнічаць, каб дабіцца поспехаў у бізнесе.  Ранейшая мода не дазваляла ім весці рухавы вобраз жыцця, а жонкам буржуа нязручна было весці хатнюю гаспадарку ў такім адзенні. Таму на змену пышнай модзе арыстакратаў прыйшла сціплая і практычная мода буржуазіі: фрак замест доўгага кафтана, нашыйная хустка замест жабо.

Слайд2

Нам яна можа ўсё ж здавацца залішне складанай і поўнай умоўнасцей у параўнанні з модай сённяшняга дня, але ў параўнанні з ранейшымі фасонамі гэта была ўсё ж больш простая і рацыянальная вопратка. Сталі пераважаць цёмныя аднатонныя колеры тканін, абутак страціў тонкія абцасы і вострыя насы. У мужчынскай вопратцы з’яўляецца новая, больш зручная форма фрака, якая паходзіць ад англійскай жакейскай курткі – з шырокім разрэзам ззаду, які нагадваў перавернутую літару „U”, а на змену кароткім (да калена) штанам кілотам прыходзяць доўгія аблягаючыя панталоны, падабенства сучасных мужчынскіх штаноў.

У стабільнай Англіі, у адрозненні ад рэвалюцыйнай Францыі, моду стваралі не буржуа, а артысты і лорды. Менавіта з Англіі ў Еўропу прыйшоў капялюш-цыліндр, плашч з некалькімі каўнярамі, камізэлькі і рамантычная прычоска “а ля Байран”, якая больш чым 20 гадоў панавала ў Еўропе (дарэчы, менавіта з такой прычоскай намаляваны Міхал Клеафас Агінскі на партрэце Ф.К.Фабра: кароткія падкручаныя валасы ляжаць на цемені ў маляўнічым беспарадку і крыху закрываюць лоб, а густыя бакенбарды спускаюцца аж да падбародка). Такую прычоску мы бачым на многіх партрэтах сучаснікаў Агінскага, якія лічылі яе рамантычнай,  бо першым яе пачаў насіць папулярны англійскі паэт-рамантык Байран.

Што ж адбылося ў гісторыі Францыі далей, што паўплывала на моду? На самым пераломе ХVІІІ і ХІХ стст. спатрэбілася абараніць заваёвы буржуазнай рэвалюцыі ад староннікаў старога феадальнага ладу, якія распачалі сапраўдную грамадзянскую вайну. І такім “абаронцам” найбагацейшая французская буржуазія выставіла генерала Напалеона Банапарта (1769-1821), які змог пры дапамозе ўзброенай сілы спыніць наступленне рэакцыі. Мала таго, пазней ён распачаў заваёўніцкія войны, лічачы, што лепшы спосаб абароны – гэта наступленне. Для ўмацавання сваіх пазіцый Напалеон у 1804 г. нават абвясціў Францыю імперыяй і прыняў тытул імператара. Да 1809 г. ён захапіў Аўстрыю, Прусію, тэрыторыю Польшчы.

Слайд5

У захопленых краінах Напалеон уводзіць новыя, буржуазныя законы на французскі ўзор, адмяняе прыгоннае права. У гэты час ён сам становіцца надзвычай папулярны сярод прагрэсіўна настроеных жыхароў Еўропы, яго ўспрымаюць як героя і вызваліцеля прыгнечаных, чакаюць яго прыходу, і ў сувязі з гэтым у моду ўваходзіць так званы “гераічны стыль” – рамантызаваны воблік мужчыны-воіна і мужчыны-паэта. Як выглядала гэтая мода, мы можам убачыць на партрэце самога Напалеона і на тым жа партрэце Міхала Клеафаса Агінскага пэндзля Ф.К. Фабра або партрэце Адама Міцкевіча на гары Аю-даг пэндзля В.Ваньковіча.

Жаночая мода ў гэты час развівалася інакш. У першыя гады ХІХ ст. у Еўропу прыходзіць мода на антычную жаночую сукенку і прычоску: свабодныя сукенкі шыліся з лёгкіх тканін, якія не сціскалі талію і нагадвалі антычныя хітоны або тунікі, намаляваныя на старажытнагрэчаскіх вазах і барэльефах. Яны падпярэзваліся або былі адразнымі непасрэдна пад грудзямі. Перавага аддавалася беламу колеру. Такі вольны  фасон павінен быў падкрэсліваць натуральную форму цела і нагадваць аб старажытнагрэчаскай прастаце і дэмакратыі. Цікавасць да старажытнагрэчаскіх дэмакратычных форм дзяржаўнага кіравання ахапіла французскае грамадства і выклікала сапраўдную скрайнасць у модзе: жанчыны стараліся ва ўсім нагадваць грэчаскія мармуровыя статуі. Яны дзеля гэтага перад балем нават аблівалі свае сукенкі вадой, каб тыя шчыльна прыліпалі да цела, і не зважалі нават на паўночныя маразы.

Гэткі кірунак у модзе, які, дарэчы, закрануў адначасова і архітэктуру, і мастацтва, і літаратуру, называецца сёння “ампір” (ад французскай формы слова “імперыя”, маецца на ўвазе імперыя Напалеона Банапарта). Ампірная мода мела свае недахопы: “старажытнагрэчаскі” пакрой сукенак вымагаў ад жанчын бездакорнай асанкі і худзізны, таму што інакш жанчына выглядала цяжкай і няспрытнай. Да таго ж, шарсцяныя тканіны не падыходзілі для гэтых фасонаў, бо мода ампір прадугледжвала рамантычную павеўнасць тканіны. Таму ў краінах умераных шырот, у тым ліку і на нашых тэрыторыях, мода гэта хутка страціла папулярнасць, хаця да пачатку 30-х гадоў ХІХ ст. сукенкі яшчэ шыюцца з завышаным станам і захоўваюць прамыя лініі сілуэту. Але мясцовыя дамы ўжо выкарыстоўваюць таўсцейшыя тканіны і ўпрыгожваюць іх мноствам фальбонак на падоле, каб з іх дапамогай імітаваць лёгкасць. Гэтай жа мэце служаць рукавы-буф. Прычоскі эпохі ампір – гладка зачасаныя валасы, сабраныя на макаўцы ў пучок і перавязаныя аздобным шарфам або стужкай. Каштоўных ювелірных упрыгажэнняў жанчыны стараліся пазбягаць ў гэты перыяд захаплення знешняй прастатой. Затое ўсяляк стараліся надаць сабе загадкавы і рамантычны выгляд пры дапамозе празрыстых шаляў і  шырокіх плашчоў.

Што ж, перыяд рамантызму ў модзе прайшоў разам з новымі гістарычнымі падзеямі, але ён не скончыўся ў той нашай літаратуры і музыцы, якія апяваюць гераізм і самаадданую любоў да Радзімы, вернае каханне і ўсеагульнае шчасце. Цікавасць да рамантызму не слабне таму, што гэтая плынь у культуры была народжана светлымі сацыяльнымі надзеямі і прыгожымі духоўнымі  парывамі еўрапейскіх народаў і вучоных-асветнікаў. Нельга не адзначыць, што Міхал Клеафас Агінскі быў выхаваны менавіта на творах французскіх асветнікаў, і гэта дазваляе лепш зразумець многія яго ўчынкі. Пра гэта – у наступным артыкуле.

Таццяна Кляшчонак

 

Каментаваць