“Залессе запрашае сяброў”-2016
Апошнім часам у Беларусі ладзіцца шмат цікавых мясцовых фэстаў. 6 жніўня і ў Залессі на Смаргоншчыне традыцыйна пройдзе фестываль-кірмаш “Залессе запрашае сяброў!”
У свой час ідэя зрабіць былыя Паўночныя Афіны Міхала Клеафаса Агінскага тэрыторыяй сустрэч землякоў, сяброў, аднакласнікаў прыйшла ў галаву неабыякавым мясцовым жыхарам. Сярод іх была і Ала Шыцікава, старшыня фонду “Паўночныя Афіны М. К. Агінскага”. Другой не менш важнай мэтай было аднаўленне музея-сядзібы кампазітара, прыцягненне фінансавых сродкаў для такога маштабнага праекта. Дзе браць грошы?
Маёнтак Агінскіх у свой час паспеў пабыць і домам адпачынку, і домам-інтэрнатам для састарэлых ды інвалідаў. Потым распачаўся расцягнуты на дзесяцігоддзі працэс рэстаўрацыі, у працэсе якога знік апошні княскі камін (і не толькі ён!)
У 90-х жыццё палаца ажыло дзякуючы Сяргею Верамейчыку з Менска. Архітэктар-рэстаўратар, мастак, краязнаўца і проста тталенавіты чалавек стварыў дзіцячую тэатральную студыю “Альтанка” і запачаткаваў традыцыю адзначэння дня народзінаў М. К. Агінскага. Штогод 25 верасня адданыя сябры кампазітара і паўстанца з’яўляліся ў пустым шэрым палацы ды беспрытульным парку. Імправізаваныя канцэрты, экскурсіі, танцы, спевы, пікнікі… Сядзіба ажывала. Хай сабе і на адзін дзень.
Першы фестываль “Залессе запрашае сяброў” быў насамрэч цікавым і шматлюдным, сабраў землякоў з усіх куточкаў Беларусі (і не толькі). Залессе стала тэрыторыяй для сустрэч. Пазней - дзякуй еўрапейскім грантам ды дзяржаўнаму бюджэту! - быў адрэстаўраваны палац. Як раз да 250 год з дня нараджэння Міхала Клеафаса – такі сабе лагічны “дэдлайн”. Цяпер тут шчыруе музей-сядзіба.
6 жніўня пачуем у Залессі мясцовых і сталічных артыстаў, паходзім па горадзе майстроў, выберам лепшы падворак ды завітаем на міжнародны мастацкі пленэр "Па мясцінах натхнення".
Тэрыторыя сустрэч – гэта цудоўна! Нармалёвае жыццё ў вёсцы – наступны этап?
Дар'я Ліс
Фота Тамары Ліс