Скарынкіна: Дзякуючы Мілашу я пачала вывучаць польскую мову

01.07.2016 19:48Views:
Таня Скарынкіна2Пісьменьніца Тацьцяна Скарынкіна жыве й піша ў Смаргоні. Піша вершы, якія перакладаліся на іўрыт, польскую, чэскую, італьянскую і ангельскую мовы. Аднак яе апошняя кніга «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэсьлі” намінаваная на прэмію Гедройца, якая прысуджаецца лепшай кнізе прозы.

Пра паэзію, шмат Мілаша ў сваім жыцьці й захапленьне польскай мовай Тацьцяна Скарынкіна распавяла ў інтэрвію Польскаму радыё.

З паэткай мы сустрэліся пры нагодзе Варшаўскага кніжнага кірмаша. У гэтай імпрэзе паэтка ўдзельнічала упершыню й яшчэ да першага пытаньня пачала распавядаць пра свае ўражаньні.

Т. Скарынкіна: Зацікаўленасьць палякаў папяровымі кнігамі надзвычайная. Я наўмысна пайшла паглядзець на чэргі – яны бясконцыя. Тое самае й за аўтографамі пісьменьнікаў. Мне гэта вельмі падабаецца. Я раней лічыла, што больш за ўсіх кнігамі цікавяцца постсавецкія людзі. Але гэта стэрэатып і я цешуся, што ён разьбіўся.

Я бачу, што Вы пасьпелі ўжо зрабіць кніжныя набыткі. Гэта польская клясыка. Што Вас кранае ў польскай літаратуры?

Т. Скарынкіна: На першым месцы ў мяне Мілаш. Я яго палюбіла зь першага радка. Ён стаў першым штуршком да вывучэньня польскай мовы. Цяпер я чытаю Мілаша па-польску. І ня толькі Мілаша. У арыгінале я чытаю Канстанта Адэльфонса Галчыньскага. Нядаўна я адкрыла выдатнага паэта Станіслава Граховяка. Ежы Герасімовіч, Зьбігнеў Гэрбэрт, я лічу, што гэта найбуйнейшыя паэты сучаснасьці. З польскай прозы першага я прачытала “Салярыс” Станіслава Лема. Цяпер я чытаю, бадай самую складаную для мяне кнігу, “Фэрдыдуркэ” Вітальда Гамбровіча. Чытаю, натуральна, са слоўнікам, але гэта такое задавальненьне. Гэта жывы дыялёг з чалавекам.

Чым жа Вас так зачапіў Мілаш, што Вы ажно польскую мову пачалі вывучаць і зьмясьцілі яго прозьвішча ў назьве сваёй кнігі?

Т. Скарынкіна: Пераклады былі добрыя, але я захацела зразумець, як ён піша ў арыгінале. Для мяне больш важна пачуць сапраўдны голас самога паэта. Зьнешне ён падаецца простым, але насамрэч яго тэксты вельмі складаныя й шматслойныя. Ён вельмі глыбокі, але й просты чалавек. Магчыма таму ён пражыў так доўга, бо яму было што сказаць да канца свайго жыцьця.

У Польшчы стаўленьне да Мілаша рознае. Мала хто адмаўляе яго геній, але шмат каму не падабаецца, што ён крытыкаваў палякаў, паказваў некаторыя іх недахопы.

Т. Скарынкіна: Палякі – розныя. Але я дапускаю, што прычына ў тым, што ён быў разумнейшы за многіх, а людзям гэта не падабаецца. Ён кажа праўду, а яна, як вядома, заўсёды непрыемная. Талент таксама шмат каму непрыемны. А Мілаш быў не проста таленавіты, ён быў геніяльны. Яму было неістотна ў каго якая нацыянальнасьць. Ён інакш ацэньваў людзей. І многіх гэта злуе. Паводле мяне, у літаратуры ўвогуле няма нацыянальнасьці, полу ці ўзросту. Яна альбо добрая альбо кепская.

А за што Вы асабіста любіце Мілаша?

Т. Скарынкіна: За яснасьць розуму. У яго вершах няма аніводнага непатрэбнага слова. Яны як дрэвы зь зямлі, як кветкі. Там няма ніякай позы, няма ніякага жаданьня арыгінальнічаць. Ён такім быў ад пачатку і, як мне падаецца, усё разумеў правільна й намагаўся гэта патлумачыць іншым. Але ж людзі часам не хочуць гэтага ведаць. У адным з інтэрвію ён сказаў: “Шмат хто лічыць мяне высакародным, але я не такі, я складаны чалавек, які спрабуе простымі словамі патлумачыць свае складаныя думкі”.

Вы казалі, што літаратура дзеліцца не па нацыянальнасьці, а па прыкмеце: добрая альбо кепская. Тым ня менш я заўважаю ў Вас ухіл да польскай. Чым яна Вам падабаецца?

Т. Скарынкіна: Мне падабаецца польская мова, як яна гучыць і як яна напісаная. Магчыма таму, што ў мяне ў самой польскія карані. Палова нашых сваякоў жыла ў Варшаве. Я часам гасьцявала ў іх і мне ўсё гэта вельмі падабалася. І Варшаву я ўспрымаю як на палову сваю радзіму. Мне тут заўсёды добра. Гэта цяжка растлумачыць, але я адчуваю тут сябе сваёй.

А як даецца навука польскай мовы?

Т. Скарынкіна: Складана. Калі я яе яшчэ не вывучала, то была перакананая, што я ведаю польскую. Я прыяжджала й размаўляла па-польску са сваімі цёткамі, але яны, відаць, сыходзілі да майго ўзроўня й лагодна адносіліся да маёй польскай. А калі я стала яе вывучаць, то зразумела, што там яшчэ капаць і капаць. Гэта складаная мова й тым яна цудоўная. Калі вучыш мову, то няма часу сумаваць.

Гутарыў Дзьмітры Гурневіч

Каментаваць