Крыжыкі-сцяжкі на жыццёвым палатне. Надзея і любоў Зоі Войтка…

27.05.2016 20:09Views:
аваБеларускі стыль вышыўкі  своеасаблівы і непаўторны… І доўгі час ён быў занядбаны. Адраджаюць яго такія таленавітыя майстры, як Зоя Войтка са Смаргоншчыны. Цікавая жанчына. Маці чатырох дзетак... 

Старэйшая Вікторыя ўжо замужам, а малодшая Надзейка толькі нядаўна нарадзілася… У сувязі з нараджэннем малодшай Зоя на нейкі час выпадала з актыўнага творчага працэсу, але быць майстрам – гэта назаўжды… Зоя вяртаецца да сваіх сцяжкоў-крыжыкаў, а муж і старэйшыя дзеці дапамагаюць з маленькай Надзейкай. Жыццё працягваецца…

Аднойчы ў кватэры пачуўся тэлефонны званок, і Святлана са Смаргоні – даўняя знаёмая - папрасіла вышыць фіранкі ў дзядоўскую хату. Дамовіліся пра сустрэчу… Пры першым поглядзе на тканіну Зоя зразумела, што новая замова будзе не з лёгкіх – даматканае палатно ручной работы з няроўнай асновай… І год яму так 50-70… Цяпер бабулі ў вёсках такіх цудаў ужо не ствараюць!

Як, па якіх крытэрах выбіраецца арнамент?

  • У першую чаргу замоўца кажа, з якой мэтай робіцца вышыўка. Святлана патлумачыла, што ім з мужам дасталася старая дзядоўская хата ў спадчыну. І задача замовы – адлюстраваць у прыгожай ручной рабоце памяць пра бацькоў, продкаў, род… Арнамент павінен быў адпавядаць быту таго, даўнейшага, часу. Такія арнаменты нельга прыдумваць – прыйшлося скарыстацца спецыяльнай літаратурай… Знайшла ўзор з сімваламі маці і памяці пра дом ў аснове.

Як жа вы паспяваеце працаваць з малым дзіцём на руках?

  • Не буду спрачацца – гэта няпроста. Хатнія справы, малая дачушка накладваюць адбітак на працаздольнасць, але ж калі правільна падысці да рэжыму дня і арганізацыі побыту, то паспець можна многае. Дзве гадзіны на працягу дня я магу аддаваць вышыўцы… Дзве гадзінкі штодзень – і можна адолець самую складаную працу, асабліва калі працу гэту любіш і жадаеш дапамагчы чалавеку! Падтрымка сям’і – гэта таксама важна: у выхаванні Надзейкі дапамагаюць і тата, і брацік з сястрычкай… Старэйшая жыве асобна, з мужам. Так я і вышыла фіранкі для Святланы. 31 260 000 крыжыкаў. Два месяцы працы…

Што плануеце рабіць далей?

  • Ручная работа запатрабаваная ў нашы дні - планую і надалей радаваць замоўцаў! Паміж замовамі буду ствараць калекцыю сваіх работ. Ні пры якіх абставінах не хачу і не маю права забывацца пра тую цудоўную жанчыну, якая ўклала ў мае рукі іголку з ніткай. Пакуль я працую, памяць пра яе жывая, жыве ўсё, з ёй звязанае: маё дзяцінства, мая любімая школа-інтэрнат, якая стала мне родным домам, мае дарагія педагогі, што замянілі мне і многім іншым выпускнікам бацькоў. Светлая памяць Радзішэўскай Марыі Ільінічне. Нізкі паклон усім тым работнікам Смаргонскай школы-інтэрната, якія штодзень выхоўвалі нас! Карыстаючыся магчымасцю, хачу сказаць ім усім агромністы дзякуй! Калі мы, вашы дзеці, чагосьці і дасягнулі ў сваім жыцці, то толькі дзякуючы вам, вашый штодзённай працы, клопатам, турботам і любові! Усе мы, вашы дзеці, помнім вас і любім, вы для нас адзіныя.

Беларускі стыль вышыўкі адрозніваецца ад украінскага больш сціплай палітрай колеру (у асноўным чырвоны і чорны, радзей – блакітны, зялёны), ад рускага – памерам крыжыка-сцяжка. Чырвоным па белым, чорным па белым нашы продкі выказвалі радасць і журбу папераменна.  Усё гэта стала для Зоі і захапленнем, і працай, і падтрымкай – тым, што дапамагала і дапамагае трымацца. Жыццёвым стрыжнем.

Дар’я Ліс

Водгук на працу...

З Зояй мы пазнаёміліся некалькі год таму - я фатаграфавала яе работы і, памятаю, была ўражаная, як спрытна яна арыентуецца ў народнай сімволіцы. Рушнік магла прачытаць як кнігу. Напрыклад, жанчына выйшла замуж, пакаштавала горкай долі, страціла дзіця, журыцца па роднай хаце...

Калі я звярнулася да яе з уласнай замовай вышыць фіранкі, падыход быў такім жа грунтоўным. Зоя імкнулася даведацца не толькі пра інтэр’еры, дзе будзе знаходзіцца яе выраб, але і гісторыю сям’і і, так бы мовіць, канцэпцыю жытла. Падмурак быў дыхтоўны – хата дасталася мужу ў спадчыну, там вырасла некалькі пакаленняў яго роду, мы аднавілі і прыстасавалі яе для сябе, максімальна захаваўшы сялянскі побыт. Трэба было штосьці, што будзе сведчыць аб гэтым і аб’ядноўваць сям’ю. Разам з Зояй мы выбралі ў якасці ўзору рушнік Гарадзенскай вобласці, арнамент якога сімвалізаваў родную хату.

Вышыўка – праца карпатлівая і вымагае цярплівасці, у тым ліку – з боку замоўцы. Але Зоін падыход да працы матэматычна вывераны: складанасць тканіны, светлавы дзень, колькасць рапартаў за вызначаны час – усё складаецца ў алгарытм, які выдае ў выніку дату атрымання замовы. То бок, такая зарганізаванасць у “лірычным” майстэрстве здзівіла і ўсцешыла. Цяпер фіранкі радуюць вока нашае і гасцей, а нам прыемна ўзгадваць што вышывала іх смаргонская майстрыха Зоя Войтка.

Святлана Станкевіч

Фота вырабаў - Андрэй Рогач

2_новый размер

3_новый размер

4_новый размер

5_новый размер 6_новый размер

7_новый размер

Каментаваць