Ацалелыя і неацалелыя палацы роду князёў Агінскіх
Мы чуем словы “палац”, “князь”, “княжацкі род”, і звычайна ўяўляем грандыёзныя багатыя пабудовы, арыстакратычны лоск, пышныя прыёмы і ўбранні. Пры гэтым не заўсёды задумваемся, як жа ўсё гэта ўзрастала, дзякуючы чаму дзейнічала і якія вынікі прыносіла для лёсу насельніцтва і краіны.
З адкрыццём музея-сядзібы ў Залессі надышоў час уважліва прыгледзецца да рэальнага жыцця арыстакратыі ў часы Міхала Клеафаса Агінскага, а пачаць гэтае знаёмства падалося лепш за ўсё са знаёмства з архітэктурнай і маёмаснай спадчынай магутнага роду князёў Агінскіх. Звесткі давялося збіраць з самых разнастайных крыніц і злучаць іх у адзіную наглядную карціну.
У залесскім палацы адбылося знаёмства з гісторыяй ацалелых і неацалелых палацаў роду князёў Агінскіх... Аказваецца, архітэктурная спадчына роду князёў Агінскіх не проста вялікая - яна грандыёзная. Жыццё роду на тэрыторыі нашай гістарычнай Радзімы – Рэчы Паспалітай – пачалося з пачатку ХVІ ст. Менавіта ў той час князі Глушонкі (так звалі да ХVІ ст. продкаў князёў Агінскіх) перабраліся ў Вялікае княства Літоўскае з тэрыторыі былой Кіеўскай Русі, дзе яны правілі ўдзельным Казельскім княствам. Глушонкі вялі свой радавод ад Рурыкавічаў, легендарных заснавальнікаў кіеўскай княжацкай дынастыі, і ганарыліся гэтым. Архітэктурныя пабудовы Агінскіх узнікалі там, дзе размяшчаліся іх зямельныя ўладанні або ў найбольш блізкіх буйных гарадах.
Першым зямельным уладаннем Глушонкаў у ВКЛ стаў маёнтак Агінты непадалёк ад Трокаў (сённяшні г.Тракай у Літве). Слова “Агінты” ў перакладзе з літоўскай мовы азначае “лясныя ягады”. Сёння ў Агінтах, малой лясной вёсцы, нішто не нагадвае пра побыт тут Агінскіх, але на адлегласці некалькіх дзесяткаў кіламетраў знаходзяцца пазнейшыя набыткі Агінскіх – мястэчкі Круоніс, Вевіс, Дарсунішкіс, Муру Стрэвінінкай, дзе ацалелі храмы, манастыры, усыпальніцы і нават палацы!
Далейшае падарожжа па Літве прывядзе нас у вёску Вейсеі – месца жыхарства першага сына Міхала Клеафаса Агінскага з першага шлюбу – Тадэвуша Антонія (1798-1844), дзе таксама да 1928 г. стаяў мураваны палац і дзе пахаваны сам Тадэвуш Антоній і яго наследніца - дачка Амелія Валовіч.
У самой сталіцы Літвы – Вільнюсе – захаваліся і паспяхова эксплуатуюцца два палацы Агінскіх. Недалёка ад Палангі, у гарадку Плунге, ацалела сапраўдная архітэктурная жамчужына – палац наймалодшага ўнука Міхала Клеафаса, Міхала Мікалая (1849-1902). А велічны палац у горадзе Рэтавас, які належаў у 30-я-60-я гады ХІХ ст. сыну Агінскага Ірэнэўшу (1808-1863), не ацалеў ад разбурэння і на гэтым месцы захаваўся толькі стары парк і дробныя старадаўнія пабудовы. Радасна адзначыць, што ў адной з іх размясціўся музей роду князёў Агінскіх, а на месцы неіснуючага палаца ў мінулым годзе адкрыты помнік гербу князёў Агінскіх “Брама”.
За няпоўныя чатыры стагоддзі (з ХVІ па сярэдзіну ХІХ) рознымі прадстаўнікамі роду князёў Агінскіх было пабудавана шмат палацаў і на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Гэта тлумачыцца тым, што Агінскія не толькі самі набывалі або выслужвалі землі, а і атрымлівалі іх у якасці шлюбнага пасагу ад сваіх жонак, а таксама па спадчыне, у розных кутках ВКЛ. Аказалася, што ацалеў і знаходзіцца ў добрым стане палац Агінскіх у Бешанковічах, а палац Міхала Клеафаса ў Гродне стаў часткай сучаснага Гродзенскага піўзавода.
Захаваліся будынкі палацаў, якія належалі Міхалу Казіміру Агінскаму, у Смілавічах і Дукоры. Не захаваліся, але ёсць у чарцяжах і малюнках палацы Тадэвуша Агінскага ў Гануце, Францішка Ксаверыя Агінскага ў Маладзечне, Залессі, Міхала Казіміра Агінскага ў Слоніме.
Мноства ацалелых палацаў Агінскіх ёсць і ў сучаснай Польшчы. Усе яны паходзяць з ХVІІІ ст., калі на пастаяннае жыхарстваў Польшчу перанёсся бацька Міхала Клеафаса Анджэй Агінскі (1740-1787), асабісты сакратар апошняга караля Рэчы Паспалітай С.Панятоўскага. Перш за ўсё гэта палац у мястэчку Гузаў, родны дом Міхала Клеафаса Агінскага, збудаваны Анджэем Агінскім, палацы Міхала Казіміра Агінскага ў Варшаве, Небарове і Седльцах, перабудаваны палац у г. Сакалове-Падляскім, у якім Міхал Клеафас у 1793 г. прымаў караля Панятоўскага. Удалося таксама знайсці фотавыяву неіснуючага ўжо палацу Міхала Клеафаса Агінскага на вуліцы Кракаўскае Прадмесце ў Варшаве, дзе ён жыў з жонкай Ізабелай у 1792 г.
Узгадаўшы пра ацалелыя і неацалелыя палацы роду князёў Агінскіх, нельга было не паглыбіцца ў гісторыю іх дзейнасці на падуладных тэрыторыях. Гэта абшырная і супярэчлівая тэма, але і 200-300 год назад не мог лічыцца добрым гаспадаром той, хто не клапаціўся пра патрэбы сваіх сялян, не будаваў для іх школы, храмы, гасцінцы. Менавіта магнаты і найбольш уплывовая шляхта тварылі гісторыю нашых мясцін у старадаўнія часы, і аддаць ім даніну пашаны – наша задача. Ацалелыя храмы, пабудаваныя родам Агінскіх – наступная тэма для нашага музейнага даследавання.
Таццяна Кляшчонак