«Гданьскае трыо» ў Паўночных Афінах

21.03.2016 20:29Views:
гданьскае трыо_ава19 сакавіка ў залескім музеі-сядзібе М. К. Агінскага адбылася чарговая цікавая імпрэза – канцэрт класічнай музыкі калектыву «Гданьскае трыо» з далёкага прыморскага горада. Фартэпіяна, скрыпка і віяланчэль — Ганна Прабуцка-Фірлей, Павел Куклінскі, Кшыштаф Сперскі.

У праграме канцэрта прагучалі творы М. К. Агінскага (не абышлося і без славутага паланэза!), Р. Шумана, Л. Надэльмана, Ф. Шапэна…

Усе музыкі-выканаўцы — выпускнікі Гданьскай акадэміі музыкі, выкладчыкі музычнай акадэміі імя Станіслава Манюшка, лаўрэаты шматлікіх польскіх і міжнародных конкурсаў. Асаблівая заслуга “Гданьскага трыо” — у пошуку і аднаўленні напаўзабытых старых твораў польскіх кампазітараў…

DSC09098_новый размер

У якасці канферансье залескай вечарыны выступіў віяланчэліст Кшыштаф Сперскі і зазначыў, што быў прыемна шакаваны выглядам адноўленага маёнтка Міхала Клеафаса. І тым, што ў Залессі лунае дух Агінскага…

DSC09094_новый размер

Невядома, ці зазірнуў гаспадар маёнтка ў вокны музычнай залі, але яна шчыра вітала класіку і, пэўна ж, згадвала часы князя і яго самога.

Пан Кшыштаф Сперскі неаднойчы ўжо бываў у Смаргоні, ведае трагічную гісторыю горада… Гэта было пацверджана выкананнем сюіты “Габрэйскае вяселле” ў пяці частках. Музыкі прысвяцілі твор смаргонскім габрэям, загінуўшым у час другой сусветнай. Вядома, што габрэі складалі 70% даваеннага насельніцтва горада.

DSC09086_новый размер

Фартэпіяна, скрыпка, віяланчэль прагучалі ў маёнтку князя Міхала, і распачаўся снег. Сапраўдная сакавіцкая завея-завіруха. Вясну прыпынілі на нейкі час. Паставілі паўзу.

Дар'я Ліс, Zalesse.by

Каментаваць