Праект у Камарове высока ацанілі з боку Еўрапейскай камісіі. Але 800 тысяч еўра два гады не працуюць на развіццё вёскі

16.03.2016 16:05Views:
kamarovaЗа грошы Еўрасаюза ўжо маглі б рэканструяваць графскі дом і стварыць новыя працоўныя месцы на вёсцы. Але з-за юрыдычных пытанняў сродкі “завіслі” ў банку.

Аграэкатурызм і цэнтр развіцця

Вёска Камарова на Мядзельшчыне для вясковага бізнесу асаблівая – у многіх пачынаннях яна была першай. Тут пачалі развіваць аграэкатурызм, яшчэ калі пра яго мала хто чуў у Беларусі. Тут з’явіўся першы ў краіне цэнтр развіцця сельскага прадпрымальніцтва “Камарова”, сталі ладзіцца рэспубліканскія кірмашы народных рамёстваў і промыслаў “Камарова-кола дзён”, ажыццявілі праекты ў альтэрнатыўнай энергетыцы, экалогіі і эканоміцы.

Рабілі шмат для таго, каб вёска развівалася, каб тут заставалася моладзь.

– Любыя планы па развіцці вёскі нерэальныя, калі тут не будзе моладзі, – падкрэслівае кансультант Цэнтра развіцця сельскага прадпрымальніцтва “Камарова” Эдуард Вайцяховіч.

А для гэтага патрэбныя працоўныя месцы. Таму і задумалі адкрыць вясковы бізнес-інкубатар. Ён павінны дапамагаць людзям арганізаваць сваю вытворчасць, забяспечыць памяшканнямі.

Для навучальнага цэнтра бізнес-інкубатара падабралі будынак – графскі дом 19 стагоддзя. Яго не выкарыстоўваюць ужо з 1998 года.

– Будынак цяпер у страшным стане. Трэба неадкладна рэканструкцыю рабіць, там нічога жывога няма – толькі сцены, і тыя трэба рамантаваць. Падумалі, што адрэстаўраваць графскі дом – для Камарова гэта вельмі важна, таму што вёску найперш ведаюць па сядзібе з паркам. Палічылі, што пасля рэстаўрацыі зробім тут навучальны цэнтр, дзе можна будзе размясціць не звязаныя з вытворчасцю прыватныя прадпрыемствы, для якіх трэба толькі офіс. А ў іншых будынках размесцім вытворчасці.

Эдуард Вайцяховіч

Як праект затармазіўся

Напісалі праект. Яго падтрымала Еўракамісія і выдзелілі грант грамадскаму аб’яднанню “Жанчыны за адраджэнне Нарачанскага краю” – з улікам сафінсавання ён перавышае 800 тысяч еўра. Два гады таму паступіў першы транш – 172 тысячы еўра.

Здаецца, далей проста: выкарыстоўвай грошы, развівайся. Але тут узнікла праблема.

Каб пачаць працаваць з грантам, трэба зарэгістраваць праект у Міністэрстве эканомікі. Там адмовілі ў рэгістрацыі, таму што будынак не знаходзіцца ва ўласнасці атрымальнікаў, а ў камунальнай уласнасці вобласці.

Справа ў тым, што інвестыцыйны дагавор па стварэнні бізнес-інкубатара заключылі яшчэ ў 2012 годзе да атрымання гранту. У той час заканадаўства не дазваляла перадаваць будынак ва ўласнасць, таму перадалі яго ў бязвыплатнае карыстанне. Абяцалі вырашыць пытанне ўласнасці потым.

– Калі ўзнікла патрабаванне стаць уласнікамі, пачалі прасіць: перадайце будынак ва ўласнасць бязвыплатна ці прадайце з аўкцыёну за невялікія грошы. Бо падлічылі, што тут трэба велізарныя грошы на рэканструкцыю, – працягвае Эдуард Вайцяховіч. – Адмовілі. Сказалі, што вы яшчэ павінны заплаціць штраф у памеры арэнды з-за невыканання ўмоў інвестыцыйнага дагавора, бо не зрабілі рэканструкцыю будынка. А як жа яе зробіш, калі грошы не дазволілі выкарыстоўваць?! Урэшце, па рашэнні эканамічнага суда вобласці улетку мінулага года заплацілі больш за 40 мільёнаў рублёў. Амаль год таму тагачасны намеснік старшыні Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын у эфіры АНТ казаў: “Мы сёння не пярэчым супраць перадачы будынка ва ўласнасць аб’яднання з умовай выканання патрабаванняў дзеючага заканадаўства ў 2012 годзе”. Мы заплацілі ўсе, што трэба.

А далей ізноў пачаліся хаджэнні па кабінетах і перапіска – дырэктар цэнтра развіцця сельскага прадпрымальніцтва “Камарова” Ала Вайцяховіч паказвае шмат допісаў і адказаў.

– Адказы даюцца ні пра што. А час сыходзіць. У самыя кароткія тэрміны выдзеленыя грошы могуць забраць назад. Ніхто не будзе чакаць, што сродкі будуць вісець у банку і не выкарыстоўвацца. Я думаю, што восемсот тысяч еўра – гэта не такія малыя грошы для любой краіны, – даводзіць Эдуард Вайцяховіч.

Якое бачыце выйсце?

– Лічу, сітуацыя простая. Для яе вырашэння у Мінаблвыканкама ёсць абсалютна ўсе паўнамоцтвы. Аблвыканкам можа перадаць ці прадаць нам будынак графскага дома, і будынкі для арганізацыі прадпрыемстваў.

Праўда, з пакупкай таксама можа быць не так проста. Паводле ацэнкі, першапачатковая цана сядзібнага дома – каля 600 мільёнаў рублёў.

– І гэта на будынак, у які трэба ўкласці кучу грошы, – непакоіцца Эдуард Вайцяховіч.

Што ў планах

Цяпер у Камарове шукаюць рознае выйсце. Падумалі, што можа, адмовіцца ад гэтага будынка, перапісаць праект на базе цэнтра. Але ж у такім выпадку, ці адрэстаўруе хто графскі дом?

Калі ўдасца запусціць праект, хочуць зрабіць шэсць прадпрыемстваў – самых розных. У праекце выдаткаваныя грошы на падтрымку гэтых прадпрыемстваў.

– Лічу, па 10-15 тысяч еўра – прыстойная падтрымка для маладога прадпрыемства. Гэтыя ж грошы не трэба аддаваць, – кажа Эдуард Вайцяховіч.

Плануюць набыць старыя калгасныя майстэрні, калі яны будуць выстаўленыя на аўкцыён. Знайшлі інвестара на праект “Мануфактура хлеба і павідла”. Паводле яго, плануецца адрадзіць пякарню ў Камарове, пабольшыць яе, выпякаць хлеб па старой тэхналогіі. Рабіць павідла з тых пладоў, якія традыцыйна растуць у краі. Ёсць ідэі, каб асабістыя гаспадаркі пераарыентаваць на экалагічную прадукцыю – каб у сезон праводзіць экалагічныя кірмашы.

Ідэй шмат, але трэба, каб была аснова – памяшканні.

– Хай бы выстаўлялі старыя будынкі на аўкцыён. Калі не мы, то хай нехта іншы купіць – абы не пуставала. Разумееце, будзе нейкае прадпрыемства, будуць рабіць людзі, плаціць падаткі, будзе жыццё нейкае вакол. Чым болей тут будзе працаваць прадпрыемстваў, тым лепей будзем людзям на вёсцы.

– Неаднойчы ў нас пыталіся: “Нашто вам гэта трэба?”. Бо мы і іншыя не хочам з’язджаць, проста хочам жыць тут, у гэтай вёсцы, каб дзеці засталіся, каб унукі каля нас жылі. Ва ўсім свеце людзі жывуць у вёсцы, нармальна сябе адчуваюць і не думаюць нікуды з’язджаць, – завяршае размову Эдуард Вайцяховіч.

Каментар у тэму:

Праект быў высока ацэнены з боку Еўрапейскай камісіі

Сітуацыю каментуе каардынатар праектаў Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Беларусі Аляксей Вавохін:

– Кароткатэрмiновыя затрымкі ў рэалізацыі праектаў па розных прычынах досыць распаўсюджаныя. Тым не менш, такія значныя затрымкі з’яўляюцца выключэннем. Са шкадаваннем адзначаю затрымку ў рэалізацыі праекта. Прайшло ўжо больш за два гады з моманту падпісання грантавага кантракту і фармальнага пачатку праекта, аднак да гэтага часу практычная рэалізацыя мерапрыемстваў не пачалася. Мы спадзяёмся, што сітуацыя выправiцца ў бліжэйшы час. Зараз разам з арганізацыямі, якія атрымалі грант, выпрацоўваем магчымае рашэнне.

Аляксей Вавохін дадаў, што праект быў высока ацэнены з боку Еўрапейскай камісіі і менавіта таму атрымаў фінансаванне:

– Праект накіраваны на развіццё мясцовай дзелавой ініцыятывы і прадпрымальніцтва, падтрымку бізнес-ініцыятыў у сельскіх рэгіёнах, дзе прапанова такіх магчымасцяў дастаткова лімітаваная. Я лічу, што паўнавартаснае функцыянаванне сельскага бізнес-інкубатара ў Камарове з фінансавай падтрымкай Еўрапейскага саюза здольная зрабіць значны ўклад у развіццё раёна i рэгiёна, даць дадатковыя магчымасці мясцовым жыхарам, правесці навучанне значнай колькасці маладых прадпрымальнікаў, падтрымаць іх сацыяльныя і эканамічныя бізнес-ініцыятывы, стварыць новыя працоўныя месцы.

Падкрэсліў ён, што падтрымка рэгіянальнага і мясцовага эканамічнага развіцця ўвогуле з’яўляецца адным з асноўных прыярытэтаў у супрацоўніцтве Еўрапейскага саюза і Беларусі, і гэты праект можа стаць выдатным прыкладам такога супрацоўніцтва.

АЛЕСЬ ВЫСОЦКІ, Рэгіянальная газета"

Каментаваць