“Поспех сустракаюць апладысментамі”
Менавіта так вучні нашай школы сустракалі маладога пісьменніка, аўтара рамана-фэнтэзі для падлеткаў “Сем камянёў” Аляксея Шэіна: ведалі, што яго імя ўваходзіць у ТОП-10 самых чытаемых аўтараў Беларусі , а яго кніга—у ТОП-3 самых прадаваемых.
На пачатку сустрэчы пісьменнік грунтоўна пазнаёміў прысутных з гісторыяй фэнтэзі ў сусветнай літаратуры. Адна за адной ажывалі перад вачыма вучняў сцэны са знакамітых твораў К.С.Льюіса “Хронікі Нарніі”, Дж.Р.Толкіна “Уладар пярсцёнкаў”, К.Пааліні “Эрагон.” Адкрыццём для дзяцей сталі назвы беларускіх твораў, створаных у жанры фэнтэзі: “Лабірынты” В.Ластоўскага, “Адваротны бок люстра” К.Шталенковай.
“Гэтая прыгодніцкая літаратура, —зазначыў аўтар, — асабліва творы К.С.Льюіса, натхнілі мяне на напісанне ўласнага рамана-фэнтэзі”. У маладога пісьменніка была і яшчэ адна прычына звярнуцца да жанру фэнтэзі: перачытаўшы са сваімі маленькімі сынамі ўсе беларускія дзіцячыя кнігі ў бібліятэцы, ён убачыў недахоп прыгодніцкай літаратуры для падлеткаў.
Тры з паловай гады майстэрствам і сэрцам пісаўся гэты раман. Прывабліва зіхацяць на вокладцы кнігі выявы сямі каштоўных камянёў. І назва, і вокладка кнігі невыпадковыя. Яшчэ ў школе Аляксей наведваў геалагічны гурток і зацікавіўся гісторыяй камянёў, нават сабраў невялічкую прыватную калекцыю. Яго юнацкія захапленні знайшлі адлюстраванне і ў змесце рамана. Афармленне малюнкаў у тэксце належаць мастаку Раману Суставу, для якога гэта быў першы досвед працы над менавіта беларускамоўнай кнігай. Імя мастака-графіка вядома аматарам камп’ютарнай гульні “Танчыкі”.
Падзяліўся аўтар і яшчэ адной навіной: літаральна некалькі дзён таму буктрэйлер кнігі "Сем камянёў" стаў пераможцам фестывалю мабільнага кіно velcom SmartFilm у намінацыі "Лепшы альтэрнатыўны буктрэйлер".
У ходзе сустрэчы Аляксей правёў віктарыну з уручэннем прызоў тым, хто першы правільна адказваў на пытанні. Дзеці назаўсёды запомняць гісторыю паходжання слоў “імбрык” і “гарбата”, узрост Уладзіміра Караткевіча падчас напісання рамана “Дзікае паляванне караля Стаха”, зразумеюць, што “кожны чалавек на Зямлі адметны і прызначаны для нечага свайго”.
На развітанне ўсе жадаючыя маглі зрабіць фота з аўтарам і атрымаць на памяць аўтограф. Дарослыя і дзеці дзякавалі аўтару апладысментамі, зачараваныя непаўторнай атмасферай яднання рэальнасці і фэнтэзі.
Наталля Сідарава, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Залескага яслі-сада-сярэдняй школы