За мяжой аседласці, на мяжы Сусвету

17.02.2016 19:04Views:
мошэ кульбакКульбака-паэта, Кульбака-празаіка і драматурга ведалі і любілі ў Мінску, Маскве, Варшаве, Вільні, Коўне, Адэсе, Берліне, нават у далёкім Брукліне. Любілі і паважалі за яго неардынарную творчасць, за жыццялюбства, за талент педагога і наватара. Яго творчае жыццё ад першага апублікаванага верша “Зорачка” і да апошняй п’есы ахоплівае толькі два дзесяцігоддзі. Творы Машэ Кульбака перакладзены на беларускую, літоўскую, польскую, нямецкую, англійскую, французскую мовы.

Яго забілі і доўгі час хавалі гэта, выкрэслілі яго імя, спалілі кнігі. Толькі, як вядома, рукапісы не гараць, а надрукаванае і выдадзенае - тым больш. Аднаму Богу дадзена права вырашаць, якім творам жыць, а якія павінны знікнуць.

Пра настаўніка, паэта, драматурга, празаіка, філосафа Машэ КУЛЬБАКА сёння мала хто ведае. У Вільнюсе аб ім нагадвае толькі ўстаноўленая на вул. Кармеліту, 5 мемарыяльная дошка. Гэтаму гораду ён прысвяціў у свой час паэму, у якой называе Вільню так: “Ты - псалтыр з жалеза і гліны, /Твая кожная сцяна – мелодыя, /Кожны камень твой – малітва”.

А вось гэтыя радкі нарадзіліся пад уплывам яго дзіцячых і юнацкіх уражанняў, атрыманых на малой радзіме – на Смаргоншчыне:

“Дык слухай жа: тут кожны прут – жалейка,
І скрыпка – кожны камень каля шляха;
Звініць нарогам луг, спявае жнейка,
Блішчыць на градцы заступ нібы бляха,
А ў трыснягу заводзіць сваю песню
Маленькая няўрымслівая птаха…” (пераклад А. К.)

А што ведаюць пра таленавітага творцу ў Смаргоні, дзе ён нарадзіўся, дзе атрымаў пачатковую адукацыю і адкуль пачаўся яго шлях у вялікі свет? Кароткія звесткі можна знайсці ў Кнізе “Памяць”, а яшчэ - у сёлетнім календары юбілейных і гістарычных дат ёсць згадка пра 120-гадовы юбілей пісьменніка. Музейныя работнікі ды краязнаўцы пра яго памятаюць.

Машэ Кульбак пачынаў пісаць на іврыце, а потым перайшоў на ідыш. Ён не быў сіяністам. Ён проста пісаў для свайго акружэння, на той мове, якая найбольш магла адлюстраваць менталітэт, характар, яскравы гумар і музыку маўлення яго народа. Нават у перакладзе на іншыя мовы творы таленавітага аўтара захоўваюць свой “смак” і непаўторны каларыт. Перакладчыца Рахіль Баўмволь так выказвалася пра літаратурны стыль Кульбака: “Кожны радок яго твораў спявае… У ім прысутнічае рафініраваная еўрапейскасць і яўрэйская народнасць адначасова. Яго паэзія, як і яго проза, - гэта новы ракурс у літаратуры”.

Нарадзіўся Машэ Кульбак 20 сакавіка 1896 года, напрыканцы яўрэйскага свята Песах – іўдзейскай Пасхі ў гонар сыхода яўрэяў з егіпецкага рабства. Ці не таму ўсё яго жыццё – імкненне да свабоды, да ведаў, да справядлівага свету і самасцвярджэння ў гэтым свеце. Яго продкі доўгі час жылі ў Смаргоні. І дзед, і бабуля, і ўсе дзядзькі – смалакуры, плытнікі, гарбары. Бацька быў малодшым з сямнаццаці родных братоў. Сам Машэ меў пецярых братоў і дзвюх сясцёр. Трое старэйшых братоў з’ехалі ў 1913 годзе ў Амерыку. А ён у 1928 годзе будучы даволі вядомым у многіх краінах свету аўтарам з марай пра новую эру накіраваўся ў Савецкую Беларусь.

Ці не найбольшую славу Кульбаку прынесла кніга “Зелмяняне”, якую ён пісаў “на злобу дня”. Патрабавалася паказаць, якое шчасце прынесла ў кожны дом і ў кожную сям’ю савецкая ўлада. Ён захапляўся вобразам “бронзавых хлопцаў”, мужнымі стваральнікамі новай эры, але з-пад пяра таленавітага і шчырага пісьменніка выходзілі праўдзівыя радкі, якія нельга далучыць да марксізму. Вучань Машэ Кульбака Веніямін Пумпянскі ўспамінаў, як сам аўтар выказваўся пра гэту сваю работу: “Адной рукой пішу, а другой трымаюся за жывот”.

Іскрысты гумар пісьменніка адначасова вельмі пяшчотны, добры, паблажлівы. Няма нават намёка на сатыру. Іранізуючы над забабонамі і адсталасцю зелмянянаў, ён з уласцівай толькі яму дасціпнасцю апісвае бытавыя сцэны. Варта згадаць хоць бы пра завяшчанне, якое галава сямейства рэб Зелмен-Эля напісаў на пераплёце малітоўніка: “Я маю намер сам, пакуль яшчэ жывы, падзяліць паміж маімі дзецьмі ўсё, што застанецца пасля маёй смерці. Я лічу, што павінна быць так: мае дзеці застаюцца жыць на маёй палове… Маё месца ў сінагозе няхай прададуць і возьмуць за яго сто пяцьдзясят цалковых. Акрамя таго, у мяне ў печцы пад шостай цаглінай схавана адна тысяча цалковых. Дык няхай іх падзеляць так: майму сыну Ічэ – сто пяцьдзясят цалковых, таму што Іча ўжо браў 150 цалковых у кошт спадчыны; астатнім сынам – па дзвесці цалковых, дочкам – па сто цалковых. А Гурвіцу няхай аддадуць сто шэсцьдзясят цалковых, якія я ў яго ўзяў, каб даць сыну свайму Ічэ ў кошт спадчыны”.

Іншы раз пісьменнік шчыра забаўляецца, малюючы недарэчнасці ў паводзінах людзей перад “пладамі” тэхнічнага прагрэсу. Для двара Зялмненавых з’яўленне электрычнасці, радыё і першы трамвай былі дзівосамі больш уражваючымі, чым для нас поўзенне лунахода па месяцу. “…Бабулю Басю электрычнасць уразіла, як удар маланкі. Яна сядзела па-зімоваму захутаная і завязаная, глядзела шырока расплюшчанымі вачыма на лямпачку і казала: “Тут мне больш няма чаго рабіць. Трэба накіроўвацца да свайго таты…” Дзядзя Іча пры гэтым разгубіўся і пачаў яе адгаворваць, маўляў, куды ты пойдзеш у такую цемень?

Чытаючы твор, спачатку губляешся ў колькасці імёнаў і персанажаў, аднак характарыстыкі іх настолькі своеасаблівыя, сочныя, дакладныя, што вобразы надоўга ўразаюцца ў памяць. Двор Зялменавых на ўскраіне горада – гэта цэлая вуліца драўляных дамоў, паграбоў, хлеўчыкаў – ці не такія карцінкі бачыла я на старажытных фотаздымках Смаргоні міжваеннага перыяду? Мясцовыя жыхары і сёння ведаюць, што ў той час большасць насельніцтва горада была яўрэйскай нацыянальнасці. Сёння сітуацыя іншая, аднак у гаворцы смаргонскіх ураджэнцаў-старажылаў яшчэ праскокваюць часам такія адметныя жарты з прысмакам яўрэйскага гумару.

А што да Машэ Кульбака, то ў яго творах, асабліва вершах, прысутнічае лірычны пачатак і вельмі эмацыянальнае ўспрыманне навакольнага свету. Успрыманне такое ўласцівае сентыментальнаму тутэйшаму люду.

А ноч якая! І іграе нябесная сіняя скрыпка
і снежная віяланчэль…
За тысячы вёрстаў дзіця маё бачыць
мяне
і ціха смяецца…

Найлепшыя творы становяцца народнымі. Так здарылася і з вершам “Зорачка” (“Штэрнд”), упершыню апублікаваным у 1916 годзе ў Вільні. Верш стаў народнай песняй. Першапачатковую мелодыю напеў сам паэт. Наогул, у яго да многіх аўтарскіх вершаў былі свае мелодыі. З музычных тэм пачыналіся яго вершы, нібы душа спачатку настройвалася на нейкія нябачныя касмічныя хвалі, і на фоне гэтых медытацый нараджалася паэзія. Таму гэтыя радкі вечныя, імі можна і сёння прызнавацца ў каханні:

Да белага запясця ў цішыні
Схіляюся, і кроў бяжыць хутчэй.
Вось так схіліўшыся застануся навек
Я перад той, што мне за ўсіх ярчэй.

Першапачатковую адукацыю Машэ Кульбак атрымаў у яўрэйска-рускай казённай школе, затым у Валожынскай і Мірскай ешывах. Потым выкладаў у Смаргоні, Мінску, Вільні. Падчас Першай сусветнай вайны працаваў настаўнікам у яўрэйскім доме для сірот у Коўне. У 1920 годзе пачынаючы пісьменнік пераехаў у Берлін. У гэты час ім напісана паэма “Беларусь” і падрыхтаваны да выдання зборнік вершаў. У 1923 годзе Кульбак накіроўваецца ў Вільню, дзе быў моцны культурны яўрэйскі асяродак. Тут ён выкладаў у яўрэйскіх гімназіях і настаўніцкай семінарыі, выступаў з лекцыямі, публікаваў артыкулы пра яўрэйскую літаратуру. У 1927 годзе яго абралі старшынёй Глабальнага яўрэйскага ПЭН-клуба. У гэты перыяд з’яўляюцца з-пад пяра творы на гістарычныя тэмы з філасофскім падтэкстам, матывамі фальклору, элементамі містыцызму.

Са слязамі на вачах яго вучні і сябры развітваліся з Машэ Кульбакам, калі той, ад’язджаў у Беларусь, дзе ў яго была вялікая радня. Пісьменнік лічыў, што яго месца там, ён спадзяваўся, што СССР будзе для яго краінай вялікіх магчымасцей. Аднак не пройдзе і дзясятка гадоў, як ён стане першай ахвярай рэпрэсіўнага апарата. 11 верасня 1937 года яго арыштавалі, а 29 кастрычніка растралялі як ворага народа. П’есы, напісаныя ім, былі зняты з рэпертуару ўсіх яўрэйскіх тэатраў. Кнігі знішчаны.

У Машэ Кульбака было двое дзяцей: сын Эля і дачка Рая. Пасля смерці бацькі, а ў хуткім часе і маці яны апынуліся ў дзіцячым доме, адкуль іх затым забрала цётка Тоня. Падчас Другой сусветнай вайны Раі дзіўным чынам удалося выжаць. А Элю разам з бабуляй, дзядулем, цёткай Тоняй і яе дачкой Матусяй фашысты растралялі ў 1942 годзе. Рая не памятала свайго бацьку і таму ўсё жыццё па крупінках збірала ўспаміны пра яго.

Машэ Кульбак быў аўтарам адметным. Ён любіў навакольны свет, любіў гульню слоў, любіў філасофскія разважанні і цешыўся сваім адкрыццям, трапным вобразам, народжаным уяўленнем і багатай аўтарскай фантазіяй.

“Што такое чалавек? – разважае Кульбак. – Жменька крохкіх костак. І ўсё ж ён марыць, спявае, стварае… Так, чалавек смертны. Але ёсць гукі музыкі і ёсць захапленне перад ведамі, і вечныя пытанні: хто ты і што ты?”

Ала КЛЕМЯНОК

Каментаваць