Гістарычная гасцёўня ў музеі

17.01.2016 18:00Views:
аваПадзеі юбілейнага года М.К.Агінскага прывялі да нараджэння ў нашым музеі новых ініцыятываў. Нам хочацца, каб весткі пра нашы культурныя навіны даходзілі ў першую чаргу да нашых землякоў – жыхароў Залесся. І не проста даходзілі, але і хвалявалі, нараджалі жаданне іх абмяркоўваць, збірацца ў нашым прыгожым палацы і сумесна наталяць прагу гістарычных ведаў, самім дзяліцца імі.

19 снежня ўжо прайшла першая спроба пасяджэння гістарычнай гасцёўні ў музеі. Яна насіла даволі мудрагелістую назву: “Палац М.К.Агінскага ў чаканні Свят Божага Нараджэння, або Мясцовая шляхта часоў Агінскага”. Для лепшай даходлівасці мы прымянілі тэатралізацыю, дзе вядучай сустрэчы “стала” сучасніца М.К.Агінскага – пісьменніца-мемуарыстка з недалёкага ад Залесся  маёнтка Дабраўляны, графіня Габрыеля Пузына (навуковы супрацоўнік Таццяна Кляшчонак). З дапамогай дачкі Міхала Клеафаса Амеліі яна абмеркавала падрабязнасці свайго жыцця ў палацы бацькоў, расказала пра візіты вядомых людзей у Дабраўляны і нават пра сваю перапіску з Адамам Міцкевічам. Амелія (Наталля Чудакоўская) прадэкламавала некалькі вершаў самой Г.Пузыны, арганізавала развучванне салоннай гульні ў фанты. Шляхта часоў Агінскага менавіта так праводзіла перадсвяточныя вечары – у размовах, гульнях, слуханні сур’ёзнай музыкі. Гучала фартэп’янная музыка пачатку ХІХ ст. і ў нас.

DSC08243_новый размер

Найбольшай культурнай падзеяй вечара сталася сустрэча са знаўцамі мясцовай шляхты – Васілём Юршам з Мінска, аўтарам нядаўна надрукаванай  кнігі “Шляхта Ашмянскага павету” і смаргонскім краяведам Уладзімірам Прыхачам. Васіль Юрша расказаў пра паходжанне шляхецкага саслоўя, пра сваю працу ў беларускіх архівах і паясніў ролю шляхецкага герба ў жыцці таго ці іншага  шляхціца. Уладзімір Прыхач паказаў і пракаментаваў прэзентацыю “Шляхта залескіх ваколіц”, дзякуючы якой стала нагляднай карціна памешчыцка-шляхецкага культурнага атачэння М.К.Агінскага ў Залессі.

DSC08191_новый размер

DSC08197_новый размер

DSC08231_новый размер

У сучаснай гістарычнай навуцы тэмы, якія датычаць жыцця вышэйшых саслоўяў мясцовага грамадства, вельмі мала распрацаваны, ім дасюль не ўдзялялася дастатковай увагі нашых вучоных. Але ж менавіта са шляхты і арыстакратыі паходзіла тагачасная дзяржаўная эліта і дзеячы навукі і культуры. Стварэнне музея М.К.Агінскага абавязвае нас набліжацца да высвятлення гэтай тэмы на падставе даступнага нам матэрыялу.

Пасля заканчэння сустрэчы абмеркаванне пытанняў гісторыі перакачавала ў палацавую кавярню. За кубачкам травяной гарбаты прыемна было не спяшаючыся высветліць канкрэтныя пытанні. Госці-краяведы абяцалі прыехаць яшчэ, таму што патрэбнасць ведаць і разумець уласнае  мінулае не можа быць задаволена за адну кароткую сустрэчу, а патрабуе ўдумлівага ўсведамлення. Менавіта па гэтай прычыне сярод прысутных і зарадзілася мара аб’яднацца ў своеасаблівы гістарычна-забаўляльны клуб пры нашым музеі-сядзібе, які б працаваў не радзей, як 1 раз на два месяцы, пазнаёміў бы паміж сабой і аб’яднаў аматараў гісторыі і прынёс бы мясцовым жыхарам не толькі інтэлектуальнае, але і душэўнае задавальненне праз наведванне нашага надзвычай прыгожага музея і ўдзел у культурным адпачынку ў сценах музея. Гэта можа быць і ўдзел цэлых сямей, і іх дапамога у падрыхтоўцы і правядзенні гістарычных мерапрыемстваў. Клуб – справа бясплатная, але яна заклікае ў свае шэрагі не пасіўных назіральнікаў, а патрыётаў сваёй радзімы.

DSC08207_новый размер

Сардэчна запрашаем вас у абдымкі знаўцаў мясцовай гісторыі, дарагія  залесцы і жыхары Смаргонскага раёна! Пры ўдакладненні канкрэтных пытанняў сачыце за нашай рэкламай на сайце музея oginskizalesse.by.

                                                 Навуковы супрацоўнік музея  Таццяна Кляшчонак

Фота Тамары Ліс

Каментаваць