Хвіліны радасці з Мамай Му

07.12.2015 13:10Views:
мама му_ава“Увага! Увага! Не прапусціце! Толькі ў нас і толькі 1 снежня спектакль пра Маму Му і Крумкача! Уваход вольны!” – кожная на свой лад гаманілі ілюстраваныя афішы вучняў, запрашаючы на выступленне лялечнага тэатрыка “Лямцавая батлейка”.

Вераніка Фаміна ўзяла ў палон дзіцячыя сэрцы яшчэ да пачатку імпрэзы. Выхаванцы дзіцячага садка і малодшых класаў атулілі яе цесным колцам і наперабой дзяліліся з госцяй сваімі радасцямі, поспехамі і  няўдачамі: “Паглядзіце, тут мяне кот падрапаў, але цяпер ўжо не відаць, бо зажыло…”

Изображение 429_новый размер

Изображение 482_новый размер

Затым слова ўзяла Алеся Літвіноўская, памочнік пасла Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь па грамадскіх сувязях. Яна падаравала нашай установе найкаштоўнейшы падарунак – новую кнігу на беларускай мове шведскай пісьменніцы Юі Вісландэр “Мама Му ў басейне” , а таксама карту Швецыі. На гэту кнігу ў бібліятэцы цяпер вялікі попыт, бо, паводле назіранняў вучаніцы, “цяпер усе ляцяць у бібліятэку, каб узяць яе і пачытаць”.

Изображение 456_новый размер

Изображение 464_новый размер

Изображение 465_новый размер

Чаму кніга выклікала такі ажыятаж? Дзецям вельмі спадабаўся спектакль, пастаўлены паводле яе. “Было вельмі весела, мы ўсе былі чырвоныя ад смеху”, – успамінае юная глядачка.  І сапраўды, прыгоды непаседлівага Крумкача і гарэзлівай каровы Мамы Му разварушылі і рассмяшылі ўсіх прысутных у зале.

Изображение 492_новый размер

Гледачы засвоілі некалькі слоў па-шведску, затаіўшы дыханне, сачылі, як Мама Му праехала па трубе і не захрасла, гучна “заўзелі” і падтрымлівалі Маму Му ў заплыве на 25 метраў, шчыра спачувалі Крумкачыку, бо ён не ўмеў плаваць, і радаваліся, калі ў яго з’явілася магчымасць атрымаць жаданы медаль. Крумкачык быў вельмі шчаслівы, радасна скакаў па сваіх маленькіх сябрах, дэманструючы спрыт у палёце. Дзеці і цяпер з усмешкамі прыгадваюць, што “ў мяне варона сядзела на галаве, а карова апырскала вадой, калі скочыла ў басейн”.

Изображение 516_новый размер

“Дзеці, а вы можаце атрымаць медаль?” – спытала Вераніка Фаміна. “Можам, – пачулася ўпэўненае ў адказ. “А за што?”— “За апладысменты!” Атрыманы медаль можна было дамаляваць, што дзеці з задавальненнем і зрабілі, аформіўшы яго адпаведна са сваімі заслугамі і вартасцямі. Нотку шчасця дадалі і салодкія пачастункі. “Гэта мае любімыя цукеркі!”— усміхалася дзетвара адно аднаму.

Изображение 507_новый размер

 “Час праляцеў вельмі хутка, мы нават не прыкмецілі, як прыйшла пара развітвацца. Цяпер крышачку сумна, але становіцца радасна, калі ўспамінаеш выкрутасы Крумкача і Мамы Му,” – распавядаюць дзеці. “Ведаеце, што я чакаю ў падарунак на Новы год? Не тэлефон, не флэшку, не ляльку. Кнігу!”—  такія словы пачула не раз. Хочацца верыць, што кніга, прыйшоўшы ў дом дзіцяці, стане неабходнасцю для яго і надзейным сябрам на ўсё жыццё.

Ад імя вучняў і выхаванцаў дзіцячага садка шчыра дзякую творчаму тандэму за выступленне, падарункі і хвіліны радасці!

Святлана Ізафатава,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры

 Залескага яслі-сада – сярэдняй школы.

Каментаваць