Мастак Юрась Церабун: на смаргонскі вакзал хадзіў як у галерэю

02.11.2015 13:43Views:
церабунМастак і выкладчык цымбалаў Юрась Церабун успамінае пра тое, як смаргонскі вакзал стаў яго першай карціннай галерэяй, чаму, пайшоўшы маляваць эцюды, так і не адкрыў свой альбом і як вучаніца з ходу пераклала эпіграф “Зоркі Венеры”.

“З выяўленчым мастацтвам пазнаёміўся ў Смаргоні. На чыгуначным вакзале ў зале чакання віселі дзве вялізныя карціны. Першая – “Прыбой” Віктара Пузыркова і другая карціна – “Карабельны гай” Івана Шышкіна. На кожным творы быў надпіс: “Капіраваў І.Д. Рудчык”.

Іван Дзям’янавіч Рудчык, мастак з Брэста, быў вялікім сябрам нашай Ядвігі Раздзялоўскай. Кожны дзень я хадзіў на сустрэчу з гэтымі творамі нібы ў Трацякоўку. Гэта потым у маім жыцці будуць і сапраўдная Трацякоўская галерэя, і галерэі Дрэздэна, Будапешта, Барселоны, іншых гарадоў.

Тут, у Смаргоні, я пазнаёміўся з мясцовым мастаком Эдуардам Жакевічам. Ён працаваў у кінатэатры з сынам Эдзікам. Жылі яны тады на Святлянскай вуліцы, і Жакевіч-малодшы запрасіў мяне на эцюды. Выйшлі за сад і селі пад агароджу. Мастак дастаў папулярную ў той час жалезную ручку на два канцы з вучнёўскімі пёрамі. Узяў туш і без усялякага алоўкавага накіду пачаў маляваць.

З-пад пяра выходзіла віртуознейшая графіка, і, што самае галоўнае, краявід быў вельмі падобны. Ад здзіўлення і сораму я нават не адкрыў свой альбом.
Цяпер Эдуард Эдуардавіч дацэнт аддзялення прамысловай графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў…

Першыя цымбалы зрабіў сабе сам

…Дзяцінства прайшло ў Смаргоні. Бацька, які працаваў на лесазаводзе, прывозіў дровы, у якіх было шмат абрэзкаў.
І я браў іх і рабіў сабе цымбалы, якія калісьці пабачыў у вясельнага музыкі.

Ад студні раскручваў лінку на струны, якія чапляў на цвічкі, набітыя з бакоў, падымаў іх на падстаўку і цымбаліў.
Потым, калі мне было гадоў восем, смаргонскі “Макаранка” – заслужаны дзеяч культуры БССР Аляксандр Дзяруга – выдаў мне сапраўдныя фабрычныя цымбалы.

У раённым Доме культуры ён вёў цымбальны аркестр і шукаў здольных дзяцей у падрыхтоўчую групу. Так хлапчук Юрась звязаў свой лёс з цымбаламі і музыкай.

Пасля заканчэння музычнай вучэльні прапанавалі працаваць у Маладзечне. Шмат таленавітых дзяцей вучылася ў маім класе ў Маладзечанскай дзіцячай музычнай школе. Дзеці жылі як адна вялікая творчая сям’я: малявалі, пісалі вершы, музыку, дапамагалі адзін аднаму рабіць урокі, забаўляліся развівальнымі гульнямі на хуткую рэакцыю, мысленне і каардынацыю рухаў.

На фота: Юрась Церабун са сваімі былымі вучаніцамі. Побач з маэстра – Наталля Малькевіч, выкладчыца цымбалаў Акадэміі музыкі, у другім шэрагу – Кацярына Сянько (злева) і Вольга Гардзей, таксама выкладчыцы цымбалаў у Маладзечанскай музычнай школе і музычным каледжы.

На фота: Юрась Церабун са сваімі былымі вучаніцамі. Побач з маэстра – Наталля Малькевіч, выкладчыца цымбалаў Акадэміі музыкі, у другім шэрагу – Кацярына Сянько (злева) і Вольга Гардзей, таксама выкладчыцы цымбалаў у Маладзечанскай музычнай школе і музычным каледжы.

Вучаніца складала кубік Рубіка і рабіла пераклады ў лічаныя хвіліны

Мы з вучнямі дамаўляліся, што яны будуць хадзіць на гарадскія выставы, каб потым расказваць, што спадабалася і чаму да ўвагі браліся сюжэт, кампазіцыя, колер, матэрыялы і тэхніка выканання.

Вядома, дзецям было не проста адрозніць, дзе каляровая гама твора ў каларыце, а дзе звычайная расфарбоўка, але яны вучыліся.
Пастаянна ездзілі на выставы ў Мінск. Да нас у клас заў­сёды завітвалі мае сябры, маладзечанскія мастакі.

Яны прасілі дзяцей пайграць на цымбалах, і тыя ахвотна дэманстравалі сваё майстэрства.

Любілі вучні Вязынку і святы паэзіі ў Ракуцёўшчыне, наведвалі канцэрты знакамітых выканаўцаў у музычным вучылішчы. У маіх вучняў музыка і мастацтва заўсёды ішлі побач.

З вялікай цеплынёй я ўспамінаю сваю былую вучаніцу Наталлю Сліжову. Зараз яна дырэктар дзіцячай музычнай школы ў Вілейцы. Мяне заўсёды здзіўляла яе зусім недзіцячае мысленне.  За лічаныя хвіліны яна складала кубік Рубіка, які толькі ў той час з’явіўся.

Вучылася Наташа ў школе №3, вывучала французскую мову. Калі я папрасіў яе перакласці эпіграф да твора Максіма Багдановіча “Зорка Венера”, яна вачыма прабегла па тэксце, на хвілінку задумалася і сказала: “Запісвайце”.

Цяпер я маю літаратурны пераклад радкоў, якія напісаў Сюлі Прудом і мне ў гэтым дапамог Міхась Казлоўскі, але на ўсё жыццё запомніў змест радкоў, што пераклала вучаніца Наташа Сліжова…

…У нашым класе нарадзілася ідэя право­дзіць у раёне адкрыты фестываль “Гучаць цымбалы на зямлі Купалы”. Ён праходзіць у маляўнічым пасёлку Чысць і мае сёння поспех і аўтарытэт”.

МАСТАК ЮРАСЬ ЦЕРАБУН, "Рэгіянальная газета"

Каментаваць