Я здабываю надзённы мой хлеб, Не трэба мне райскага хлеба!

15.09.2015 12:50Views:
valynecСловы з верша Антона Бялевіча вельмі лаканічна і дакладна акрэс-ліваюць жыццёвы і працоўны шлях Ірыны Валынец. У гарачыя вясковыя будні з гэтай жанчынай мы часта сустракаліся на полі. І заўсёды адчувалі: загадчыца ўчастка “Залессе” вельмі “хварэе” за сваю работу.

На гэтай пасадзе яна апошнія дзесяць гадоў, і можна сказаць: знайшла сябе. “У нас цудоўны калектыў, — усміхаецца суразмоўца. — З хлопцамі (маецца на ўвазе механізатарамі) у нас поўнае паразуменне. Работу люблю. І вось я ўжо дасягнула пенсійнага ўзросту, але пенсіянеркай сябе не адчуваю. Застануся працаваць далей. Аднойчы падумала: а што будзе, калі не стану працаваць? Што буду адчуваць, калі пачую роў камбайна ці трактара? Нават цяжка ўявіць”.

Ірына Уладзіміраўна родам з Вётхава. Яе муж таксама. Пяць гадоў сустракаліся перад тым, як пажаніцца. Прычым тры гады да вяселля Ірына Уладзіміраўна працавала на вілейскім “Зеніце” і была дамай гарадской. Але чаго не зробіш дзеля любага? Кінула горад і зноў вярнулася ў родныя мясціны. Яе муж на той час працаваў вадзіцелем у калгасе.

Трыццаць гадоў Ірына Уладзіміраўна аддала сельскай гаспадарцы. У далёкім 1985 летам уладкавалася ў мясцовы калгас інжынерам па ахове працы. Пазней перайшла на пасаду інспектара аддзела кадраў, была загадчыцай склада.

Ірына Валынец можа пахваліцца вынікам сёлетняй уборачнай: сярэдняя ўраджайнасць збожжавых на яе ўчастку дасягнула 50 ц/га. Работы ідуць і цяпер у рэжыме нон-стоп: сяўба азімых, уборка кукурузы, уборка саломы з поля, ворыва… Часу на стому і адпачынак у яе няма. Таму і не верыцца, што ўзрост гэтай рухавай, усмешлівай жанчыны дасягнуў лічбы ў дзве пяцёркі.

Ірына Уладзіміраўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам. З мужам разам 34 гады. Выгадавала дваіх сыноў, абодва атрымалі вышэйшую адукацыю. Мае трох унукаў. Сярод шматлікіх пажаданняў на яе юбілеі прагучала просьба ад дзяцей: дажыць да таго моманту, калі яны дасягнуць пенсійнага ўзросту. Бацькі юбіляркі гэту просьбу выканалі: яны прысутнічалі на імпрэзе. Улічваючы добрыя гены, актыўны лад жыцця Ірыны Уладзіміраўны і яе пазітыўны настрой, ёсць верагоднасць, што так яно і будзе.

Да віншаванняў родных і блізкіх юбіляркі далучыліся старшыня ААТ “Шутавічы-Агра” Дзмітрый Казакевіч і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віталь Івашка. За шматгадовую добрасумленную працу Ірына Уладзіміраўна атрымала Грамату райсельгасупраўлення, падарунак і кветкі.

Галіна АНТОНАВА, "СШ"
Фота аўтара

Каментаваць