Лірыка, гумар і выпрабаванне сябе. Перажытае Аркадзь Жураўлёў захоўвае ў творах, якія дасягаюць сэрца
Творца адзначыў 60-гадовы юбілей 13 верасня. Не былі лёгкімі жыццёвыя ды творчыя дарогі Аркадзя Жураўлёва. Пераадольваючы цяжкасці, а, нярэдка, і самога сябе, чэрпаў сілы сярод прыгажосці родных мясцін, дарагіх з маленства сэрцу краявідаў. А ў самых складаных сітуацыях не супраць быў і паіранізаваць над сабой.
Не так паддавалася тады шчымлівай болі душа, калі пасля ваеннага ліхалецця, асабліва для вялікіх сем’яў, у такой роднай да болю і незабыўнай вёсачцы Гарані, што месціцца на паўднёва-заходнім беразе возера Свір, заўсёды хацелася чаго-небудь паесці.
Патаемны сшытак дзяцінства
Асабліва цяжка было бацькам, калі не стала кароўкі-карміцелькі. Праўда, вяскоўцы не пакінулі ў бядзе, прыносілі дзецям малака. А вось гарохавыя ды бульбяныя аладкі былі толькі на свята. Бацькам Трафіму Рыгоравічу і Алене Яфімаўне хапала клопатаў. Але яны не цураліся аніякай работы. Бацьку даводзілася працаваць шаўцом і рыбаком, паляводам і трактарыстам, загадчыкам фермы, участка. Хапала спраў і маці.
Аркадзь заўважае:
– Менавіта яна аказала асаблівы ўплыў на творчую арыентацыю.
Дзеці ж Валя, Аркадзь, Валодзя, Люда раслі паслухмянымі, спагадлівымі і працавітымі: саджалі бульбу, капалі і палолі буракі. З ахвотаю, падросшы, асабліва Аркадзік, з бацькам выязджалі на сенакос. І ўжо, скончыўшы чатыры класы Волькаўскай пачатковай школы, завёў “патаемны” сшытак.
Стаў запісваць у яго свае штодзённыя назіранні. Нярэдка спрабаваў крэмзаць такія-сякія вершы. І першую сваю шчырую заметку ў раёнку “Светлы шлях” ужо з Вішнеўскай сярэдняй школы памятае. Збіраўся вучыцца на філфаку Гродзенскага педагагічнага інстытута. Ды не ўсё задуманае здзяйснялася.
Лёс распарадзіўся па-іншаму. Аказаўся ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы радыётэхнікі ў Маладзечне, дзе асвоіў такарную справу. Пасля службы ў арміі становіцца студэнтам факультэта журналістыкі БДУ. І першая ж творчая практыка на азёрнай і лясістай Мядзельшчыне зачаравала. Упадабаў гэты цудоўна-непаўторны беларускі куточак.
У гэтых мясцінах і палавінку сваю знайшоў. Нона Васілевіч, выпускніца філалагічнага факультэта, прыехала працаваць у школу, якую заканчваў ён, Аркадзь. Як два вялікія возеры Нарач і Свір злучаюцца рачулкай Свіранкай, так і яны злучылі свае лёсы, каб разам ісці па імклівым жыцці, дзелячы папалам радасці і трывогі. Падрасталі дзеці Вадзім і Аксана, патрабуючы бацькоўскай увагі.
І работу з-за абставін даводзілася часта мяняць: працаваў загадчыкам аддзела турыстычнага бюро, кіраўніком групы рэкламы і маркетынгу завода паўправадніковых вентыляў (цяпер – “Электрамодуль”), карэспандэнтам шматтыражнай газеты “Приборостроитель”, на іншых прадпрыемствах і на іншых, высокіх і адказных, пасадах. Праўда, дзейнасць у асобныя перыяды жыцця была далёка ад творчай работы.
Пра перажытае
– Пішу пра людзей, прыроду, падзеі, пра тое, што сапраўды было ў маім жыцці, чым некалі жыў і жыву сам, – гаворыць пра сваю творчасць Аркадзь Жураўлёў.
– Успаміны – як усплёск душы, што ніколі не ведае спачыну. Як туга сэрца, якое пастаянна рвецца да незабыўных гадоў маленства і юнацтва. Да каранёў сваіх…
Умее пільна ўглядацца ў хараство лета, яго прыгажосць. Расу. Захад сонца. Летнія белыя аблокі. Дождж. Туман… Усё, што ўражвае, кладзецца ў канву кароткіх, захапляльных ды аб’ёмных па зместу апавяданняў.
Першае апавяданне на роднай мове “Спадарожнікі” надрукавала “Чырвоная змена”, затым “Тэлефонны званок” – часопіс “Маладосць”. Пабачылі свет дзве розныя па накіраванасці яго кнігі – “Апалонік для дырэктара” і “Я жадаю вам дабра…”.
Гумар Аркадзя Жураўлёва неагрэсіўны, трапны. Мо, таму, што празаік добра ведае чалавечую натуру. Ды і ўпэўненасць ёсць у яго: хто ўмее пасмяяцца з сябе – валодае вялікай сілай духу. Як адзін чалавек, так і цэлы народ. Жураўлёў перакананы: мы, беларусы, вельмі моцная, упэўненая ў сябе нацыя.
Яго героі выпрабоўваюць сябе
Апавяданне “Салдацкая зорачка” прысвечанае тым, хто ў змаганні з нямецка-фашысцкімі захопнікамі паў за наш сённяшні светлы мірны дзень. Твор кранальны. Над лініяй фронту раздаецца плач дзіцяці. Савецкія байцы ведаюць, што часам фашысты наўмысна запісваюць гукі, правакуючы нашых. Але наважваюцца ўсё ж рызыкнуць. У выніку галоўны герой Андрэй Галавенчык ратуе хлопчыка, якога катавалі фашысты. У цікавым і прыцягальным апавяданні ваеннай тэматыкі ўмела перададзеная псіхалогія чалавека.
І ў апавяданні “Родныя-чужыя” праз гераіню Зінаіду Міхайлаўну, якая “ўсё жыццё камусьці дапамагала, шкадуючы капейчыну, каб купіць сабе шклянку соку альбо марожанае”, умела перададзены душэўны стан жанчыны, старасць для якой стала не спакоем, а бядою…
Яго творчасць – дотык да сэрца
Але ёсць у нас і апантаныя да самазабыцця людзі. Як настаўнік з Мядзельшчыны, герой апавядання “Светлы след будзе вечна жывы”. Мікалай Пашкевіч, якому Васіль Быкаў прысвяціў аповесць “Абеліск”.
Герой апавядання “Светлы след...” Мікола Арсеньевіч Пашкевіч, чыя “педагогіка заключалася ў далучэнні вучня да роднай гісторыі і мастацтва цераз звычайна-незвычайныя яго ж, Пашкевіча, метады – рознасцежнасць душы сваёй, цераз працу талакою”, сцвярджаў, што пустымі словамі маладога чалавека не сфарміруеш. У вучню бачыў асобу і сам быў Асобаю.
Творчасць Аркадзя Жураўлёва прыносіць чытачам усцешнасць і задавальненне. Бо слова пісьменніка – шлях да чалавека, ключ да яго душы, дотык да яго сэрца.
АЛЯКСАНДР ХАЗЯНІН, ЧЛЕН САЮЗА ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ, ЖУРНАЛІСТ для "Рэгіянальнай газеты"