«Я кроў ад крыві беларускага народа». Міхась Казлоўскі выдаў кнігу пра загадкі і здабыткі Маладзечаншчыны
Якія зоркі беларушчыны праязджалі чыгункай праз Маладзечна, дзе збіраліся мастакі слухаць Шапэна, пад што прыстасавалі бровар у яшчэ бедным на будынкі даваенным горадзе? Хто сёння можа распавесці пра Беларусь на Маладзечаншчыне праз кнігу з безліччу малавядомых і сакавітых фактаў лепш за Міхася Казлоўскага?
Сваю кніжную экскурсію краязнаўца і бібліяфіл Міхась Казлоўскі надрукаваў ў зборніку “Цяпло айчынных камянёў”. Аўтар распавядае не толькі пра знакавых асоб, чый лёс звязаны з Маладзечаншчынай, месцы, што памятаюць іх, але і пра сваю родную вёску Быкі, якая цяпер мае назву Рабінавая.
– Наклад такі, які дазволілі мае фінансавыя магчымасці, – тлумачыць аўтар, чаму выдаў толькі сто экзэмпляраў. – Калі б хтосьці быў зацікаўлены ў больш масавым накладзе, то дапамог бы выдаць. Частка матэрыялу была распрацаваная сумесна з журналісткай Інай Кандауравай, якая на той час працавала ў “Маладзечанскай газеце”. Гэта ў яе з’явілася ідэя праз будынкі распавядаць пра гісторыі месца і людзей. Але ёсць яшчэ вельмі шмат мясцін, пра якія можна было б гаварыць. Пісаў пра тых, каго на момант напісання ўжо не было. Адзінае выключэнне тычыцца Янкі Галубовіча. Кніга прысвечаная яго памяці, таму не ўзгадаць гэтага пісьменніка было б незразумелым для чытача.
Калі ад камянёў павявае цеплынёй
Назву кнігі аўтар напаўняе шматузроўневым сэнсам. Па-першае, у нашай краіне толькі ў Маладзечне ёсць помнік дарозе, “Віленскаму тракту”, у выглядзе каменя. Яго выяву змясцілі на вокладцы.
Па-другое, для аўтара гэта вобраз людзей, якія ў жыцці мелі і непрыемнасці, і нязручнасці, аднак засталіся камянямі, менавіта цёплымі камянямі. А па-трэцяе, камяні заўсёды пакладзеныя ў аснову дома, у яго падмурак.
Кніга “Цяпло айчынных камянёў” падзеленая на тры часткі. У першай аўтар праводзіць культурніцка-літаратурную экскурсію па Маладзечне і Радашкавічах. У другой вандруе па лабірынтах памяці ў роднай вёсцы Быкі. У трэцяй адводзіць месца для аповеду пра Міколу Ермаловіча, Генадзя Каханоўскага, Пятра Бітэля, Міколу Капыловіча і Таццяну Сапач.
– У кожнага чалавека ёсць асабістыя сімпатыі – гэта па-першае, – тлумачыць структурнае рашэнне Міхась Казлоўскі. – А па-другое, пра іх сказана непараўнальна мала, таму і вырашыў паказаць іх у кнізе праз літаратурныя партрэты. У частцы пра мае Быкі ўважлівы чытач заўважыць, што яна не пра “мяне любімага”. Я там толькі непрыкметны фон, а вакол – людзі і падзеі. Я раблю акцэнт на з’явы, якія цяпер незаўважныя ці наогул зніклі, а тады былі.
Сямейная гісторыя – гэта лёс нашага народа
Аўтар перакананы, што такога дэталёвага аповеду заслугоўвае кожная вёска, вось толькі б знайшоўся той, хто занатуе словы:
– Мяне не пакідае думка напісаць кнігу пра беларускую вёску, бо яна знікае, а гэта наша альфа і амега, пачатак і канец. Мы – сялянская нацыя, якая за паўстагоддзя стала ўрбанізаванай і якой не пашчасціла ў 1918 годзе здабыць незалежнасць. Я заўсёды казаў, што калі вам распавядалі нешта цікавае, запішыце. Успаміны не павінны памерці, гэта не прыватны выпадак, а лёс нашага народа.
Успаміны Міхася Казлоўскага дэталёвыя і яскравыя. Ён памятае падзеі, нібы ўчора паглядзеў іх у кіно, памятае фанетычныя асаблівасці гаворкі, памятае, якімі казкамі забаўляла мама. І запісаць усё гэта вырашыў дзякуючы маме:
– У кнізе ёсць успамін, калі мы з мамай засталіся адны. Сёстры павыходзілі замуж, а бацька трагічна пайшоў з жыцця, калі я быў зусім малы. Мы ўдваіх забіраліся на печ, і мама нешта апавядала. Расказвала, як плакала, калі памёр Пілсудскі, а пасля думала – чаго я, што мне добрага зрабіў гэты чалавек?
Расказвала, як у 1944 годзе фашысты акружылі вёску. Падзялілі людзей на дзве часткі і пагналі да гумнаў. Сказалі, што калі цягам гадзіны пачуюць хоць адзін партызанскі стрэл, то вёску спаляць, а жыхароў расстраляюць. А маме 18-ы год. На вуліцы цвіце бэз.
У нейкіх 50 метрах з кулямётам сядзяць нямецкія салдаты. Маладыя, амаль маміны равеснікі. Гавораць, смяюцца. Мама лепш за ўсё запомніла той смех нямецкіх салдат – нібы яны іх не расстрэльваць збіраюцца, а на танцы запрашаць.
Я не хацеў, каб маміны аповеды сышлі ў нябыт. У іх квінтэсенцыя нашага жыцця, наша народная трагедыя.
Чаму мы не ведаем пра зорак, з якімі жывём на адной зямлі
– Гэта мінусы не толькі нашай адукацыі, але і нашага маральнага стрыжня. Я не магу патлумачыць, чаму мы такія. Здаецца, добрыя людзі, але няма таго, на чым усё трымаецца. А трымаць павінна пазіцыя Несцеркі з п’есы Віталя Вольскага: “Пуп зямлі там, дзе я стаю!” Калі б мы гэта зразумелі, то ўсё стала б на свае месцы. У многіх беларусаў ёсць нейкае самапрыніжэнне. У мяне гэтага няма. Моцна паўплывалі словы дзеда Васіля, які сказаў, што “сама лепш, каб Беларусь была незалежная”. Наша гісторыя трагічная, але велічная. Наша мастацтва – самадастатковае. Не ведаю, адкуль гэта ў мяне. Баюся, што ў далейшым гэта кнігі адыгралі ролю. У доме ў нас была толькі адна кніга, таму хадзіў у бібліятэку. Камп’ютар дае адказы на пытанні, а кніга фарміруе асобу.
Што ў Быках значыла “нашы”
– Я хацеў паказаць, якім грамадства было тады. Па-беларуску размаўлялі, але механічна. Гэта было хутчэй пачуццё кланавасці. Адна з сясцёр любіла русіць, і мама гэта вельмі абсякала, з яе смяяліся. Тое, што мы адметныя, маем іншасць, было, але больш вузкарэгіянальнае, не нацыянальнае.
Як здабыць аўтарытэт
– У кнізе я ў тым ліку кажу пра людзей, якія для мяне маральная мерка, арыенцір – калі словы не разыходзяцца са справай. Для тых, на каго арыентаваўся я, мова была не парадным адзеннем, а мовай штодзённага ўжытку. Заўсёды па-беларуску размаўлялі Каханоўскі, Ермаловіч, Уладзіслаў Чарняўскі, Ляшковіч, які быў партработнікам і франтавіком. У іх не было двайных стандартаў. Калі мова была для іх каштоўнасцю, то гэтай каштоўнасцю яны і жылі. Таму перараслі ў мае аўтарытэты.
Пра мову
– У глыбіні душы ў кожнага беларуса ёсць адчуванне віны за мову. Я магу крытыкаваць мой народ, бо я кроў ад крыві гэтага народа. Не той патрыёт, хто ўвесь час хваліць, а хто бачыць недахопы і спрабуе ад іх пазбавіцца.
ЗОЯ ХРУЦКАЯ, "Рэгіянальная газета"