Залескі фестываль-кірмаш
Партрэт адметны ў кожнага мястэчка:
Вось тут Агінскі жыў і працаваў.
На ўлонні гэтым, дзе лясок, дзе рэчка,
Музычныя шэдэўры ён ствараў.
Сышлі ў нябыт гады, а то й стагоддзі,
Сучасны век, і на дварэ – прагрэс,
Але, нягледзячы на час, застаўся ў модзе
Напісаны Агінскім “Паланэз”…
Гэтыя радкі з твора, прысвечанага Залессю і яго слаўнаму колішняму ўладару Міхалу Клеафасу Агінскаму, падарыла ўдзельнікам святочнай імпрэзы паэтэса з Глыбокага Галіна Сутула.
Шмат цёплых слоў, віншаванняў і шчырых зычанняў прагучала ў святочны дзень з імправізаванай сцэны на тэрыторыі сядзібы побач з музеем слыннага кампазітара ад прадстаўнікоў раённай улады і шматлікіх гасцей. На слаўны 325-гадовы юбілей вёскі Залессе завіталі госці не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з-за мяжы.
Старшыня сельсавета Зянон Грышкевіч, як сапраўдны гаспадар, узяў на сябе ролю вядучага ўрачыстасцей. Аповед пра гісторыю вёскі папоўніўся багатым спісам выдатных прашчураў і іх нашчадкаў, а таксама тых асоб, чый лёс скрыжаваўся з лёсам Залесся. Згадалі на свяце сама-дзейнага скульптара Аляксандра Жываева, мастака-педагога Паўла Южыка, былога старшыню калгаса “Чырвоны партызан” Сяргея Грышана, старэйшую ўдзельніцу народнага тэатра лялек “Батлейка” Галіну Рыжэвіч, доктара філалагічных навук Арсеня Ліса, беларускага пісьменніка Паўла Савоську і многіх іншых. Сярод пералічаных — чыгуначнікі, юрысты, урачы, дзяржаўныя служачыя, настаўнікі, мастакі. Многія з іх прыехалі на свята. Напрыклад, Уладзімір Развадоўскі, які цяпер жыве ў Глыбокім на Віцебшчыне, завітаў не адзін, а разам з народным хорам “Маналіт”.

Старшыня Залескага сельсавета Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці Барыс Заяц і старшыня Залескага сельсавета Зянон Грышкевіч падпісалі дамову аб супрацоўніцтве.
Ад імя знакамітых ураджэнцаў залескай зямлі выступіў Пётр Южык, які падзяліўся сваімі ўспамінамі пра па-дзеі былых часоў і пра людзей, чыімі намаганнямі адбудоўвалася і прыгажэла Залессе. Музыкант, таленавіты баяніст з Маладзечна Авенір Дудко, як пастаянны госць на залескіх імпрэзах, падарыў чарговы музычны сувенір сваім колішнім землякам з малой радзімы.
На выкладзенае ў інтэрнэце запрашэнне да ўсіх жыхароў і кіраўнікоў вёсак з аднайменнай назвай, на жаль, адгукнуліся нямногія. Тым не менш сярод гасцей была дэлегацыя з польскага Залесся на чале з войтам гміны Янам Сікорай. Яго намеснік Тамаш Шэвчык расказаў, што паны ўпершыню на Залескай зямлі і з вялікім нецярпеннем чакаюць моманту, каб наведаць палац-музей М. К. Агінскага.
З літоўскага Грыгішкеса прыехалі ўдзельнікі фальклорнага калектыву “Шальцінорыс” (“Крынічанька”). Яго кіраўніца Марына Бругзулене расказала, што ў рэпертуары ансамбля аўтэнтычныя творы музычнай спадчыны Аўкштанціі, Жэмайціі, Дзукіі. Для музычнага суправаджэння артысты выкарыстоўваюць старажытныя інструменты, а таксама старадаўнія бытавыя прылады. Калектыў пастаянна ўдзельнічае ў разнастайных фэстах і конкурсах фальклору. Свой невялічкі гарадок Грыгішкес, які ўвайшоў у межы Вільнюса, госці называюць літоўскім Ваціканам або горадам у горадзе.
Другі раз выступаў на залескай імпрэзе калектыў з Латвіі – ансамбль народнай музыкі “Купалінка”. Радавалі і цешылі слых іншыя ўдзельнікі канцэртнай праграмы.
Шырокі асартымент вырабаў прадставілі рамеснікі, майстры народнай творчасці. Сваю прадукцыю прапаноўвалі залесцы на традыцыйных падворках. “Залескія берагіні” сельскага Дома культуры і “Залеская карчма” жаночай грамадскай арганізацыі “Сяльчанка” зазывалі гасцей імпрэзамі і апетытнымі пахамі здобы. Уміг раскупілі смачныя хатнія прысмакі, якімі гандлявалі Людміла Гружэўская, Ганна Мейсак, Вольга Аўласевіч. Удзельнікі святочнага кірмашу падарылі ў знак удзячнасці гаспадарам каштоўныя сувеніры. Усе яны, па словах дырэктара музея-сядзібы М. К. Агінскага Людмілы Градзіцкай, знойдуць сваё месца ў экспазіцыі.

Краязнаўчую і гістарычную літаратуру прапаноўвалі на свяце супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Ад Саюза мастакоў Беларусі перадалі свой падарунак творцы, якія напярэдадні бралі ўдзел у пленэры, што ладзіўся ў Залескай сядзібе пры падтрымцы маладзечанскага фонду “Нашчадкі М. К. Агінскага”. Мікола Купава, падводзячы вынік пленэра, адзначыў, што многія мастакі мелі вялікае задавальненне і натхніліся на стварэнне цыклаў карцін у розных жанрах, аб’яднаных адной ідэяй – уплыў музычнай творчасці Міхала Клеафаса Агінскага на розныя віды мастацтва. А маладзечанскі мастак Мікола Аўчыннікаў прызнаўся, што захоўвае і сёння карціну з выявай залескага палаца, якая выстаўлялася ажно ў далёкім 1977 годзе.
Ала КЛЕМЯНОК, "СШ"
Фота аўтара