Вандроўны тэатрык-батлейка прадстаўляе…
Для дзетак і дарослых, якія не страцілі адчуванне дзяцінства, лялечны тэатрык “Лямцавая батлейка” стварыў спектакль паводле кніг шведскай пісьменніцы Юі Вісландэр “Мама Му чытае і прыбірае”.
Паказы паспяхова прайшлі ў розных гарадах Беларусі. У мінулую пятніцу “звычайна-незвычайная кароўка” Мама Му са сваім сябрам Крумкачом завітала ў Смаргонь і ў Асінаўшчызненскую школу-сад.
Спектаклік пра жыццё гарэз-лівай каровы Мамы Му і яе сябра Крумкача быў інтэрактыўны, таму гледачы з акцёрамі разам спявалі, чыталі, лічылі, гаўкалі ды квахталі, нават прыбіралі разам. Закончылася казка звонкім смехам маленькіх гледачоў і дожджыкам з сена, які зладзіў Крумкач з дапамогай ветрагона. Напрыканцы юных чытачоў бібліятэкі чакаў салодкі пачастунак ад гасцей. А яшчэ дзецям прывезлі папяровыя падарункі — кнігу Юі Вісландэр “Мама Му прыбірае” і маляўнічыя мапы Швецыі.
Спачатку казачныя героі выступілі перад выхаванцамі прытулку СПЦ і цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. У складзе “тэатральнага экіпажа” былі артысты Вераніка Фаміна і Бэла Кавалькова, а таксама памочнік пасла Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь па грамадскіх сувязях Алеся Літвіноўская і рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”, пісьменніца ў трэцім пакаленні Аксана Спрынчан.
Як адзначыла Алеся Літвіноўская, Юя Вісландэр – сусветна вядомая дзіцячая пісьменніца, прыкладна такога ж “калібру”, як і Астрыд Ліндгрэн. Яе казкі пра Маму Му перакладзены больш чым на 30 моў свету. У Беларусі за гэту справу ўзялася перакладчыца Надзея Кандрусевіч.
“У выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшлі чатыры кнігі шведскай казачніцы (першая — у 2012 годзе, яшчэ адна — у 2013 і дзве – летась), — удакладніла Аксана Спрынчан. — У планах выпусціць, як мінімум, яшчэ чатыры”.
Юя Вісландэр прыязджала ў Беларусь. Тут, у нашай краіне, на аснове яе казак вырашылі стварыць унікальны прадукт – батлейку. Гэта сумесны сацыяльны праект пасольства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь і “Лямцавай батлейкі” Веранікі Фаміной, якая не толькі ўзялася выконваць ролю Крумкача, але і сама зрабіла лялькі і дэкарацыі да спектакля.
На працягу трох гадоў батлейка вандруе па беларускіх гарадах і вёсках. Артысты наведваюць школы, дзіцячыя дамы і прытулкі.
Галіна АНТОНАВА, "СШ"
Фота аўтара