Збігнеў Жакевіч пра Смаргоншчыну

05.05.2015 16:37Views:
zakevicz (1)Не трэба мець вялікага таленту, каб проста расказваць пра тыя ці іншыя дзеі, здарэнні, выпадкі. Для таго чалавек і надзелены ўменнем размаўляць, каб даносіць інфармацыю да іншых з дапамогай слоў маўлення. Не спатрэбіцца геніяльных здольнасцей, каб словамі апісаць вусна ці пісьмова як падзеі, так і абстаноўку або свае ўражанні ад убачанага.

І толькі ўвасобленыя ў слове пачуцці – вось той крытэрый, якім, на маю думку, вымяраецца ўзровень таленавітасці і адоранасці пісьменніка. Там, дзе звычайнаму смяротнаму “слоў не хапае” (бо, насамрэч, матэрыялізаваць эмоцыі ў слове — справа надзвычай складаная), таленавіты і чулы творца натхняецца і знаходзіць у вібрацыях душы адпаведныя вобразы, перарабляючы іх і занатоўваючы ў агульназразумелыя і ўяўныя прадметы і з’явы.

Пра тое, што ў кожнага арганізма свая частата вібрацыі і, адпаведна, кожны чалавек падсвядома шукае сабе блізкага па духу (іншымі словамі – блізкага па гэтай частотна-фазавай вібрацыі), мы філасофствавалі з перакладчыцай і маёй прыяцелькай Таццянай Кляшчонак доўгім зімовым вечарам у яе маленькай, але шляхетна прывабнай хатцы, што прытулілася да вясковай школкі ў замеценых снежнымі цыклонамі Граўжышках. Містычным нам здавалася тое, што мы, не валодаючы ніякімі экстрасэнсорнымі здольнасцямі і без усялякіх магічна-чарадзейных фішак, здолелі “падключыцца” да энергетычнага поля чалавека, што сышоў неўзабаве ў іншы свет, пакінуўшы ў спадчыну свае творы, як явачную кватэру для сустрэч людзей, блізкіх па духу. Магчыма, гэта не адкрыццё нават, бо прызначанасць пісьменніка якраз у тым і заключаецца – прыцягваць і злучаць людзей аднолькавых светапоглядаў. Але каб так апантана мы кінуліся з галавой у творчасць абсалютна невядомага аўтара, прачытаўшы пару старонак яго спавядальна-біяграфічнага рамана, патрэбна было ўмяшанне нейкіх вышэйшых сіл. Адназначна мы прыйшлі да высновы аб светлым пачатку гэтых сіл.

Каб увайсці ў свет Жакевіча, трэба ведаць пароль. Для мяне ён адкрыўся проста – “Вілія”. Рака майго дзяцінства. Непрадказальная, каварная, загадкавая і казачна прыгожая. Яна нідзе не цячэ спакойнай шырокай плынню, бо ўвесь час віляе, выгінаецца, пятляе, нібы не можа вызначыцца з курсам на гэтых геаграфічных шыротах, дзе рэчкі строга падзяліліся на тыя, што бягуць на поўнач, і тыя, што даюць пачатак магутным водным артэрыям, якія сілкуюць паўднёвыя моры. Лёс няўхільна штурхае яе да Нёмана, злучыўшыся з якім яна можа годна і даволі хутка данесці свае воды да Балтыкі. Але, мусіць, набраўшыся магутнай энергіі мясцовых крыніц і адчуваючы ў сабе большыя сілы для падарожжа цікавейшага, больш працяглага і прыгодніцкага, яна, як авантурная жанчына, змагаецца з планідай, бясконца шукае магчымасць ісці сваім курсам, але так і не здолеўшы перамагчы наканаванае, ахвярна патанае ў абдымках сівога Нёмана.

Траекторыя цячэння гэтай беларускай рэчкі чымсьці падобная на траекторыю лёсаў Жакевічавых герояў, абцяжараных грахамі прашчураў і асуджаных на выгнанне. Нейкая фатальнасць павісае над імі, як і над гэтым краем наогул. У апісаннях прыроды, якія я так не любіла чытаць у сваім школьным дзяцінстве, прапускаючы іх і пераскокваючы праз абзацы, раптам знайшла глыбокую філасофію жыцця: мы, людзі, жывём па адных законах з флорай і фаўнай, кожны ў сваім вымярэнні, але ў адным цэласным свеце. Парушэнне раўнавагі прыводзіць да парушэння гармоніі і наадварот – парушэнне гармоніі тоіць у сабе небяспечныя вынікі.

Для Таццяны Кляшчонак творчасць Жакевіча азначае яшчэ нешта вельмі асабістае. Пра гэта “нешта” яна так напісала ў сваім “Слове перакладчыка”, якім распачынаецца беларускамоўны варыянт кнігі: “Ці шмат хто пісаў гімны паўночна-заходняму кутку сённяшняй Беларусі, Смаргонскай зямлі, колішняй Ашмяншчыне? Жыва памятаю, што ў школьным узросце, у 60-я гады 20-га стагоддзя, мяне вельмі здзіўляла і засмучала тое, што мая родная Ашмяншчына ўвогуле не была нікім апета так, як, напрыклад, Лідчына ў Дануты Бічэль-Загнетавай, Лагойшчына ў Ніла Гілевіча ці нарачанскія сосны ў Максіма Танка. Не кажучы ўжо пра Янку Купалу і Якуба Коласа”.

У творах Збігнева Жакевіча яскрава праяўляецца яго аўтэнтычна беларускае, мясцовае светаўспрыманне, пупавінная прывязанасць да гэтай зямлі, якую ён пазнаў толькі ў дзяцінстве, але захаваў у памяці ўсё, пры адсутнасці агрэсіі, а, наадварот, прысутнасці гордасці і вернасць свайму сэрцу. “Брычка павольна калыхалася ў глыбокіх каляінах, потым званіла спіцамі на дарозе роўнай, як ток, пакрываючыся тоўстым слоем пылу, як найдрабнейшая мука. Я глядзеў на парк, які мы міналі, велізарны і высокі, як быццам дрэвы тут былі шматпавярховыя, і мне здавалася, што я бачу, як праходжваюцца па парку снежнавалосы магнат з вясёлкай паланэза над галавой. А калі ён выправабаваў яго ў той гармоніі, што павінна была ратаваць ад хаосу, магнат падносіў да скроні доўгі пісталет, каб разбурыць увесь свет разам з гармоніяй, якая была недастаткова гарманічнай і не магла выратаваць яго ад буры пачуццяў да той, што была важней, чым здароўе. Так, напэўна, узнік паланэз, што зваўся “Развітанне з Радзімай” – вось маленькі абразок, які дэманструе адметны мастацкі стыль Жакевіча, яго своеасаблівую лірычную манеру падачы матэрыялу.

Збігнеў Жакевіч – імя гэтага польскага пісьменніка ўпершыню пачула ад смаргонскага краязнаўцы Уладзіміра Прыхача, які меў яго кнігу. Але я, не валодаючы добра польскай мовай, не стала абцяжарваць сябе чытаннем, якое патрабавала напружанасці. Адно запомнілася: захапленне Уладзіміра Уладзіміравіча і апантанае жаданне падзяліцца прачытаным. Праз нейкі час Збігнеў Жакевіч знайшоў шлях да майго сэрца праз стасункі з Таццянай Кляшчонак, якая пачала перакладаць яго “Сагу Віленскую”, і ў мае рукі трапілі беларускамоўныя рукапісы.

Падзеі разгортваюцца на сакральнай гістарычнай прасторы: то побач з сядзібай знакамітага кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага, то на фоне паўразбуранага Крэўскага замчышча, то шляхі прыводзяць герояў да сядзібы Карловічаў. Як на чароўным маніторы фантастычнай машыны часу з’яўляюцца ў раманах пісьменніка-выгнанніка апісанні маляўнічых куточкаў Маладзечаншчыны, Смаргоншчыны, Ашмяншчыны. Дзякуючы віртуознаму валоданню словам, ён здолеў данесці да чытача традыцыі, асаблівасці ўкладу жыцця, светапогляд мясцовых жыхароў, нават тагачасныя пахі і мелодыку пачуццяў.

Гэты год мы з Таццянай Кляшчонак жывём чаканнем і спадзяваннем на тое, што наша чаканне будзе ўзнагароджана з’яўленнем кнігі Збігнева Жакевіча для беларускамоўнага чытача. Гэтаму ўсяляк спрыяюць мецэнаты, якім не абыякавы лёс краіны, якія робяць пэўныя ўнёскі ў фарміраванне нацыянальнай гістарычнай канцэпцыі.

Блог Алы Страшынскай

Каментаваць