«Паўночныя Афіны» ў пошуках мецэнатаў

04.05.2015 22:57Views:
Залесье-2-300x200

Уладзімір СІВУХА і Уладзімір КАРАГІН прывезлі ў падарунак партрэт-дыванок М. К. Агінскага

Па ініцыятыве Смаргонскага мясцовага дабрачыннага фонду “Паўночныя Афіны М. К. Агінскага”, а таксама райвыканкама і адміністрацыі Залескага палаца-музея ў музычнай гасцёўні сядзібы была праведзена сустрэча ў фармаце «Бізнес-кактэйль» для прыцягнення фундатараў і мецэнатаў, здольных аказаць фінансавую дапамогу ў набыцці адпаведнай мэблі і музейных экспанатаў. Згодна з зацверджанымі міністэрствам культуры навуковай канцэпцыяй і мастацкім рашэннем, пакоі палаца павінны абстаўляцца мэбляй, зробленай у эпоху яго гаспадара Міхала Клеафаса.

Экс-намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, у нядаўнім надзвычайны і паўнамоцны пасол у Літве і Фінляндыі, Уладзімір Дражын разам са старшынёй Смаргонскага райвыканкама Генадзем Харужыкам і яго намеснікам Генадзем Бычко прывіталі шаноўных гасцей, дыпламатаў, бізнесменаў, а таксама літоўскага дыпламата, пасла Літвы ў Беларусі Эвалдаса Ігнатавічуса. Прадстаўнікам розных уплывовых колаў была прапанавана экскурсія па музеі, канцэрт класічнай музыкі ў выкананні педагогаў і навучэнцаў школы мастацтваў імя Агінскага і невялічкі фуршэт, падчас якога госці выказалі намер дапамагчы з пошукамі фундатараў для набыцця антыкварнай мэблі пачатку ХІХ стагоддзя.

Залесье-1-300x242

Уладзімір ШЧАСНЫ, Уладзімір ДРАЖЫН і Генадзь ХАРУЖЫК ля стала з антыкварнымі прадметамі

Дарэчы, узоры антыкварыяту намаганнямі шчырага і няўрымслівага Уладзіміра Шчаснага былі размешчаны ў адным з пакояў палаца. Уладзімір Рыгоравіч апавядаў пра каштоўнасці і кошт гэтых эксклюзіўных рарытэтаў і выказаў намер прымацаваць імянныя шыльдачкі спонсараў, што набудуць гэтыя прадметы для экспазіцый музея.

Старшыня сталічнага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў, лідар клуба “Ротары” Уладзімір Карагін разам са сваім намеснікам Уладзімірам Сівухай прывезлі ў падарунак прыгожы партрэт Міхала Клеафаса Агінскага, вытканы іранскімі майстрамі. Уладзімір Карагін запланаваў правесці чарговае пасяджэнне саюза прадпрымальнікаў менавіта ў сценах Залескага палаца, каб прыцягнуць увагу бізнесменаў да патрабуючага аднаўлення, развіцця і напаўнення экспанатамі музея. Дырэктар мясцовага дабрачыннага фонду Ала Шыцікава нагадала прысутным, што колішнія гаспадары гэтых зямель Агінскія былі вядомымі мецэнатамі, шмат ахвяравалі на развіццё краю і падтрымку яго культуры і мастацтва.

Ала СТРАШЫНСКАЯ, "Светлы шлях"
Фота аўтара

Каментаваць