У Тупальшчыну прыязджалі адпачываць з Варшавы і Вільні
У склад вясковай акругі ўваходзяць вёскі: Капачы, Ашмянец, Падовойка, Падстарынь, Пагарэлье і Сыраваткі, таксама засценкі Бялагор, Чорная Лужа, Няпро і Ашмянец, агулам у 1865 годзе 248 рэвізійных душ”.
Заслугоўвае нашай удзячнай памяці і факт нараджэння ў Тупальшчыне каталіцкіга святара ўсходняга абраду, генерала ордэна айцоў марыянаў, архімандрыта Андрэя Цікоты (1891 – 1952). Правёў ён тут свае дзіцячыя гады, адсюль у 1903 годзе выправіўся на вучобу ў Ашмянскае гарадское трохкласнае вучылішча, а потым у далейшы самастойны жыццёвы шлях. Трэба ўдакладніць, што цяпер родная хата вядомага каталіцкага святара знаходзіцца ў суседняй вёсачцы Плавушка. Верагодна, гэтая мясціна першапачаткова ўваходзіла ў Тупальшчынскі асяродак, а толькі з пачатку 20 стагоддзя займела сваю сучасную мілагучную назву.
У Жодзішках жылі Бакшанскія
Па адным з сямейных паданняў, у другой палове 19 стагоддзя сюды з Расіі вярнулася Наталля Бакшанская, жонка аднаго з братоў Бакшанскіх, і асела ў маёнтку Жодзішкі. На мяжы стагоддзяў імя яе сына Осіпа ці Іосіфа Уладзіміравіча Бакшанскага можна знайсці на старонках“Памятных кніжак Віленскай губерні”. У іх адзначана, што ён шматгадова з’ўляўся павятовым па "чыншавых справах прысутнасці" Свянцянскага ўезду, сябрам прыёмнай камісіі па ваеннай павіннасці. Папячыцель з 21 красавіка 1895 года гарадской бальніцы ў Свянцянах дваранін Іосіф Бакшанскі адукацыю атрымаў у гімназіі, быў праваслаўнага веравызнання і гаспадарыў ва ўласным маёнтку Тупальшчына.
Ажаніўся з Анэляй Івашкевіч, у іх нарадзіліся сыны Іван, Яўген, Уладзімір, Анатоль і Міхаіл. Іван і Яўген Бакшанскія загінулі ў гады Першай сусветнай вайны, а астатнія браты вярнуліся на спадчынныя землі ў пачатку 1920-х гадоў мінулага стагоддзя. Міхаіл Бакшанскі асеў у маёнтку Рэвутка каля вілейскай Нарочы, жодзішкаўскі маёнтак развіваў брат Анатоль, а ў Тупальшчыне гаспадарыў брат Уладзімір. Пра апошняга ўладальніка тупальшчынскага маёнтка вядома наступная жменька біяграфічных фактаў.
Нарадзіўся ён тут ў 1881 годзе. З 1907 года да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года служыў у Рускай Імператарскай арміі. У чыне падпалкоўніка Уладзімір Бакшанскі вяртаецца ў Тупальшчыну, каля якой за гады імперыялістычнай вайны былі пабудаваныя магутныя бетонныя апоры чыгуначнага маста, праляглі шматлікія стужкі вузкакалеек, побач з сядзібай закладзены паром праз Вяллю.
Прыязджалі адпачываць з Варшавы і Вільні
Былы вайсковец пачынае ўзнаўляць гаспадарку, якая ў самым сваім росквіце складалася з 7-8 коней, 12-15 кароў, 120 гектараў зямлі. Дапамагаюць яму яе весці 4 пастаянныя і 14-15 сезонных рабочых. Дбайны гаспадар закладвае ў маёнтку млечарню, ці прадпрыемства па перапрацоўцы малака, адначасова стварае малочны кааператыў. Значны прыбытак прыносіць развіццё аграсядзібнага бізнесу.
Варшаўскі краязнаўчы штомесячнік “Зямля” у ліпені 1938 года адзначыў папулярнасць Тупальшчыны, куды на адпачынак “прыязджаюць госці з Варшавы, Кракава, Познані і Вільні”. За кошт ахвяраванняў адпачываючых у Тупальшчынскім пансіянаце быў адліты 40 кілаграмовы звон для недалёкай Дубоцкай Кальварыі, а для помніка на могілках у Жодзішках была зробленая шыльда.
Трагічны лёс пасля вайны
Падзеі Другой сусветнай вайны разбурылі не толькі тутэйшы лад жыцця, але трагічна адбіліся на лёсе ўсёй сям’і Бакшанскіх. Капітан артылерыі Уладзімір Бакшанскі ў верасні 1939 года быў прызваны ў Польскае войска і ў хуткім часе інтэрніраваны літоўскімі ўладамі.
Пасля арышту, у час следства, заявіў, што “на сваёй уласнай зямлі ўвесь час праводзіў барацьбу з рэвалюцыйнай агітацыяй.
Адмоўна адносіўся да Савецкай улады, так як яна адабрала ў яго ідэнтычнасць, добрае імя і маёмасць”. У Віленскай турме 19 снежня 1940 года быў складзены прысуд, па якім яго саслалі на 5 год у Джамбульскі раён Казахстана, дзе ён і памёр ад тыфу ў сакавіку 1942 года.
Пасля стварэння восенню 1939 года на базе маёнтка Тупальшчына калгаса лёс выгнаннікаў напаткаў родных Уладзіміра Бакшанскага. Яго жонку Элеанору вясной 1940 года “як памешчыцу” асудзілі на 8 год зняволення. Спачатку адбывала пакаранне ў турме, потым была высланая ў Магадан. За ўдзел у фарміраваннях Арміі Краёвай у снежні 1944 года былі арыштаваныя браты Альгерд і Януш Бакшанскія і асуджаны на 10 і 8 год зняволення. Адбывалі пакаранне на Калыме і ў Алтайскім краі, пасля чаго выехалі ў Польшчу. У польскі горад Свебодзін выехала ў 1946 годзе дачка Ірэна, дзе ўжо знаходзілася пасля вяртанне з сылкі яе маці Элеанора Бакшанская. Так незайздросна склалася ў гэты перыяд жыццё родных апошняга ўладальніка тупальшчынскага маёнтка.
Стала калгасам і знікла
Жорсткія выпрабаванні прыпалі таксама на лёс самога маёнтка і застаўшыхся ў ім жыхароў. Пасля стварэння тут у 1939 годзе калгаса ў хуткім часе частка маёмасці была нацыяналізаваная, падзелена і паступова знікла. Са з’яўленнем нямецкіх акупацыйных улад у гэтым кутку краю аднаўляецца гаспадарчая дзейнасць маёнтка, часткова вяртаецца ў Тупальшчыну маёмасць, якая была разабраная па мясцовых гаспадарках. Немцамі вясной 1942 года тупальшчынскім адміністратарам прызначаецца Гіляры Глушак. Як адзначала ў сваіх успамінах “Уцёкі ад Халакосту” Эмануэла Цунг, якой прыйшлося ў годы вайны хавацца ад нацыскага праследу ў тутэйшых мясцінах, ў суботнюю ноч з 6 на 7 сакавіка 1943 года на маёнтак Тупальшчына напалі бандыты і “аграбілі ўсё, што маглі, а Гіляра Глушака застрэлілі”. Праз некалькі тыдняў пасля гэтай сумнай падзеі рабаўнікі прыйшлі сюды ізноў і спалілі вельмі прыгожую сядзібную пабудову на стромкім правым беразе Вяллі.
Партызаны і бандыты
У далейшым яшчэ неаднойчы жыццё мясцовых людзей гэтага паселішча падвяргалася гвалту і рабункам. У лютым 1944 года сюды наведаліся партызаны Арміі краёвай, якія атрымалі звестку аб тым, што ў маёнтку жыла сям’я інфарматараў савецкіх партызан. Муж і жонка мелі псеўданімы“Аўтамат” і “Каліна”, збіралі звесткі пра паромную пераправу праз Вяллю каля маёнтка, і гэтага было дастаткова для плануемай расправы. Выратавалі іх ад трагедыі двое маленькіх дзетак, якія ў гэты час знаходзіліся ў хаце і якіх краёўцы пашкадавалі разам з бацькамі. У хуткім часе пасля небяспечнай сустрэчы перапалоханая сям’я назаўсёды пакінула маёнтак.
Больш драматычна скончылася сустрэча з бандытамі ў Тупальшчыне пасля вызвалення краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У сакрэтнай “Дакладной запісцы сакратара Свірскага райкома КП(Б)Б Мартыненка сакратару ЦК КП(Б)Б П.К.Панамарэнка аб выпадках тэрору і забойств у раёне “ад 3 сакавіка 1945 года паведамлялася: “…27. 3.1945 г. у 9 гадзін вечара ў в.Тупальшчына Выгалентскага с/с групай бандытаў быў забіты ўпраўляючы канторай Свірскага маслапрома т.Сіняўка Васілій Сідаравіч, які да растрэлу быў падвергнуты зверскім цялесным пакутам. У яго было адрэзана левае вуха і збіты ўвесь твар.
Адначасова з ім загінулі два таварыша, накіраваныя на працу ў Свірскі р-н у сістэму маслапрома – т.Смычкоў і яго жонка. Бандай таксама ўзламаны маслазавод у в.Тупальшчына. Малочныя прадукты, якія знаходзіліся на маслазаводзе, а таксама посуд былі забраны бандай”.
Перастала існаваць
У пасляваенны час яшчэ неаднойчы чорныя хмары трывогі навісалі наджыццёвымі клопатамі жыхароў мясціны. Паступова наладзілася больш лёгкае жыццё ў гэтым кутку Смаргоншчыны. Але з цягам часу, без дбайнага гаспадарчага падыходу, пры абыякавых адносінах да маёмасці былых уладальнікаў, з працэсам урбанізацыі і сыходу моладзі з вёсак, Тупальшчына траціць свае значэнне і патэнцыял. Забудова пакрысе разбураецца і разбіраецца, пакуль ў 1971 годзе на хутары не застаецца ніводнай жылой пабудовы. Тупальшчына перастае існаваць як паселішча.
Сёння захавалася ад сядзібы рэштка падмуркавага пагорка, які густа парос хмызняком. Дзе-нідзе праглядаюцца напаміны сцежак і адзінкавыя дрэвы той пары. Пра былую мясціну са шматгадавой гісторыяй могуць нагадаць і разваліны мураванай капліцы-пахавальні Бакшанскіх. Уражваюць наведвальнікаў магутныя бетонныя “разакі” нямецкага чыгуначнага маста Першай сусветнай. Быццам вартавыя, яны надалей выпраўляюць воды Вяллі ў вечнае падарожжа да Балтыйскага мора. А як вядома, ні рака, ні хутказменны час спыніцца не могуць.