На Мядзельшчыне ўмацаванні і пахаванні Першай сусветнай занеслі на інтэрактыўную карту
Інтэрактыўная карта з аб’ектамі Першай сусветнай вайны з’явілася ў інтэрнэце. Яна ахоплівае пераважна Мядзельскі раён. Ёсць таксама аб’екты на Пастаўшчыне і Смаргоншчыне.
На карце нанесеныя больш за 300 аб’ектаў – як нямецкія, так і рускія. Гэта ўмацаваныя збудаванні, агнявыя кропкі, бліндажы, камандзірскія пункты, пахаванні. У акенцы з'яўляецца кароткая інфармацыя пра аб’ект і яго фатаграфія. Нанесеная на карце таксама лінія фронту.
– Карта дапаможа тым, хто цікавіцца тэмай Першай сусветнай, – кажа намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага парку “Нарачанскі” па навуковай рабоце Валеры Люштык. – Каб турысты ў залежнасці ад таго, колькі маюць часу, маглі спланаваць сабе вандроўку. Можна на два дні паходам ісці, можна на дзве гадзіны экскурсію зрабіць.
Таксама дапаможа карта ўявіць маштаб ваенных дзеянняў.
– На ёй пабачыш, якая моцная была нямецкая абарона, асабліва паміж азёрамі Нарач і Мядзел. То якую мужнасць трэба было мець рускім салдатам, каб ісці ў наступленне падчас Нарачанскай аперацыі 1916 года, – працягвае Валеры Люштык.
Стварылі карту супрацоўнікі навуковага аддзела Нацыянальнага парку ў межах сумеснага фотапраекта-даследавання з фотамастаком з Паставаў Васілём Беляковым “Іх лёсы злітыя разам...”.
Паглядзець карту можна