У Вілейцы праходзіць конкурс літаратурных твораў
Конкурс на лепшы літаратурны твор “Не пра вайну пішу – пра чалавека” прымеркаваны да 70-годдзя Перамогі. Да 30 красавіка для ўдзелу ў конкурсе неабходна падаць заяўку. Яе можна даслаць у вілейскую раённую цэнтральную бібліятэку імя Ганны Новік па Савецкай, 25 альбо на электронную пошту vilcdb@tut.by.
Удзельнікі павінны ўказаць прозвішча, імя, імя па бацьку, месца вучобы альбо работы, тэлефон, адрас і даслаць свой літаратурны твор.
Конкурс праходзіць у трох намінацыях: “Паэзія”, “Проза”, “Публіцыстыка”.
Адбор будзе праходзіць па трох узроставых катэгорыях: ад 12 да 17 гадоў, ад 18 да 31 года і ад 32 гадоў і старэй.
– У журы плануем запрасіць вілейскіх творцаў Мікалая Кутаса і Уладзіміра Цануніна, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вілейскага райвыканкама Сяргея Паўлоўскага, – расказала намеснік дырэктара вілейскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Ганны Новік Галіна Аўласовіч.
Вынікі конкурсу падвядуць 6 мая падчас святочнага мерапрыемства “Віват вясне, самой Перамозе!”
Лаўрэат зможа выступіць на святочных пляцоўках 9 мая. Пераможцы атрымаюць званні лаўрэатаў, ім уручаць дыпломы і прызы.