Батлейка — «маленькае Евангелле»
Як лялькі вучаць агульначалавечым каштоўнасцям... Слова «батлейка» пераносіць нас у мінулыя эпохі, на гарадскія плошчы, дзе людзі збіраліся «паглядзець» апошнія навіны, абыграныя ў лялечнай інтэрмедыі. Такі своеасаблівы аналаг сучаснага тэлебачання. І хаця лічбавыя тэхналогіі выцеснілі тэатр, батлейка і цяпер пакідае ў маленькіх гледачоў моцныя ўражанні.
Адчуць на сабе яе магію пашанцавала і мне падчас выступлення тэатра лялек у мінскім храме Свяціцеля Мікалая Японскага. Пасля нядзельнай ранішняй службы ў прыходзе бацькі разам з дзецьмі паглядзелі цікавую гісторыю «Стары і леў» па матывах жыція Святога Герасіма Іарданскага. Старац выратаваў цара звяроў ад стрэмкі і той верна служыў яму да канца жыцця — так адплаціў чалавеку за дабро. Пасля выступлення мы пагутарылі пра батлейку з супрацоўнікам Цэнтра экалагічных рашэнняў (ЦЭР) па напрамку «Царква і наваколле» Сяргеем ЮШКЕВІЧАМ, які займаецца тэатрам лялек на працягу 15 гадоў.
— У Інстытуце тэалогіі БДУ батлейка з’явілася дзякуючы Міжнароднаму хрысціянскаму адукацыйнаму цэнтру імя святых Мяфодзія і Кірылы як адукацыйная методыка для дзяцей, — распавядае Сяргей Юшкевіч. — Тады пры ўстанове адкрылася нядзельная школа і паўстала пытанне: як маленькім слухачам цікава і проста распавесці біблейскія сюжэты? Я быў на першым курсе інстытута і пачаў займацца тэатрам лялек у камандзе з трыма студэнтамі.
Незвычайны тэатр з’явіўся ў XVІ стагоддзі на тэрыторыі тагачаснай Беларусі, Украіны, Расіі і Польшчы. Яго назва пайшла ад біблейскага горада Віфлеем, хаця ўкраінцы называлі свой тэатр «вертэпам», а палякі — «шопкай». Ён мае вытокі з заходняй традыцыі паказваць тэатралізаваную гісторыю Раства Хрыстова. Часам батлейку называюць «маленькім Евангеллем»: калі насельніцтва было непісьменным, біблейскія гісторыі «трансляваліся» праз пастаноўкі тэатра лялек. Пачыналася батлейка, можна сказаць, у царкве. З гэтай прычыны цяпер многія знаўцы схіляюцца да таго, каб не паказваць у лялечным тэатры небіблейскія сюжэты. Але ж калісьці батлейку выкарыстоўвалі для паказу як евангельскіх гісторый, так і побытавых сцэнак, якія высмейвалі заганы ці паноў.
— Мне падаецца, у батлейцы можна паказваць не толькі гісторыю Раства Хрыстова, — дзеліцца назіраннямі Сяргей. — Напрыклад, мы ставілі сцэнкі па матывах вядомых мультфільмаў «Замак Хаула» і «Знесеныя прывідамі» Хаяо Міядзакі. Сцэнарыі былі адаптаваны пад хрысціянскія матывы, адшукаць якія нескладана і ў мастацкім творы. На жаль, у тых знаўцаў, якія выступаюць за царкоўную батлейку, гэтыя пастаноўкі выклікаюць адмаўленне. Для мяне ж тэатр лялек — па-за канфесійны спосаб гутаркі з дзецьмі, дзе галоўнае — паказаць тое каштоўнае, што ёсць вакол нас.
На думку Сяргея Юшкевіча, тэатр лялек — гэта ўнікальная магчымасць сацыяльнага служэння ў царкве і творчага развіцця: мала «гарэць» самой ідэяй тэатра, трэба навучыцца расказваць гісторыю дзецям. Бо банальны аповед пра маральнасць не ўспрымаецца маленькімі гледачамі.
— Перад пачаткам выступлення я з’яўляюся ў касцюме казачніка і распавядаю дзецям пра батлейку, бо звычайна яны нічога пра яе не ведаюць, — канстатуе батлеечнік.
Каб арганізаваць спектакль, дастаткова чатыры чалавекі. Два з іх будуць лялькаводамі (чатыры лялькі — аптымальная колькасць, бо яны на сцэне не ствараюць «заторы»), таксама гукааператар і дэкаратар. Аднойчы, па словах Сяргея, у яго трупы быў сапраўдны «марафон»: кожную нядзелю — новае выступленне. А гэта новыя лялькі і дэкарацыі. На адзін сцэнарый ідзе ў сярэднім сем гадзін, акцёры стварылі іх прыблізна 200 для тэатра батлейкі.
Вельмі важна афармленне «тэатра»: традыцыйна рабіўся роспіс для «зрокавага чытання». Батлейка Міжнароднага хрысціянскага адукацыйнага цэнтра пры Інстытуце тэалогіі выглядае як цэркаўка, але, па словах Сяргея, гэта даніна традыцыі. Сучасныя канструкцыі маюць форму звычайных дамкоў. Кананічная батлейка мела тры ярусы. Верхні сімвалізуе нябесную сферу, на ім паказвалі немаўля Ісуса. Сярэдні абазначаў зямлю. А ў якасці «пекла» служыў ніжні, трэці ярус.
— У нашай батлейцы можна ўбачыць у малюнках гісторыю Адама і Евы, сяброўства чалавека і жывёл. Яна рабілася па экскізах, знойдзеных у музеі. Адна са студэнтак Інстытута тэалогіі, якая займалася ў іканапіснай майстэрні, узялася размаляваць наш тэатр. Батлейка стваралася як ікона, і па сёння яна выглядае як новая, — распавядае Сяргей. — Аднак я не лічу, што трэба рабіць яе па кананічным узоры. Некаторыя бацькі рабілі батлейку з кухоннай шафы, атрымліваўся сапраўдны сямейны тэатр.
Зараз Сяргей Юшкевіч працуе ў ЦЭР, таму яго выступленні больш звязаны з экалагічнай тэматыкай: ён вырашыў і ў гэтай сферы выкарыстаць адукацыйныя магчымасці лялечнага тэатра.
Пасля выступлення батлеечнік праводзіць майстар-класы. Гэтым разам ён з дзецьмі рабіў звяроў і птушак са старых газет. Папяровая цацка яшчэ раз нагадае хлопчыкам і дзяўчынкам, як можна прадоўжыць жыццё старой газеты.
Батлейка, прынамсі царкоўная, не камерцыйны, а больш сацыяльны, дабрачынны праект. Тэатр лялек можна выкарыстоўваць як цудатворны сродак арт-тэрапіі: пасля выступленняў у дзяцей ёсць магчымасць пагутарыць з казачнікам, паўдзельнічаць у майстар-класе, памацаць лялькі. Выпадак з практыкі Сяргея Юшкевіча пацвярджае гэтыя словы: дзяўчынка, якая не размаўляла, на наступны пасля спектакля дзень паспрабавала распавесці маме пра галоўнага героя сцэнкі. Батлейка стварае маленькія цуды, дзеля якіх і варта займацца такой справай.