Тупальшчына пры Вяллі: калі радавалі патэфон і брыдж
На Беларусі існуюць дзве мясціны з адной і той жа назвай Тупальшчына. Дзякуючы жыццю і дзейнасці класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча набыла вядомасць ва ўсёй краіне і за яе межамі аднайменная мясціна ў Валожынскім раёне. Не меншай папулярнасцю карыстаецца Тупальшчына на Смаргоншчыне, якая раскінулася на правым каларытным беразе Вяллі каля старажытных Жодзішак.
Адных наведнікаў у Тупальшчыну прыцягваюць сюды напаміны з глыбінь шматвекавой гісторыі і недалёкай мінуўшчыны. Іншыя маюць цудоўную магчымасць на гэтым маляўнічым прамежку Вяллі добра адпачыць на ўлонні прыроды. Кожны знаходзіць тут сваю Тупальшчыну!
Аднак цікавыя адкрыцці, якія звязаныя з гэтым куточкам, захоўваюцца ў зусім незвычайных месцах. Сапраўдным скарбам стала знаёмства з рэкламным праспектам “Летняга пансіяната Тупальшчына”, які быў выдадзены ў 30-я гады мінулага стагоддзя ў віленскай друкарскай майстэрні “Легія”. Невялікая брашурка на 13 старонках утрымлівае багата матэрыялу пра размешчаную тут, як бы цяпер яе назвалі, аграсядзібу Тупальшчына, пра ўмовы жыцця адпачывальнікаў, паслугі і забавы, што ім прапаноўваліся. Так як наведвалі гэту мясціну жыхары буйных гарадоў былой польскай дзяржавы, то змест тэксту быў дапоўнены фотаздымкамі краявідаў і месцаў адпачынку. Вось як складальнікі брашуры перадалі атмасферу, у якой можна было правесці летні адпачынак.
“Летні пансіянат “Тупальшчына” з’яўляецца ідэальным месцам сапраўднага адпачынку. Ён месціцца на вельмі маляўнічым высокім беразе Вяллі. Жылыя дамы атачоныя пладовым садам, да якога непасрэдна прылягае сасновы лес. Мясцовасць абсалютна сухая і вельмі здаровая.
Госці пансіяната жывуць у пяці жылых дамах: у галоўным доме, трох лецішчах, іншых пабудовах, якія размешчаныя каля галоўнага дома.
У дамах існуюць пакоі на 2-3 і 4 асоб. Пакоі сухія, светлыя і сонечныя. З веранды галоўнага дома, як і з вокнаў лецішчаў, бачны раскінутыя маляўнічыя віды на раку Вяллю і яе вельмі прыгожыя лясныя берагі. Адсюль, з высокага берага, відаць байдарачная прыстань і пляж на ладным пясчаным беразе ракі, парослым лесам.
На супрацьлеглым беразе таксама пляж. Вакол пляжа расце цудоўны сасновы лес. З высокіх берагоў, на якіх раскінуліся лецішча, распрасціраюцца прыгожыя віды на срэбную стужку Вяллі і навакольныя лясы. Берагі ракі, якія параслі сасновым лесам, з’яўляюцца месцамі вельмі прыемных і здаровых вандровак і падарожжаў.
Газоны атачоныя кустамі бэзу. Манатонная зеляніна газонаў упрыгожаная разнастайнымі кустамі рознакаляровых руж.
У летнім пансіянаце “Тупальшчына” сезон распачынаецца 1 чэрвеня і працягваецца да 1 верасня.
У час гэтага сезона лецішча прымае ад 60 да 90 гасцей летняга адпачынку. Летні пансіянат “Тупальшчына” валодае наступнымі забавамі: радыё, патэфон, вячэрнія танцы, таварыскі брыдж.
Каб даць магчымасць гасцям лецішча наведваць шматлікія навакольныя мясціны і азёры, а менавіта: Нарач, адлеглае на 40 кіламетраў, Вішнеўскае – на 14, арганізуюцца вандроўкі да тых мясцін. Далёкія вандроўкі адбываюцца з дапамогай аўто, бліжэйшыя – фурманкамі.
Працяг будзе.