Залескія чараўніцы

21.03.2015 15:43Views:
Ніна Кенька (злева) і Наталля Логач

Ніна Кенька (злева) і Наталля Логач

У кожнага чалавека ёсць месца, куды яму прыемна прыходзіць. Гэта могуць быць установы культуры ці спартыўныя залы, тэатр або музей і г. д. Хачу вам нагадаць яшчэ пра адно цікавае месца нашага краю, дзе вы можаце з карысцю праводзіць свой вольны час. Гэта раённы Дом рамёстваў, які знаходзіцца ў цэнтры Залесся. І хаця вонкавы выгляд будынка не вельмі прываблівы, у пакоях захоўваюцца і ствараюцца рукамі таленавітых майстрых сапраўдныя цуды.

Каралевай саламяных шэдэўраў называем мы паміж сабой Наталлю Логач, якая працуе метадыстам і майстрам па саломапляценні. Госці, што наведваюцца да нас, заўжды ў захапленні ад прыгожых рэчаў, створаных залатымі рукамі майстрыхі. Наталля Віктараўна вядзе гурток “Саламяныя дзівосы” для дарослых, дзе можна набыць веды і папрактыкавацца ў тэхніцы саломапляцення, нават стварыць сваімі рукамі прыгожы сувенір.

Наогул, у нашым аграгарадку вельмі шмат актыўных, таленавітых і творчых людзей. Асабліва сярод жаночай паловы насельніцтва. Жанчыны і дзяўчаткі займаюцца бісерапляценнем, вышыўкай, вязаннем, ствараюць сапраўдныя цуды з паперы і разнайстайных матэрыялаў. Адна з такіх мясцовых аматарак творчасці Ніна Кенька. У яе можна многаму павучыцца. А вучыцца, як вядома, ніколі не позна. Таму да яе і ідуць за парадай ці падказкай аматары вязання. Цудоўныя карункі ствараюць наведвальніцы гуртка, якім кіруе Ніна Уладзіміраўна. Вялікае шчасце працаваць і пераймаць вопыт у сапраўдных чараўніц, якія самі распрацоўваюць ідэю і самі ж увасабляюць яе ў жыццё.

Творчы дуэт Наталлі Логач і Ніны Кенькі стварае сумесныя брэндавыя сувеніры, арыгінальныя і запатрабаваныя наведвальнікамі Залесся.

У планах нашай установы культуры правядзенне творчых сустрэч, пасяджэнняў аматарскіх аб’яднанняў, выстаў аўтарскіх работ умельцаў. Будзем рады запрасіць да нас усіх, хто цікавіцца народнымі рамёствамі.

Таццяна ГОРБАЧ,
загадчыца аддзела
па традыцыйнай культуры
раённага Дома рамёстваў
Фота Міхаіла РАЗУМНІКА

Каментаваць