Неуміручая «Батлейка»
Беларускі народны тэатр «Батлейка» — разнавіднасць лялечнага тэатра, які прыйшоў да нас з далёкага мінулага. Наш лялечны тэатр «Батлейка» імкнецца адраджаць і ўмацоўваць нацыянальную культуру Беларусі. Пацвярджэнне гэтаму – яго рэпертуар, які цалкам складаецца з самабытных твораў беларускага фальклору: народных і класічных казак, п’ес у народным жанры «батлейка».
Дзецям цікава вывучаць такім чынам старажытнасць, знаёміцца з новымі персанажамі, быць у ролі лялькаводаў, таму з вялікай цікавасцю яны чакаюць новую казку ці п’есу. За той невялікі адрэзак часу, які мы працуем, гледачы паспелі палюбіць наш лялечны тэатр. Мы актыўна ўдзельнічаем у жыцці цэнтра, выступаем на шматлікіх мерапрыемствах. Нашы акцёры выступалі перад сваімі равеснікамі з прытулку СПЦ (у межах дабрачыннай акцыі «Падары свята іншаму»).
Нядаўна адбылася творчая справаздача лялечнага тэатра. На «Казачны кірмаш» сабраліся і дзеці (гурткоўцы цэнтра), і дарослая публіка (бацькі батлеечнікаў). Гледачам прапанавалі беларускія народныя казкі «Разумная ўнучка», «Каза-манюка» і рускую народную казку «Рэпка». Далей творчы калектыў тэатра збіраецца радаваць сваімі спектаклямі не толькі гурткоўцаў, але і дзяцей гарадскіх школ і дзіцячых садкоў. А тых, хто жадае стаць акцёрам-батлеечнікам, мы запрашаем да нас у тэатр.
Іна ЯНОВІЧ,
кіраўнік лялечнага тэатра «Батлейка»
цэнтра творчасці дзяцей і моладзі
"Светлы шлях"