Урок роднай літаратуры

02.03.2015 16:08Views:
ава26 лютага быў цудоўны дзень. Не ў сэнсе надвор’я, бо было яно сырым і ветраным. А з-за таго, што ў нашай школе прайшоў незвычайны ўрок сучаснай беларускай літаратуры. А правялі яго для нас, настаўнікаў, вучняў і гасцей школы, два вядомых на ўсю Беларусь і далёка за яе межамі чалавекі: паэт, бард, перакладчык, галоўны рэдактар часопіса “Верасень” Эдуард Акулін і паэт-лірык, эсэіст, празаік Леанід Дранько-Майсюк. 

Падчас прадстаўлення гасцей многія заўважылі, што Леанід Дранько-Майсюк нешта хуценька піша на аркушы паперы. Што запісваў майстра паэзіі? Аказалася – верш! Ён нарадзіўся на нашых вачах (калі можна так сказаць) і быў прадстаўлены слухачам адразу, як толькі паэту было дадзена слова:

2_новый размер

Што ў нашым сэрцы?
Песня!
А на вуліцы вясна!
Мы - з Палесся,
Вы - з Залесся,
Але мова ў нас адна!

Пасля гэтага паэтычнага яднання ў нашай утульнай зале заўладарыў па-сапраўднаму лірычны настрой: адзін за адным гучалі разнастайныя па тэматыцы беларускія вершы, парады і жарты. Адна справа, калі вершы выразна чытаюць настаўнікі і вучні, і зусім іншая, калі іх чытаюць самі аўтары, ды яшчэ падрабязна распавядаюць пра цуд іх нараджэння!

Падчас сустрэчы Леанід Дранько-Майсюк выявіў сябе як чалавек з тонкім пачуццём гумару. Ён чытаў свае вершы, каментаваў з’яўленне кожнага з іх, шмат жартаваў з вучнямі, цікавіўся іх жыццём, для кожнага знайшоў цёплыя словы: “Ганначка—ты кветачка, Волечка— ты зорачка!” Удзельнікі імпрэзы дазналіся, што імя першай яго музы – Ларыса, першы верш ён напісаў ёй і па яе просьбе, і было гэта ў чацвёртым класе:

3_новый размер

Хто ты? Хто ты? Я не знаю.
Кветка ці актрыса?
Але я цябе кахаю!
Ты мая, Ларыса!

Дзеці даведаліся, што ў паэта ёсць сабака, якога завуць Хомка, ён – герой шматлікіх вершаў і нават натхняльнік напісання многіх з іх. Паэт падзяліўся сакрэтам як, калі і дзе піша вершы, даў некалькі парад для слухачоў па напісанні паэтычных твораў. Цыкл дзіцячых вершаў пра Хомку якраз і ўзнік з-пад пяра паэта падчас ранішніх і вячэрніх праходак з ім, а дапамагаюць яму адразу зафіксаваць паэтычныя радкі шматлікія “планшэткі” (цвёрдыя лісточкі паперы), якія ён заўсёды носіць з сабой і другім раіць.

4_новый размер

Леанід Дранько-Майсюк правёў прэзентацыю новага, адзінаццатага, нумара часопіса “Верасень”, падрабязна распавёў пра напаўненне выпуску, заклікаў вучняў друкаваць свае творы ў гэтым літаратурна-мастацкім часопісе. Прэзентаваў нізку вершаў і прозы “Кніга для спадарыні Эл”, расказаў пра дыск з песнямі Эдуарда Акуліна “Не магу жыць без крыл”, зборнік вершаў “Святая ноч” і іншыя кнігі, якія творцы прывезлі з сабою. Паэт упэўнена сцвердзіў: “Паэзія—хараство, а беларуская мова і ёсць паэзія!”

5_новый размер

Эдуард Акулін распавёў прысутным пра сваю любоў да кнігі, пра тое, як яшчэ ў пачатковых класах перачытаў усю літаратуру ў школьнай бібліятэцы, а ў сельскай яму, як жарт з малога хлапчука, прапанавалі пачытаць вялікую тоўстую кнігу, якая называлася “Паганіні”. І ён прачытаў не на жарт сур’ёзную кнігу…А прыклад жыцця вялікага Паганіні дапамог яму ўпэўнена ісці да сваёй мэты—стаць сапраўдным майстрам слова. Ёсць у Эдуарда Акуліна і свой жыццёвы дэвіз: “Калі збрукнецца душа, то толькі песня спатоліць яе”. З першых гітарных акордаў усім стала зразумела, што словы і музыка знітаваны ў яго душы назаўсёды. Бард так па-майстэрску працаваў з аўдыторыяй, што ў хуткім часе ўсе дружна пачалі выспеўваць разам з ім. Выканалі песню “Галодны воўк” і вядомы хіт “Янка Купала”.

Напрыканцы сустрэчы прысутныя мелі магчымасць набыць кнігі і дыскі Леаніда Дранько-Майсюка і Эдуарда Акуліна, атрымаўшы пры гэтым аўтографы і зычэнні ад аўтараў. Было асабліва прыемна і вельмі ўразіла, што пажаданні аўтары пісалі кожнаму індывідуальныя, супадзенняў не было!
Пасля сустрэчы з вучнямі нашы знакамітыя госці наведалі маёнтак М.К.Агінскага. Яны былі прыемна ўражаны знешным выглядам сядзібы і тымі зменамі, якія адбыліся за даволі хуткі час. Спадабалася гасцям і сучасная аранжэрэя, больш прасторная, па іх словах, чым у Батанічным садзе ў Мінску. Было прадказальным і іх жаданне - выступіць са сваімі творчымі набыткамі на сучаснай сцэне ў маёнтку вялікага кампазітара.

урок роднай літаратуры_новый размер

Урок сучаснай беларускай літаратуры з майстрамі слова не прайшоў дарэмна. Ён пакінуў пасля сябе шмат прыемных эмоцый, каштоўных успамінаў. І практычнае прымяненне адчуваецца: на ўроках літаратуры, што прайшлі назаўтра, вучні чыталі вершы па-іншаму! Не так, як падавалі іх да сустрэчы з паэтамі, а больш свабодна, не хаваючы эмоцый, так, як выконвалі свае вершы аўтары.

Святлана Ізафатава, Наталля Сідарава,
настаўнікі беларускай мовы і літаратуры
Залескага яслі-сада – сярэдняй школы

Каментаваць