Бацькі

02.03.2015 18:30Views:
Ahinski Шлюб Анджэя Агінскага і Паўліны Шэмбек прыцягвае да сябе ўвагу ў першую чаргу тым, што ён даў свету выдатную асобу кампазітара сусветнай славы, дзяржаўнага і палітычнага дзеяча перыяду апошніх падзелаў Рэчы Паспалітай, касцюшкаўскага паўстанца і дасканалага мемуарыста – Міхала Клеафаса Агінскага (1765-1833), асобу таленавітую і легендарную, якая шмат у чым пераўзыходзіла сваіх сучаснікаў. Ці паспяховае фарміраванне яго яркай шматбаковай асобы сталася вынікам  шчаслівага збегу жыццёвых абставін, ці ўсё ж найбольшую ролю тут адыгралі вымаганні сацыяльнага атачэння, якому трэба было адпавядаць, ці мела месца пэўнае мэтанакіраванае ўздзеянне сям’і, жыццёвых и маральных прыярытэтаў усяго арыстакратычнага роду, які надзвычай узвысіўся, пачынаючы з ХVІІ ст.? У якой сям’і жыў Міхал Клеафас і што вынес з яе ў жыццё?

Мне здаецца найбольш удалым пачаць з успамінаў самога Міхала Клеафаса Агінскага пра сваіх бацькоў, якія ён змясціў у сваім нарысе “Мая біяграфія, пачынаючы з дзяцінства і да 1788 года” (нарыс быў апублікаваны ў Беларусі ў 1998 г. ў часопісе “Спадчына”):

“Я нарадзіўся 25 верасня 1765 года ў Гузаве, вёсцы маіх бацькоў, размешчанай у ваяводстве Рава, павет Сахачаў, за 7 міль ад Варшавы. Мой бацька, Анджэй Агінскі, да канца сваіх дзён ваявода Трокскі, а ў момант майго нараджэння стараста Ашмянскі, мечнік Княства Літоўскага, кавалер польскіх ордэнаў, пакінуў Літву, каб абаснавацца ў Польшчы, ажаніўшыся з маёй маці, удавой Патоцкага, Гузаўскага старасты. Мой бацька на працягу ўсяго жыцця да такой ступені перажываў за лёс сваёй Радзімы, што гэта дрэнна  адбівалася на яго здароўі.

анджэй_бацька мка_новый размер

Анджэй Агінскі

Мая маці, Паўліна, народжаная графіня Шэмбек, была ў першым шлюбе жонкай Лубенскага, які пражыў мала, у другім – Патоцкага, які пакінуў яе ўдавою праз год, і, нарэшце, майго бацькі, Агінскага. …Яна мела ад кожнага з мужоў па аднаму сыну, што было повадам часта называць яе “маці трох правінцый. Яна была адной з самых прыгожых жанчын Польшчы, яе паводзіны былі самыя прыкладныя, яна магла служыць узорам найлепшай жонкі і адной з самых пяшчотных маці...”.

Каб даведацца як мага больш пра асобу Паўліны Шэмбек, мне давялося першапачаткова звярнуцца да геналогіі Паўліны Шэмбек і даследавання  польскага гісторыка К.Карольчака “Szembeków gałąź podolska” (“Падольская галіна Шэмбекаў”) і да тых дакументаў, якія прыводзіць Пётр Станяк у сваёй  кніжцы. Ітак, маці Міхала Клеафаса, Паўліна з Шэмбекаў (1737-1798), з’яўлялася дачкой графа Марка Шэмбека, гродавага старасты Бжэсцка-Куяўскага, пазней каралеўскага генерал-ад’ютанта, і яго жонкі Ядзвігі з Рудніцкіх, дачкі  старасты Балімаўскага, харунжага Быдгашчскага.

Пасада старасты ў Рэчы Паспалітай ХVIIIст. з’яўлялася галоўнай кіруючай пасадай у павеце, яки ў нас сёння можна прыраўняць да раёна, хаця звычайна паветы былі значна большыя за нашы сучасныя раёны, добрым прыкладам таму можа служыць Ашмянскі павет, памеры якога разы ў 2 перавышалі памеры сучаснага Ашмянскага раёна. Пасада харунжага ў павеце азначала тое, што гэты чыноўнік вёў улік ваеннаабавязаных у павеце і пры неабходнасці праводзіў іх мабілізацыю, а ў час вайны быў сцяганосцам апалчэння. Бжэсцка-Куяўскі павет знаходзіўся паміж гарадамі Влацлавэк і Торунь, размешчаных на рацэ Вісле на поўнач ад Варшавы, у больш старажытныя часы ён быў цэнтрам асобнага ўдзельнага княства, а затым цэнтрам павету, але сёння ён страціў сваё значэнне.

Паўліна Шэмбек

Паўліна Шэмбек

Вельмі старадаўні род Шэмбекаў паходзіў ад старой нямецкай шляхты з горада Стандэл у Брандэнбургіі, адна з галін якога на чале з яе заснавальнікам Барталамеем ў ХVI ст. асела ў Кракаве і вяла гандаль сукном. Першапачаткова Шэмбекі належалі да мяшчанскага саслоўя, хаця ўжо Барталамей быў аўтарытэтным грамадзянінам і ўваходзіў у склад Кракаўскай гарадской Рады. Толькі пры нашчадку Барталамея, Станіславе, род Шэмбекаў атрымаў правы на шляхецтва. Шэмбекі заўсёды дадавалі да свайго прозвішча дадатак “са Слупова” (гэтак жа, як Агінскія – “з Казельска”, што ўказвала на месцазнаходжанне гнязда  роду) і карысталіся ўласным гербам “Шэмбек”, што сведчыла пра асаблівую багатую гісторыю роду).

К.Карольчак у сваёй працы, прысвечанай Шэмбекам, піша, што рэдка які род, які прыбыў з-за мяжы і асеў у Рэчы Паспалітай, даў краіне на працягу двух стагоддзяў столькі выдатных свецкіх і духоўных чыноўнікаў: іх было на пачатак ХІХ ст. звыш 200, і сярод іх 2 прымасы (вярхоўныя святары ўсёй краіны), 6 біскупаў, 1 вялікі каронны канцлер, 1 вялікі каронны сакратар, 2 ваяводы, 6 кашталянаў і 5 генералаў. Увогуле, тыя 3 галіны, на якія падзяліўся род Шэмбекаў пасля асядання ў Польшчы, так і называліся: галіна духоўная, галіна адміністрацыйная і галіна генеральская.  Падобна, што Паўліна Шэмбек належала да “генеральскай” галіны, беручы пад увагу заняткі бацькі і брата Паўліны (адзіны брат Паўліны, Ізідар Шэмбек таксама быў генералам Яго Каралеўскай Вялікасці і памёр беспатомна).

У 1744 г., калі Паўліне было 7 год,  памёр яе бацька, і  яе маці ў хуткім часе выйшла замуж за дэпутата сейму 1746 г. ад Кракаўскага ваяводства,  старасту Лелёўскага Казіміра Лубенскага і жыла з ім і дзецьмі ў маёнтку Шэмбекаў Мінога каля Олькуша, таксама Кракаўскага ваяводства. Маёнтак Мінога размешчаны ў надзвычай маляўнічай мясцовасці ў непасрэдным суседстве з Айцоўскім нацыянальным паркам, у спрыяльных кліматычных умовах, ён пазней стаў пасагам Паўліны і перайшоў у рукі яе мужа Анджэя Агінскага. З архітэктурных помнікаў даўніны тут ацалеў мураваны парафіяльны касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі, пабудаваны Антоніем Феліцыянам Шэмбекам у 1733-1737 гг. У 1772 годзе, пасля І падзелу Рэчы Паспалітай, калі Кракаўскія землі адышлі пад юрысдыкцыю Аўстрыйскай імперыі, Анджэй Агінскі прадаў маёнтак Мінога мясцоваму землеўладальніку Ф.Пушэту.

Пра дзяцінства Паўліны звесткі адсутнічаюць, хутчэй за ўсё гэта было традыцыйнае хатняе выхаванне. Затое намнога лепш вядома, як склалася яе сямейнае жыццё пасля выхаду замуж. Пра гэта паведамляе генеалагічная табліца М.А.Агінскага і ксёндз Станяк. Першым мужам Паўліны стаў граф Цэлестын Лубенскі (1729-1759) гербу “Памян”, каралеўскі шамбелан, прыдворны падкаморый караля Аўгуста ІІІ (шамбелан – гэта прыдворны тытул, які паходзіць ад назвы каралеўскага ахоўніка, які суправаджаў гасцей у каралеўскія пакоі; прыдворны падкаморый – таксама прыдворны тытул, якім узнагароджвалі таго з прыдворных, які адказваў за бяспеку каралеўскага жылля).

Пакуль што нельга з упэўненасцю сцвярджаць, ці быў Цэлестын родзічам Казіміра Лубенскага, другога мужа Ядзвігі Шэмбек (маці Паўліны), але гэта зусім магчыма, гэта  растлумачвала б, якім чынам Паўліна выйшла замуж менавіта за аднаго з Лубенскіх, таму што ў традыцыях заможных сямей таго часу было ўмацоўваць матэрыяльнае становішча сям’і праз блізкароднасныя шлюбы, не дапускаючы тым самым раздраблення зямельнай маёмасці.

Бацькам Цэлестына быў Познаньскі ваявода Фларыян Лубенскі (1705-1766), сын Мацея Лубенскага і Марыянны Стакоўскай, і хутчэй за ўсё, Познань і была месцам пражывання сям’і ваяводы.  Апрача Цэлестына, якому бацька адпісаў адно са сваіх старастваў, у сям’і было яшчэ 3 дачкі. Увогуле род Лубенскіх гербу Памян быў адным з найбольш уплывовых у Польшчы, ён, як і род Шэмбекаў, даў краіне некалькі буйных дзяржаўных саноўнікаў – ваяводаў і каралеўскіх сакратароў - і двух прымасаў. Гняздо роду – вёска Лубна-Якусы ў сучасным Серадзкім павеце Лодзкага ваяводства. На жаль, тут не захавалася  помнікаў даўніны, звязаных з прабываннем тут Лубенскіх.

У шлюбе з Цэлестынам Лубенскім 22.11.1758 г. у Мінозе нарадзіўся сын Фелікс Валезій Уладзіслаў Лубенскі, які пасля смерці бацькі гадаваўся ў бабулі Шэмбек у той жа Мінозе, а пазней у родзіча У.Лубенскага, ксяндза-прымаса Польшчы. Яшчэ пазней Фелікс Лубенскі вывучаў права ў Сіенне і Рыме, вызначыўся як палітычны прыхільнік рэформ караля С.А.Панятоўскага і актыўны касцюшкаўскі паўстанец, адзін з тых, хто задумаў і падрыхтаваў само паўстанне. Яшчэ пазней, пасля ўтварэння Напалеонам герцагства Варшаўскага, ён стаў у ім міністрам юстыцыі і веравызнанняў, уводзіў у жыццё Польшчы грамадскі Кодэкс Напалеона і адшукаў так званую Каронную метрыку (збор старадаўніх актаў каралеўскай канцылярыі), сабраўшы па крупінках страчаныя дакументы.

Фелікс Лубенскі

Фелікс Лубенскі

Жанаты ў апошнім шлюбе з пісьменніцай Тэкляй Бялінскай, Фелікс таксама пісаў невялічкія п’есы, адной з іх стала лібрэта да камічнай оперы “Дажынкі ў Залессі”(опера гэта на музыку пецярбургскага кампазітара Юзафа Казлоўскага была пастаўлена ў залескай рэзідэнцыі Міхала Клеафаса Агінскага ў 1819 годзе). У 1828 г. ён дабіўся ад прускіх улад перадачы яму пасады старасты Гузаўскага, бо не жадаў пакідаць на разбурэнне маёмасці, нажытай яго маці, і абшырнага мураванага дому. Ён пераехаў на сталае жыццё ў Гузаў і пасяліўся ў палацы, дзе некалі жыла яго маці з Анджэем Агінскім. Апошнія гады Фелікса Лубенскага прайшлі таксама ў Гузаве, тут, на парафіяльных могілках, ён і пахаваны, гэтак жа як і некаторыя яго родныя. Сёння былы палац Агінскіх і палацавая капліца з’яўляюцца ўласнасцю братоў Сабаньскіх, нашчадкаў графскай сям’і Сабаньскіх, да якой яны перайшлі пасля смерці Фелікса Лубенскага па сямейнай спадчыне, у пасляваенны час тут месцілася кантора мясцовага сельгаскааператыва, а ў апошнія гады палац быў выкуплены братамі Сабаньскімі ў дзяржавы і з’яўляецца іх прыватнай уласнасцю.

4557048_новый размер

Палац Агінскіх (Сабаньскіх)

Пасля смерці Цэлестына Лубенскага 16.01.1759 г., якая была нечаканай для ўсіх, Паўліна Шэмбек выйшла замуж за Яна Праспера Патоцкага гербу “Залатая Пілява”, якому яго бацька, Міхал Антоні Патоцкі, ваявода Бэлзскі і стараста Гузаўскі, адступіў у сувязі з гэтым уласнае нягродавае Гузаўскае стараства. Паселішча Гузаў ляжыць ля важных транспартных і гандлёвых шляхоў, а менавіта ў 7 км ад міжнароднай трасы Берлін-Варшава, на мясцовай трасе Жырардаў-Балімаў, на адлегласці каля 40 км на захад ад Варшавы, на пладароднай Мазавецкай раўніне. Ян Праспер Патоцкі быў першым з Гузаўскіх стараст, які тут пасяліўся.

Мосцік над ставам у парку Гузава

Мосцік над ставам у парку Гузава

Казённае жыллё старасты, паводле люстрацыі 1765 года, выглядала так: “…дом на два пакоі, стары, з ганкам пад гонтавым дахам, усярэдзіне атынкаваны. Афіцыны новыя на 12 пакояў пад гонтавым дахам. Афіцыны старыя, пабудаваныя па-пруску, якія патрабуюць рамонту. За дзядзінцам стайні пад гонтавымі дахамі, якія патрабуюць рамонту. Фальваркавыя пабудовы ўсе спарахнелыя, з двума пакоямі і двума каморамі. Хлявы, куратнік таксама дрэнныя Стадол 5 пад саламянымі стрэхамі. Гумны 2, стары і новы. За сядзібай разбіты прысядзібны агарод, у якім з стаіць будынак з пакоем і каморай, пад ім падвальчык … Карчма добрая пад гонтавым дахам на 2 пакоі з двума старымі каморамі...” (з кнігі П.Станяка).

Захаваўся аркестравы балкончык у бальнай зале палаца ў Гузаве

Захаваўся аркестравы балкончык у бальнай зале палаца ў Гузаве

27 лістапада 1760 г. кароль Аўгуст ІІІ Сакс падпісаў згоду на пажыццёвае кіраванне гэтым стараствам Яну Прасперу і Паўліне Патоцкім. Хутчэй за ўсё, яны ў гэты час і прыехалі на жыхарства ў Гузаў, таму што праз няпоўны год – 11 верасня 1761 г. – тут ужо зафіксавана нараджэнне  іх сына Антонія Пратазія Яцака Патоцкага, будучага банкіра, прамыслоўца і ваяводы Кіеўскага, аб гэтым сведчыць запіс у Кнізе хрышчэнняў суседняга Медневіцкага касцёла. Яго ж бацька, Ян Праспер Патоцкі, пасля трох гадоў шлюбу нечакана памёр ва ўзросце 44 год у мястэчку Косава Сандамірскага ваяводства падчас паездкі да свайго бацькі і, прывезены ў Гузаў, быў пахаваны 23 студзеня 1762 г. ў падзямеллях кляштара Айцоў Рэфарматаў ў Медневіцах паблізу Гузава.

Зноў цытую запіскі ксяндза П.Станяка: “Хроніка кляштара Айцоў Рэфарматаў пад 1762 годам , акт 90, падае: “Дня 32 студзеня пахавана ў грабніцы Братоў нашых цела Найяснейшага Пана Яна Патоцкага, старасты Гузаўскага, Нашага самага зычлівага дабрадзея… Цела яго было прывезена і пахавана. На пахаванне Найяснейшы Бацька вышэйназванага, яго Светласць Антоні Патоцкі, ваявода Бэлзскі,  ахвяраваў 1200 польскіх злотых. … Кляштар атрымаў з гэтага пахавання новы саван для пакрыцця маўзалею, 30 новых кандэлябраў і новую шафу. Са сродкаў Найяснейшай Яе Светласці Пані Паўліны з Шэмбекаў Патоцкай, жонкі вышэйназванага, старасціны Гузаўскай, кляштар атрымаў забеспячэнне, а таксама запас аліўкавага масла і рэшту свечак.”

Прыпалацавая капліца

Прыпалацавая капліца

Увогуле, Медневіцкі кляштар і належачы да яго касцёл патрабуюць асобнага апісання ў гэтым артыкуле, таму што на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў яны блізка звязаны з жыццём Паўліны і Анджэя Агінскіх – тут адбывалася іх шлюбная цырымонія, тут былі ахрышчаны іх дзеці – Міхал Клеафас і Юзэфа, тут, у падземнай кляштарнай лаўры, яны і самі знайшлі апошні спачынак. Але пакуль што пра род Патоцкіх.

Род Патоцкіх гербу “Залатая Пілява” ў Рэчы Паспалітай – адзін з найбольш багатых і ўплывовых. Яго родавым гняздом , якое дало яму і прозвішча, з’яўляецца маёнтак Залаты Паток на Падоллі, сёння тэрыторыя Украіны, тут захаваліся дамініканскі кляштар, касцёл і царква, пабудаваныя Патоцкімі. Сюды род перабраўся  ў ХVІІ ст. з паселішча Енджэёўка каля Кракава. Залаты Паток ляжыць роўна на паўдарозе паміж гарадамі Галіч і Залешчыкі, тут надзвычай мяккі клімат і ўрадлівыя глебы. Менавіта тут пачалося фінансавае і палітычнае ўзвышэнне роду, які стаў амаль што самым шматлікім і заможным сярод іншых магнацкіх родаў Рэчы Паспалітай.

Род Патоцкіх за тры вякі свайго існавання моцна разгалінаваўся, але асноўных галін тры: 1. Прымасаўская (з гербам “Залатая Пілява”); 2. Гетманская (“Сярэбраная Пілява”) і 3. Вялікапольская (“Жалезная Пілява”). Прадстаўнікі роду займалі высокія пасты ў дзяржаве, але адметна тое, што сярод Патоцкіх сустракаліся не толькі патрыёты, але і здраднікі дзяржаўных інтарэсаў, як, напрыклад, Станіслаў Шчасны Патоцкі, які падчас падзелаў Рэчы Паспалітай падтрымаў праціўнікаў тых рэформ, што былі накіраваны на ацаленне краіны. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай шмат Патоцкіх займала высокія пасты ў палітычным жыцці Аўстрыі і захопленых Аўстрыяй польскіх тэрыторый.

Малалетні сын Яна Праспера Патоцкага і Паўліны Шэмбек, Антоні Пратазій (2.09.1761-23.01.1862) – усе звалі яго “Прот” –  пасля смерці бацькі гадаваўся ў доме свайго дзеда, ваяводы Бэлзскага Антонія Міхала Патоцкага (згодна з традыцыямі таго часу, асірацелае дзіця мужчынскага полу павінна было гадавацца ў родных па лініі бацькі, каб набрацца ведаў пра свой род, асабліва, калі гэта быў наследнік роду.  У асірацелага ж Фелікса Лубенскага, якога гадавала бабуля Шэмбек, такіх родзічаў не было). Гэта адбывалася хутчэй за ўсё ў горадзе Бэлз на тэрыторыі так званай Чырвонай Русі (сёння Украіна). Прот застаўся пасля смерці свайго бацькі і дзеда (у 1766 г.) наследнікам велізарных зямельных уладанняў (большай часткай на тэрыторыі сучаснай Украіны) і капіталаў, якія ён пазней павялічыў праз шлюб з Марыяй Любамірскай.

Антоні Пратазій Патоцкі

Антоні Пратазій Патоцкі

Прот Патоцкі у 80-я гады ХVIII ст. заснаваў банкі ў Варшаве і іншых буйных гарадах, а на ўласных землях пабудаваў шэраг мануфактур: суконныя, панчошныя, мэблевыя, па вырабу фаянсавага посуду і інш. Як банкір ён намагаўся накіраваць польскі гандаль у кірунку Чорнага мора, быў адным з кіраўнікоў Кампаніі  Чарнаморскага гандлю. Тавары перавозіў на ўласных суднах. У найлепшыя гандлёвыя гады яго маёмасць ацэньвалася на 60-70 млн злотых. У 80-я гады ён купіў сабе пасаду Кіеўскага ваяводы, каб магчы спрыяць чарнаморскаму гандлю. Гаспадарчы крызіс, выкліканы ІІ падзелам Рэчы Паспалітай, прывёў Прота Патоцкага да банкруцтва. Рэшту жыцця ён ціха правёў у сваім маёнтку Махноўка на Украіне. Памёр ва ўзросце 40 гадоў і пахаваны, верагодней за ўсё, у Махноўцы.

Трэцім і самым удалым шлюбам Паўліны Шэмбек быў шлюб са старастам Ашмянскага павету, мечнікам літоўскім, дэпутатам сейму, князем Анджэем Агінскім (1740-1787). Шлюб адбыўся ў суседнім з Гузавам Медневіцкім касцёле 21 ліпеня 1763 года. У архіве парафіі св.Станіслава ў вёсцы Віскіткі (таксама непадалёк ад Гузава) у кнізе шлюбаў захаваўся акт пад нумарам 197 за 1763 год, у якім паведамляецца: “Гузаў. Панскі дом. Дня 21 ліпеня. Я, Адам Маркевіч, прэпазіт віскіцкага парафіяльнага касцёла, у Медневіцкім касцёле Айцоў Рэфарматаў змацаваў шлюбны кантракт паміж Найяснейшым Панам графам Анджэем з Казельска Агінскім, найвышэйшым мечнікам  Вялікага княства Літоўскага, старастам Ашмянскага павету, палкоўнікам Яго Каралеўскай Мосці і Рэчы Паспалітай, і Яснавяльможнай Пані графіняй Паўлай з дому Шэмбек, у І шлюбе Лубенскай, у ІІ шлюбе – Патоцкай, старасцінай Гузаўскай".

Пасля таго, як у Ашмянскім парафіяльным касцёле ў нядзельныя і святочныя дні былі зроблены тры абвяшчэнні аб шлюбе з боку Яснавяльможнага Анджэя Агінскага (паводле прадпісанняў правінцыйных сабороў і сінодаў), а з боку Найяснейшай Паўлы Патоцкай – у Віскіцкім парафіяльным касцёле, кананічных перашкод не было выяўлена. У ліку першых сведкаў я паблаславіў Правялебнага Дыянізія Сідру, у дадзены момант правінцыяла Велькапольскай правінцыі разам з усім медневіцкім канвентам Айцоў Рэфарматаў, а таксама Вяльможнага Пана Ізыдара Шэмбека са Слупава і мноства іншых сведкаў”.

Таццяна Кляшчонак

 

Каментаваць