Сцэнар балю Агінскага ў Залессі спісалі з “Вайны і міру”

27.01.2015 14:56Views:
vistСтанцаваць мазурку, абыграць карнета ў віст і разглядзець намёк прыгожай дамы ва ўзмаху яе веера была магчымасць у тых, хто 17 студзеня наведаў першы дабрачынны баль у музеі-сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі.

Пра падрыхтоўку да балю, само мерапрыемста і калі смаргонцам і гасцям горада давядзецца яшчэ раз прымераць на сябе ўборы пазамінулага стагоддзя “Рэгіянальнай газеце” расказала адна з арганізатараў балю дырэктар дабрачыннага фонду “Паў­ночныя Афіны М.К. Агінскага” Ала Шыцікава.

Студзеньскім суботнім вечарам у музей-сядзібу прыехала каля 80 гасцей. І каб не фотаапараты, тэлефоны і камеры, якія выдавалі тое, што дзеянне адбываецца ўсё ж у XXI стагоддзі, па ўборах гасцей можна было падумаць, што вось-вось на парозе сядзібы з’явіцца сам гаспадар Міхал Клеафас Агінскі і запросіць дарагіх гасцей унутр.

DSC04237.jpgпп

Нягледзячы на тое, што падрыхтоўка да балю пачалася яшчэ ў верасні, у дзень правядзення паў­сюль панавала імправізацыя. Распарадчык балю скамандаваў пачатак танцавальнай праграмы, і ўсе госці, нават тыя, хто бальныя танцы бачыў толькі па тэлебачанні, па ўзмаху рукі распарадчыка пайшлі танцаваць.

DSC04262.jpgпп

Як прызналася Ала Шыцікава, яна таксама ўдзельнічае і рыхтуе такое мерапрыемства ўпершыню, таму ўвесь сцэнар балю, які, дарэчы, доўжыўся чатыры гадзіны, падгледзелі ў Льва Талстога, у яго рамане “Вайна і мір”. Таму і баль у Залессі працаваў па прынцыпе салонаў. Ахвотныя маглі наведаць літаратурны або гульнявы салон. У гульнявым гасцей вучылі гуляць у старажытную картачную гульню віст. Усе госці на балі размаўлялі на беларускай мове.

DSC04208.jpgпп

Паколькі баль быў дабрачынным, напрыканцы свята зладзілі дабрачынны аўкцыён. На ім у якасці лотаў прадставілі вырабы мясцовых мастакоў і рамеснікаў. Самы дарагі лот каштаваў 600 тысяч рублёў. Ім была рэпрадукцыя карціны Леанарда Ходзькі “Залессе”. Набыў яе прадпрымальнік са Смаргоні Сяргей Залескі.

Грошы ад аўкцыёна і білетаў пералічаныя ў фонд “Паўночныя Афіны” і пой­дуць на набыццё новых экспанатаў у музей-сядзібу Агінскага.

Балі ў Залессі плануюць праводзіць рэгулярна. Але ці будзе восеньскі, прымеркаваны да дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага, гаварыць пакуль рана. Яшчэ не адгучаў паланэз першага, студзеньскага, балю.

Наталля Тур, "Рэгіянальная газета"
Фота Алег Ліс

Каментаваць