Калядная ноч (конкурс калядных апавяданняў)
Зіма ў той год была цёплая. Снегу не было, таму на душы ў людзей было вельмі цёмна і пахмурна. На возеры ў маёнтку Агінскага, як заўсёды, плавалі лебедзі і размаўлялі адно з адным:
- Што з людзьмі здарылася? Чаму яны такія сумныя і злыя? Чаму ходзяць і не звяртаюць увагі ні на нас, ні на наваколле? – сумна прамовіў адзін.
- Не ведаю, чаму яны такія. Раней заўсёды вясёлыя былі і добрыя. Хлебам нас кармілі, а зараз толькі і чуеш: ”Крызіс, крызіс, крызіс…” – сказаў другі.
- А давай ператворымся ў анёлаў і дапаможам людзям! На Каляды ўсе чакаюць цудаў!
…Каляднай ноччу Віфлеемская зорка аблашчыла святлом лебедзяў, і яны ператварыліся ў анёлаў!
Лебедзі-анёлы зазіралі ў вокны хат і ўсміхаліся дзецям, ад гэтага дзеці пераставалі плакаць і пачыналі ўсміхацца. Дарослым анёлы нашэптвалі калядныя песні, і дарослыя пераставалі сварыцца і сумаваць. Раніцай пайшоў снег, людзі павыбягалі на вуліцу і шчыра радаваліся. Яны не ведалі, што гэта падае белы пух з крылаў лебедзяў-анёлаў!
Белы снег ачысціў вочы і душы людзей, зрабіў іх светлымі. Парк Агінскага зноў стаў для людзей прыгожым. Маленькі хлопчык паглядзеў на лебедзяў, што плавалі па люстраной паверхні вады, і сказаў:
- Людзі! Зірніце, якія прыгожыя птушкі! У іх белыя крылы, быццам у анёлаў!