Каму пашкодзіў кампот з вішні? (конкурс калядных апавяданняў)
– Вось і Новы год сёння… Як час хутка ляціць. Прыедуць сёння дзеці з горада. Добра, што хоць унучку Настачку на канікулы прывезлі. Не сумна хоць, – па-старэчы размаўляла сама з сабой Зося, калі спускалася ў склеп па закаткі і кампот да навагодняга стала.
Настачка яшчэ з вечара папрасіла, каб бабуля да блінкоў на сняданак адкрыла слоік з кампотам.
Кампоты ў Зосі і сапраўды атрымоўваліся даўкімі, духмянымі. А вішнёвы, дык найсмачнейшы. Паўслоіка займалі вішні, якія захаваліся амаль такімі, якімі іх сарвалі летам з дрэва. Чырвоныя, буйныя, духмяныя…
– Настачка, дзетачка, уставай ужо. Хутка мама з татам прыедуць. Трэба ж хату ўбіраць, вы ж з горада і агеньчыкаў нейкіх навезлі, і ялінка стаіць у сенях, чакае, калі яе ўпрыгожваць будуць.
– Бабуля, а кампоцік будзе сёння, – у кухню прытэпала заспаная Настачка.
– Ідзі апранайся, будзе табе кампоцік!
Пакуль унучка снедала, Зося адкрыла слоік кампоту. Вішні высыпала ў сподачак, падала ўнучцы.
Настачка, заплюшчыўшы вочы ад прадчування асалоды паклада першую, самую буйную вішню і рот і … зморшчылася, скрывілася. Вішню выплюнула.
– Бабуля, вішня горкая!
– Ай-я-яй, як так? Няўжо кампот закіс? Ну не еш, я табе другі слоік адкрыю. Во добра, што паглядзелі.
– А х гэтымі ягадкамі што рабіць? Прыйдзецца выкідваць?
– Не, навошта. Апранайся, пойдзем курачак пакормім. Гэтыя з’ядуць.
Курыцы ў Зосі былі, сапраўды, як з галоднага краю.
Толькі бабуля з унучкай пераступілі парог хаты, як да іх ног набеглі пярэстыя курыцы.
– А ну кыш адсюль, чэрці! Настачка, высыпай вішні, а то з рук вырвуць, – крыкнула Зося ўнучцы.– І ружовыя вішні пасыпаліся на снег.
За варотамі загудзела і сціхла машына.
– Мама з татам прыехалі! – ускрыкнула Настачка.
Малая тут жа забылася і пра вішні, і пра курыц. Кінула да варотаў, павісла на шыі ў бацькі.
– А што вы прывезлі? – спытала Настачка, калі бацька адкрыў багажнік машыны і стаў вымаць адтуль сумкі.
– Быры сумкі, у хаце паглядзіш, – адказаў бацька. – Ну што, жанчыны, рыхтуйце стол. Я пастаўлю ёлку, каб Настачка ўпрыгожвала. А потым мне яшчэ трэба з машынай павазіцца. Я пакорпаюся ў гаражы гадзінку, потым да вас далучуся.
Навагодні вечар паціху ўступаў у свае правы. У хаце па тэлевізары ішоў фільм: “Іронія лёсу”. Жанчыны гутарылі, смяяліся і гатавалі салаты. Настачцы даверылі ўпрыгожваць ёлку.
Раптам дзверы ў хату расчыніліся на парозе стаяў разгублены тата Настачкі.
– Што зрабілася? Нешта з машынай?
– Ды не. Зоя Іванаўна, у вас там курыцы ўсе падохлі. Гляджу ляжаць ля куратніка, праз некаторы час зноў паглядзеў. Не варушацца.
– Ай-я-яй, што ж гэта робіцца, – залямантавала Зося і выбегла ў двор. – А божачкі, ды што ж такое, мае вы курачкі.
Услед за Зосяй у двор кінулася ўсё сямейства. Сапраўды, каля куратніка ляжалі ўсе курыцы. Зося адразу зразумела, што ўсе курыцы падохнуць маглі толькі ад таго. Яны наеліся сапсаваных вішань. Настачка заплакала.
– А ну марш у хату, – загадала мама Настачкі. – Цябе тут не хапала! – Мам, ну што ты плачаш? Ну шкада, але што ж зробіш. Давай ідзі таксама ў хату, мы з Віцем іх абскубем. На вясну табе куранят купім. Ну, ты ж сама казала, што з імі цяжка.
Навагодні вечар працягваўся. Хаця настой і быў сапсаваны, але паўдзыхаўшы яшчэ з гадзіну, Зося падумала, што ад свята ж нікуда не дзенешся і святкаваць трэба. Новы год адзначылі весела. Толькі, калі клаліся спаць, Зося, зірнуўшы ў сені на мех з пер’ем спытала ў зяця:
– Віця, а куды ты курыц падзеў?
– Ды пакінуў пакуль у куратніку. Заўтра з раніцы што-небудзь прыдумаем.
Усю ноч Зося варочалася, уздыхала. Вырашыла, што раніцай яшчэ раз гляне на сваіх курачак, не магла паверыць у тое, што цяпер у яе гаспадарцы няма гэтай вечна галоднай чэкарадзі. Ледзьве дачакалася світанку. Устала, пабегла ў куратнік.
Зайшла і абамлела. Усе курыцы роўненька сядзелі на жэрдзі, прыціскаючыся адна да адной. Жывыя. Абскубленыя. Голыя.
– От ужо дзе! Наеліся вішань, якія забрадзілі і пазасыналі! Пайшлі ў хату вас забяру, памерзніце ж, п’яніцы!
Зося па адной пераносіла курыц у хату. З хаты пачуўся смех. Спачатку мужчынскі, потым дзіцячы, потым квактанне курыц. І зноў дружны смех усяго сямейства.
Пачыналася раніца Новага года.