Музей у бібліятэцы
Рэчы народнага побыту — у бібліятэцы? Неверагодна, але факт. Сам быў вельмі здзіўлены, калі нядаўна заглянуў у Залескую бібліятэку. Цэлы пакой тут адведзены пад даўніну. Чаго толькі няма на падлозе, століках, насценных паліцах? Такое ўражанне, нібы трапіў у музей. Але гэта выстава. І называецца яна “Рукатворная спадчына”.
Загадчыца бібліятэкі Вольга Пачыкоўская паказала старадаўні патэфон. Яго прынесла Ірына Артамошына, чалавек вядомы, калісьці працавала начальнікам пашпартнага стала. І хоць жыве яна ў горадзе, але ў Залессі ёсць бацькоўская хата. У цёплую пару года Ірына Сяргееўна прыязджае сюды, наведвае бібліятэку.
Вольга Андрэеўна паклала на дыск патэфона старую, не раз слуханую-пераслуханую пласцінку, некалькі разоў пакруціла размешчаную збоку корпуса ручку, і невялікі пакой запоўніла бадзёрая мелодыя, пад якую на гулянцы можна было б пусціцца ў скокі. А яшчэ Ірына Артамошына падарыла бібліятэцы даматканы льняны ручнік, якому каля 100 гадоў. Гэты ручнік рыхтавала сабе ў пасаг яе бабуля Таццяна Мейсак, на рагу вышыты ініцыялы “Т М”. Выраб вельмі добра захаваўся.
Спачатку Залеская бібліятэка нічым не вызначалася сярод іншых — газеты, часопісы, кнігі. У 2006 годзе гэта ўстанова была пераўтворана ў бібліятэку новага тыпу і стала называцца “Бібліятэка — цэнтр этнакультурнай асветы “Спадчына”. Тады ж і паўстала пытанне: “А што, калі тут аформіць нешта накшталт краязнаўчага музея з фальклорным ухілам?”. Вольга Пачыкоўская пачала збіраць экспанаты. Некаторыя старадаўнія рэчы вясковага побыту аддалі сваякі, іншыя мясцовыя жыхары. Цяпер у пакойчыку, дзе размешчана выстава, амаль 70 экспанатаў.
Тут ёсць нават кросны, не цалкам, асобныя элементы. Побач ляжаць матавіла, берда. Мне адразу ж прыгадалася дзяцінства, вясковая хата, амаль палову якой займалі кросны. Ружовашчокая жанчына ў квяцістай хустцы спрытна прасоўвала пад туга нацягнутымі ніткамі абслізганы чаўнок, выконвала нейкую аперацыю доўгай і вузкай лінейкай, пастуквала рухомай рамкай з драўляных брусоў, іншым разам падкручвала за ручкі барабан, а калі трэба было, то націскала нагамі на педалі — доўгія драўляныя рычагі, прымацаваныя ўнізе кроснаў. І было бачна, як пакрысе павялічвалася, даўжэла квяцістае палатно. Звычайна ў хату, дзе стаялі кросны, збіралася нямала вяскоўцаў. У мясцовых гэта называлася вячоркамі. Пад ляскатанне самаробнага ткацкага станка гучала людская гамонка, не абыходзілася без песень. Цяпер такога няма.
У бібліятэцы можна ўбачыць працэс ператварэння лёну ў кудзелю, а потым і ў ніткі. Тут ёсць неабходныя для гэтага прылады: станок для трапання, часалкі з драўлянымі і металічнымі зубамі, калаўротак, катушкі, ці матавілы.
— Вось гэта машынка майго дзеда, — паказала на паліцу з рэчамі Вольга Андрэеўна. — Ён быў краўцом. А машынку мая прабабуля прывезла аж з Палтаўскай губерні, дзе разам з іншымі мясцовымі жыхарамі падчас ваеннага ліхалецця была ў бежанцах. Падарыла яе дзеду. І дзед шыў на ёй кажухі. У мяне нават захавалася пашытая дзедам куртачка. Дарагая для мяне рэч: гляджу на яе і ўзгадваю сваё дзяцінства. Потым мая дачка насіла гэту куртачку. Тым не менш яна добра захавалася. Напэўна, трэба прынесці ў музейны пакойчык у якасці экспаната, хай людзі паглядзяць, як калісьці шылі адзенне.
На падлозе заўважыў керагаз. Раней, калі ў вёсках яшчэ не было газу, яго выкарыстоўвалі для прыгатавання ежы. Рэч на той час вельмі неабходная. Пакуль распаліш у печцы дровы, пакуль яны разгарацца, то на керагазе за гэты час ужо можна нешта прыгатаваць, тую ж яешню.
Бібліятэчны пакой невялікі. І як толькі ў ім усё памясцілася. Немалы па памерах драўляны сундук, у якім захоўвалі калісьці бялізну, вялікі, сплецены з лазы кошык з двухстворчатай накрыўкай наверсе. У даўнія часы ў гэты кошык складвалі мяса, каўбасы і прывязвалі яго высока на гарышчы хаты, каб не залезлі мышы. Іншым разам Вольга Пачыкоўская пытаецца ў дзяцей аб прызначэнні гэтага кошыка. Яны не задумваючыся адказваюць: “З ім зручна хадзіць на пікнік”.
Упершыню ўбачыў тут самаробныя вагі. Не бязмен, а драўляную напольную пляцоўку з механізмам узважвання. Гэтае прыстасаванне прывёз у бібліятэку мясцовы мужчына. Ён нават карыстаўся ім — на кірмашы ўзважваў бульбу.
Архаічна выглядае ў параўнанні з сучасным прасам колішняе жалязка. У яго гаспадыня накладвала гарачых вуглёў з печы і пачынала прасаваць бялізну. Калі вугельчыкі пакрысе затухалі, жанчына размахвала жалязкам, у якім ёсць адтуліны, і ўнутры зноў успыхвалі яркія агеньчыкі. Побач з жалязкам размясціліся збан, у якім калісьці захоўвалі малако, біклажка, кацялок і лыжка, напэўна, нейкага салдата. Левы край лыжкі сцёрся, хутчэй за ўсё аб сценку кацялка — нехта вельмі доўга карыстаўся гэтаю лыжкай. Выдзеўбленае з драўлянай калодкі карытца, якое нагадвае сявеньку, Вольга Пачыкоўская забрала ў сваёй цёткі. Тая накладвала ў яго корм для курэй. Пляменніца палічыла, што дастойнае месца для гэтай рэчы ў музеі. Цяпер драўлянае карытца-сявенька знаходзіцца побач з сітам.
У Залескую бібліятэку прыходзяць не толькі мясцовыя жыхары, але і дачнікі, якія на лета прыязджаюць у гэтыя мясціны. Нямала школьнікаў. Іншым разам бібліятэкары (разам з Вольгай Пачыкоўскай працуе Тамара Паўлоўская) самі ідуць да людзей. Набіраюць у сумкі кніжак і выпраўляюцца ў дарогу. Такім чынам выконваюць даведзены план. Асабліва парупіцца прыходзіцца ў маі і верасні, калі мясцовыя жыхары заняты пасадкай агародаў і ўборкай ураджаю. Тады ім ні да паходаў у бібліятэку. Наведваюцца бібліятэкары ў Зарудзічы, Вётхава, Міхневічы, аб-слугоўваюць пенсіянераў.
Прыемна ўразіла, што Вольга Пачыкоўская пра бібліятэчныя справы, выстаўку рэчаў вясковага побыту распавядала на беларускай мове. Падумаў, што яна філолаг па адукацыі. Як пазней высветлілася, не. Ранейшая яе прафесія была далёкай ад сферы культуры. Вольга Андрэеўна адпрацавала адзінаццаць гадоў у гаспадарцы бухгалтарам. Але, як сказала сама, яе рамантычная натура прагла нечага іншага. Жанчына скончыла завочна Гродзенскі каледж мастацтваў, атрымала прафесію бібліятэкара-бібліёграфа і ўжо 10 гадоў працуе ў Залескай бібліятэцы — цэнтры этнакультурнай асветы “Спадчына”.