Музыка матулінай малітвы

13.10.2014 21:31Views:
жих-1-ц-198x300Мнагадзетная маці, музыкант, кіраўніца парафіяльнага хору Іна ЖЫХ сёлета будзе прадстаўляць Смаргоншчыну на традыцыйнай сустрэчы ў аблвыканкаме, прысвечанай Дню маці.

Іна Васільеўна – чалавек вядомы дзякуючы сваёй прафесіі музыканта і няўрымсліваму жаданню дарыць радасць, прыгажосць, гармонію. Разам з мужам Чэславам выгадавалі пяцёра дзетак. Усе сыны і дочкі атрымалі музычную адукацыю. Ды і хіба магло быць інакш, калі, носячы дзетак пад сэрцам, іх маці іграла на скрыпцы, спявала, малілася словамі і мелодыяй. Дзеткі раслі ў атмасферы духоўнасці, матулін голас зліваўся з гукамі музычных інструментаў, якія станавіліся іх першымі цацкамі. Дзіцячыя захапленні сталі для некаторых прафесіяй. Выдатны музыкант старэйшы сын Дзіма, які зараз жыве з сям’ёй у ЗША. Дачка Яна працуе ў Смаргонскай школе мастацтваў імя Агінскага. Паўліна – студэнтка ўніверсітэта культуры. Дамінік і Марк пакуль не вызначыліся з выбарам прафесіі, але валодаюць рознымі інструментамі.

Сямейны ансамбль Жыхаў удастоены звання “народны”. Гэта сям’я была пераможцай раённага і абласнога конкурсаў сярод мнагадзетных. Народны ансамбль “Субіта” і ўзорны “Гулянок”, якімі кіруюць Іна і Чэслаў Жыхі, — дыпламанты і лаўрэаты шматлікіх конкурсаў, удзельнікі фестываляў, канцэртаў, святаў.

Ордэнам Маці Іна Васільеўна была ўзнагароджана ў 2006 годзе. Гэту ўзнагароду яна ўспрымала заўжды як аванс. Па яе перакананнях, нарадзіць дзіця мала, трэба яшчэ выгадаваць яго годным чалавекам: не толькі навучыць хадзіць і гаварыць, а загартаваць сваёй любоўю, натхніць на вартаснае жыццё, каб крочыў упэўненай хадой і гаварыў разумна. З вялікай адказнасцю Іна Жых ставіцца да выхавання і сваіх родных дзетак, і вучняў, якія таксама яе дзеці. Колішняя вучаніца Аня Тарнацкая стала музыкантам, цяпер працуе загадчыцай аддзялення ў Мінскай школе №13. Другая выхаванка, Валерыя Неўская, студэнтка Лідскага музычнага вучылішча. А цяперашняя вучаніца Янечка Шаюк паспяхова выступае на розных конкурсах, падае добрыя надзеі.

Нямногія ведаюць: каб стаць прафесіянальным музыкантам, трэба вучыцца мінімум дзесяць гадоў. Каб атрымаць вышэйшую музычную адукацыю, спатрэбіцца яшчэ пяць гадоў. А каб стаць Маці з вялікай літары, спатрэбіцца ўсё жыццё, прычым без водпускаў і выхадных. Але ўзнагарода – шчаслівы лёс дзетак – таго вартая.

Ала СТРАШЫНСКАЯ, "СШ"
Фота аўтара

Каментаваць