Паланэз

04.10.2014 16:48Views:
avaМожна доўга спрачацца, што ж гэта было – рэстаўрацыя ці еўрарамонт, але факт застаецца фактам: палац Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі на Смаргоншчыне ўрачыста адкрыты. І нават выглядае няблага.

Падзея была лагічна прымеркаваная да дня нараджэння палітыка і кампазіра. Атрыбуты ўрачыстай цырымоніі прысутнічалі - ганаровыя госці, сімвалічны ключ ад сядзібы і пераразанне стужкі прайшлі ў штатным рэжыме. Потым у адноўленым кабінеце Міхала Клеафаса прайшла прэзентацыя выставы Дзяржаўнага музея гісторыі музычнай і тэатральнай культуры Рэспублікі Беларусь, створанай па матэрыялах архіва кампазітара. У тэатральна-музычнай зале можна было ўбачыць ўрывак са спектакля «Фантазія ля мінор» па п'есе Уладзіміра Драздова.

Зазвычай 25 верасня ў Паўночных Афінах – цудоўнае надвор’е. Сёлета традыцыя была парушана пахмурным і вельмі халодным надвор’ем. Сітуацыю ратаваў унутраны дворык маёнтка, дзе і адбыўся канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга… Падзея знакавая для Залесся! Трапіць туды маглі далёка не ўсе жадаючыя: уваход на імпрэзу быў па запрашэннях, якіх на ўсіх не хапіла. Зрэшты, моцнай аховы не было і была магчымасць трапіць у дворык. Ці пастаяць за турнікетам… Або далучыцца да мастацтва на ўзвышшы ля альтанкі Амеліі… Іншая справа, што прыйшлося пастаяць.

“Інтравертны” стыль мерапрыемства можна растлумачыць пытаннямі бяспекі прысутных vip-персон, але ў будучыні ад залескіх канцэртаў хочацца больш цеплыні і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Адразу ж згадваецца традыцыйная “Мацэрціяна” ў Аліўскім парку польскага Гданьска, дзе ўсім жадаючым таксама не хапае месцаў, але людзі прыходзяць са сваімі стулікамі, пледамі, гарбатай у тэрмасах і… проста слухаюць музыку разам…

Ці “дарасцём” мы да такога нефармальнага фармату творчых сустрэч у Паўночных Афінах? Было б здорава… І працы ў гэтым накірунку – непачаты край!

2015 год абвешчаны  ЮНЭСКА годам М. К. Агінскага – асобы неідэальнай, супярэчлівай, але бясспрэчна таленавітай. Застаецца ўпарадкаваць парк, сад, возера ды млын. І працаваць над сабой… Дэдлайн блізка.

Дар'я Ліс
Фота Галіны Мацюшэнка

 

Каментаваць